«Трагедыя Оскара Ўайлда была апісаная тымі, хто ведаў бацьку, тымі, хто яго любіў, тымі, хто яго ненавідзеў, і нават тымі, хто ніколі з ім не сустракаўся. Таму, думаю, для паўнаты карціны будзе дарэчы расказаць гэтую гісторыю ад імені тых, хто бязвінна пакутаваў і не разумеў, чаму да іх ставяцца так варожа» (Вівіян Холланд)
Пра шумны працэс над Оскарам Ўайлдам ведаюць нават тыя, хто ангельскай літаратурай асабліва не цікавіцца. Абвінавачанне ў «непрыстойных паводзінах» (а пад імі падразумяваліся гомасэксуальныя сувязі), па якім пісьменніка арыштавалі адразу ж пасля таго, як пачаты Ўайлдам працэс супраць бацькі Алфрэда Дугласа маркіза Куінсберы, скончыўся апраўданнем апошняга, выклікала шырокі рэзананс, што для тагачаснага грамадства было нядзіўна. Варта згадаць хаця б той факт, што поўны тэкст споведзі «De Profundis», напісанай Ўайлдам падчас двухгадовага турэмнага зняволення, выйшаў толькі ў 1962 годзе, то бок праз 57 гадоў пасля першага выдання яе скарочанага варыянту.
©Napoleon Sarony. Серыя знакамiтых фотаздымкаў пiсьменнiка была зроблена ў 1882 годзе
Пра тое, як адбываўся судовы працэс, а таксама пра тое, як Ўайлд жыў пасля вызвалення з турмы, напісана нямала кніг. Малодшы сын пісьменніка Вівіян Холанд прызнаваўся, што амаль нічога з гэтага не чытаў, каб абараніць сябе ад бруду, які ён у многіх з гэтых кніг хутчэй за ўсё знайшоў бы і якім яго бацьку ў той час палівалі на кожным кроку. Калі згадаць толькі асноўныя факты гэтай справы, то ў 1891 годзе Оскар Ўайлд пазнаёміўся з Алфрэдам Дугласам, з якім у яго завязаліся стасункі, 18 лютага 1895 года бацька апошняга, маркіз Куінсберы, пакінуў пісьменніку ў клубе візітоўку з надпісам «For Oscar Wilde, posing somdomite» [менавіта так, з дзвюма «m» — Аўт.], Ўайлд падаў на маркіза ў суд, а пасля апраўдальнага прыгавору сам быў арыштаваны і неўзабаве трапіў у Рэдынгскую турму, адкуль выйшаў толькі 19 траўня 1897-га, а 30 лістапада 1900 года памёр у выгнанні ў Францыі. Пра жонку пісьменніка Канстанс Ўайлд усе ведаюць тое, што яна з ім не развялася і памерла ў 1898 годзе. Пра дзяцей — што ім далі новае прозвішча, Холанд, і што пасля суду яны больш ніколі з бацькам не бачыліся.
©Jacob Epstein. Эцюд да магiлы Оскара Ўайлда
Ва ўступе да кнігі «Сын Оскара Ўайлда» (Son of Oscar Wilde, 1954) Вівіян Холанд напісаў наступнае (цытуецца паводле рускага перакладу): «Трагедыя Оскара Ўайлда была апісаная тымі, хто ведаў бацьку, тымі, хто яго любіў, тымі, хто яго ненавідзеў, і нават тымі, хто ніколі з ім не сустракаўся. Таму, думаю, для паўнаты карціны будзе дарэчы расказаць гэтую гісторыю ад імені тых, хто бязвінна пакутаваў і не разумеў, чаму да іх ставяцца так варожа». У прадмове сын Вівіяна Холанда і ўнук Оскара Ўайлда Мэрлін Холанд цытуе ўрывак з успамінаў блізкага сябра бацькі, Алека Во, дзе гаворыцца пра прымірэнне Вівіяна Холанда са сваім мінулым: «Вівіян вельмі любіў маці, ён бачыў, якія пакуты прыносіла ёй сямейная трагедыя. Ён лічыў бацьку вінаватым у тым, што той наклікаў усе гэтыя няшчасці. З іншага боку, прывязанасць да бацькі не дазваляла Вівіяну неяк яго асуджаць. У такой сітуацыі было лепш захоўваць маўчанне Падчас вайны ён ажаніўся з Тэльмай Бесант, якая вырасла ў тыя гады, калі «скандал дзевяностых» сціх; яна лічыла імя Оскара Ўайлда вартым захаплення і гордасці. Паступова і вельмі далікатна ёй удалося разбурыць сцяну маўчання, узведзеную Вівіянам ва ўласнай душы...» Вынікам гэтага прымірэння з самім сабой і зрабілася «Сын Оскара Ўайлда», успаміны пра дзяцінства, якое прайшло ў цені судовага працэсу па справе «Каралева супраць Оскара Ўайлда».
Мэрлін Холанд ля магiлы Оскара Ўайлда. Фота з сайта www.thehistoryblog.com
Пра сам працэс Вівіян Холанд не піша амаль нічога — на той момант яму было каля васьмі з паловай гадоў. Аднак ён расказвае пра хатнюю абстаноўку напярэдадні суду, якой яна бачылася маленькаму хлопчыку, і пра наступныя гады выгнання. «Усе маленькія хлопчыкі вельмі любяць сваіх бацькаў, і мы любілі нашага; як і любы добры бацька для ўласнага дзіцяці, ён быў для нас з братам сапраўдным героем. Ён быў такі высокі, такі высакародны і, на нашую неаб’ектыўную думку, такі прыгожы. У ім не было абсалютна нічога ад пачвары, якой яго спрабуюць выставіць тыя, хто яго не ведаў і ніколі не бачыў. Ён быў нам сапраўдным сябрам, мы заўсёды чакалі яго з’яўлення ў нашым дзіцячым пакоі, і ён любіў да нас прыходзіць».
Старэйшы на паўтара года брат Сірыл сутыкнуўся з сямейнай бядой раней, чым малодшы Вівіян, і атрымаў нашмат глыбейшую траўму. Ён больш заўважаў і разумеў, а адасланы на час суду ў Ірландыю да сваякоў, прачытаў выпадкова забытыя дарослымі газеты, і гэта моцна на яго паўплывала. Лёс Сірыла склаўся трагічна: Вівіян піша, што ён зрабіўся замкнёным чалавекам, на чыім твары рэдка з’яўлялася ўсмешка, і ўсімі сіламі хацеў адасобіцца ад усяго, што звязвала яго з бацькам (калі ў адным з гатэляў маці хлопчыкаў пачалі «місіс Ўайлд», у адзін момант Сірыл абарваў менеджара, сказаўшы, што яе завуць місіс Холанд). У далейшым ён абраў вайсковую кар’еру, даслужыўся да капітана і загінуў падчас Першай сусветнай вайны: 9 траўня 1915 года яго забіў нямецкі снайпер. Незадоўга да смерці ён пісаў брату (Вівіян цытуе ў сваёй кнізе гэты ліст): «Мне было дзевяць, калі я ўбачыў першы плакат. Ты быў побач, але нічога не заўважыў. Гэта было на Бэйкер-стрыт. Я спытаў, што гэта значыць, і мне далі няпэўны адказ. Я не мог супакоіцца, пакуль усё не высветліў».
©The British Library. Студыйны фотаздымак Оскара Ўайлда i лорда Альфрэда Дугласа
Як дарослыя ні спрабуюць схаваць дзяцей ад нягодаў, зрабіць гэта не атрымліваецца. Вівіян расказвае пра тое, як зніклі іх з Сірылам любімыя цацкі, і пра тое, як ён не мог зразумець, чаму пытанні пра цягнікі і салдацікаў выклікаюць на вачах маці слёзы — цэлая скрыня дзіцячых цацак сышла на аўкцыёне за мізэрныя грошы, як і многія каштоўныя рэчы і кнігі. Ён успамінае пра многія замоўчванні і недагаворкі, якія часам прыводзілі да абсурдных сітуацыяў. Да васямнаццаці гадоў Вівіян не ведаў, у чым была сутнасць выстаўленых бацьку абвінавачанняў, і так мала ўяўляў бацькава жыццё, што калі яго пазнаёмілі з Робертам Росам, адным з найбліжэйшых сяброў Ўайлда і яго павернікам, які дапамог пісьменніку ўладкавацца пасля турмы і апекаваўся яго творчай спадчынай пасля яго смерці, імя Роса нічога Вівіяну не сказала.
Цень судовага прыгавору пераследаваў сям’ю Холандаў нават за мяжой. Калі ўладар швейцарскага гатэля, дзе Холанды спыніліся неўзабаве пасля суду, пастараўшыся як мага хутчэй з’ехаць з Англіі, дазнаўся, хто насамрэч яго пастаяльцы, ён даў ім зразумець, што іх прысутнасць у гатэлі непажаданая. «Сірылу было амаль адзінаццаць, а мне толькі дзевяць, а мы ўжо зрабіліся ізгоямі, персонамі нон грата ў вачах швейцарскага службоўца».
Менавіта таму амаль ніхто ў далейшым атачэнні Вівіяна не даведваецца, хто насамрэч гэты хлопчык. Ён хаваецца пад чужым імем (першыя свае восем з паловай гадоў ён пражыў як Вівіян Оскар Берэсфард Ўайлд — такім чынам, потым яму змянілі не толькі прозвішча, але і з трох імёнаў пакінулі адно) і пра сваю таямніцу нікому не расказвае. Толькі скончыўшы ўніверсітэт — Трыніці-коледж, Кембрыдж, юрыспрудэнцыя, — ён адкрыў сакрэт некалькім самым блізкім сябрам, сярод іх Джошуа Гудлэнду. У сваіх успамінах Вівіян прыводзіць словы, якія сказаў яму тады сябар: «Я заўсёды думаў, што з табой звязаная нейкая загадка. Цяпер я ведаю, якая. Але хіба гэта нешта мяняе? Твой бацька быў вялікім пісьменнікам, — і дадае ад сябе: — Яго словы падбадзёрылі мяне як нішто ў свеце».
©Kenneth Rougeau
Гісторыя, расказаная Вівіянам Холандам у кнізе «Сын Оскара Ўайлда», — гэта гісторыя прыняцця сябе і сваёй сям’і, а таксама гісторыя паступовага вызвалення ад рамак, якія накладала на чалавека віктарыянскае грамадства. Ён усё больш дазнаецца пра свайго бацьку і аспрэчвае міфы, якія склаліся вакол яго пасля суду. Сярод іх — міф пра тое, што Оскар Ўайлд не любіў калектыўныя («мужчынскія») віды спорту. Вівіян перамагае свой страх даведацца праўду пра бацьку, а таксама сваю сарамлівасць, якая, паводле яго словаў, мучыла яго ўсё жыццё, пачынаючы з дзяцінства, праз што яму было вельмі складана заводзіць сяброў. Сваю кнігу сын Оскара Ўайлда заканчвае наступнымі словамі: «Цяпер, калі Оскар Ўайлд вярнуў сабе пазіцыі ў літаратуры, страчаныя ў 1895 годзе, я спадзяюся, што яго душа суцешылася. І, бадай што, ён мог бы сказаць пра сябе так, як кажа Малады кароль у «Гранатавым дамку»: «Адзежы мае былі вытканыя на ткацкім станку Скрухі белымі рукамі Болю». Магчыма, тое самае Вівіян Холанд мог бы сказаць і пра сябе.