Раман «Гісторыя Служанкі» выйшаў у 1985 годзе і некалькі гадоў не знікаў са спісаў бэстсэлераў...
«Гісторыя Служанкі» выйшла ў 1985 годзе і некалькі гадоў не знікала са спісаў бэстсэлераў, а таксама намінавалася на шэраг прэстыжных літаратурных прэміяў (у тым ліку на Букераўскую, якую Маргарэт Этвуд, аднак, атрымала толькі ў 2000 годзе за раман «Сляпы забойца»). Неўзабаве паводле рамана з’явіліся радыёпастаноўка і опера, твор быў адаптаваны для тэатра, а ў 1989 годзе рэжысёр Фолькер Шлёндарф зняў фільм, сцэнар для якога напісаў будучы нобелеўскі лаўрэат, брытанскі драматург Гаральд Пінтэр. Такая папулярнасць рамана сведчыць пра тое, што праблемы, радыкальна ўзнятыя ў творы, былі не надуманыя і сапраўды хвалявалі людзей. Хвалявалі настолькі, што для асэнсавання гэтых праблемаў спатрэбіўся твор у жанры антыўтопіі, дзе апісваецца дзяржава ці нават мадэль уладкавання свету, у якой перамагла тая ці іншая негатыўная тэндэнцыя грамадства. У дадзеным выпадку патрыярхат, легалізаваны з дапамогай пераасэнсаваных на карысць такой формы сацыяльнай арганізацыі тэкстаў Святога Пісьма.
Кадр з фільма Фолькера Шлёндарфа 1989 года
Што ж такое адбылося ў пачатку 1980-х гадоў, выклікаўшы ў пісьменніцы такі рэзкі водгук? Чытаючы раман-антыўтопію Джорджа Оруэла «1984», лёгка ўявіць, адкуль у 1949 годзе з’явіўся страх перад таталітарызмам, аднак чытаючы сёння «Гісторыю Служанкі», не адразу разумееш, што зрабілася штуршком для напісання гэтага твора і якую небяспеку ў грамадстве бачыла пісьменніца. Намаляваная ў рамане будучыня здаецца з сённяшняй перспектывы немагчымай, і ўсё ж падставы для апакаліптычных прадказанняў і папярэджанняў былі і тады, і цяпер.
У першай палове 1980-х сэксуальная рэвалюцыя паступова саступае месца сэксуальнай контррэвалюцыі — пэўнаму адыходу ад прынцыпаў сэксуальнай свабоды, якія пачынаючы з 1960-х завалодвалі ўсё большай колькасцю розумаў, не толькі моладзі, але і людзей больш сталага веку. Паўплывала на гэта сярод іншага і распаўсюджанне ў свеце СНІДу, прырода якога акурат тады актыўна даследавалася. У 1979 годзе да ўлады ў Вялікабрытаніі прыходзіць прэм’ер-міністр Маргарэт Тэтчэр, а ў 1981 годзе прэзідэнтам ЗША робіцца Роналд Рэйган: уплыў кансерватыўна настроенай часткі насельніцтва ўзмацняецца. У рэлігійных колах чуваць усё гучнейшая крытыка наступстваў сэксуальнай рэвалюцыі, і феміністкі пачынаюць біць трывогу, баючыся, што ўсе дасягненні апошніх дзесяцігоддзяў у галіне правоў жанчыны могуць быць зведзеныя на нішто.
Кадр з фільма Фолькера Шлёндарфа 1989 года
Такое развіццё падзей цягне за сабой у рамане «Гісторыя Служанкі» нечаканыя наступствы: у нейкі момант увесь дзейны ўрад знішчаецца, і ў краіне ўсталёўваецца ваеннае становішча. Неўзабаве ўсе банкаўскія рахункі, што належаць жанчынам, блакуюцца: цяпер грошы з іх могуць належаць толькі мужчынам — найбліжэйшым сваякам былых уладальніц. Жанчын звальняюць з працы, і грамадства паступова пачынае расслойвацца на касты: уладныя эліты, абслуга, каста эканом-класа (мужчыны гэтай касты могуць дазволіць сабе хіба што Эканажонку), ізгоі.
Адказы на любыя пытанні жыхарам Галаада, выдуманай Маргарэт Этвуд дзяржавы, прадпісана шукаць у Бібліі. Праз кепскую экалогію большасць жанчын не здольная нарадзіць здаровае дзіця, і таму тыя, хто можа гэта зрабіць, належаць дзяржаве. Яны нараджаюць дзяцей для найвышэйшай касты — Камандораў і іх Жонак: у Бібліі такія выпадкі згадваюцца. Ці можа Жонка ўдарыць Служанку? Можа, але толькі рукой, не прадметам: у Бібліі апісваецца прэцэдэнт. Нягледзячы на гэта, хрысціянства, рэлігія, вера тут ні пры чым: гэта толькі адзін з палітычных інструментаў, які дапамагае кіраваць людзьмі. Яшчэ адзін з такіх інструментаў — мова: рэгламентаваныя вітанні сярод Служанак, рэгламентаваныя тэмы для размоваў, прадвызначаны набор назваў для ўсяго, з чым сутыкаецца чалавек. Словы дапамагаюць легалізаваць гвалт і ператварыць жаночае цела ва ўласнасць дзяржавы. Забароненая нават гульня «Эрудыт», у якую цішком гуляюць Камандор і Служанка Фрэдава (імя Служанкі ўтвараецца ад імені таго Камандора, у чыёй сям’і яна жыве), бо ў гэтай гульні з літараў трэба складаць забароненыя словы, якія даўно выйшлі з ужытку. Вытокі такога маніпулявання Фрэдава шукае ў мове, якой яна была раней. Калі існуе панібрацтва, то чаму няма панісястрынства (гэта нешта з польскай мовы, жартам зазначае адзін з герояў кнігі)? У чым сапраўдны сэнс мужчынскага выразу «я б яе ўлажыў» і нават «ці ляжа яна са мной?», Фрэдава пачынае разумець, лежачы ў Камандоравым ложку.
Кадр з фільма Фолькера Шлёндарфа 1989 года
Жанчынам у рамане даводзяць, што яны абароненыя. Ад гвалту, непрыстойнасці і несправядлівасці, у тым ліку ад той несправядлівасці, калі адна жанчына падабаецца многім мужчынам, а другая — ніводнаму. У дзіўным новым свеце Маргарэт Этвуд жанчынам больш не трэба ні за што змагацца, яны, паводле словаў аднаго з Камандораў, могуць спакойна выконваць сваю прыродную функцыю. Аднак большасці мужчынаў гэтая пашыраная версія патрыярхату таксама прывілеяў не дае. Усе прывілеі мусяць здабывацца імі спадцішка, крадком, кожны ведае, што выкрыццё пацягне за сабой пакаранне. Камандоры час ад часу зазіраюць да прастытутак, якім у сваю чаргу ў вольны ад працы час не перашкаджаюць завязваць паміж сабой стасункі (і гэта адзінае ратаванне для лесбіянак, якім у новым грамадстве месца няма), дактары прапаноўваць сваю дапамогу тым, хто не можа зацяжараць, а Служанкі бегаюць цішком да маладых работнікаў. Мужчыны падпарадкоўваюцца новаму ладу і шукаюць у ім пралазы, жанчыны падпарадкоўваюцца новаму ладу і спрабуюць лаяльнасцю заслужыць ільготы. Нязгодных абодвух палоў цкуюць і першыя, і другія.
У прадмове да рускага выдання перакладчыца Анастасія Грызунова піша: «Здавалася б, што нам да былых і будучых бітваў свядомасці ў зусім іншай краіне, якой, можа, і існаваць не будзе? Але раман гэты яшчэ ніколі не гучаў у нашай частцы свету так востра і актуальна. Уключы тэлевізар — і з высокай імавернасцю праз дзесяць хвілін убачыш Рэспубліку Галаад у дзеянні».
Кадр з фільма Фолькера Шлёндарфа 1989 года
Сама ж Маргарэт Этвуд, не жадаючы, каб яе раман успрымаўся выключна як фемінісцкая антыўтопія, неаднаразова казала, што ніводнай са згаданых у творы формаў уціску яна не выдумала. Напрыклад, Служанкі ў рамане мусяць апранацца ў чырвоныя сукенкі — і гэта наўпрост адсылае да рамана амерыканскага пісьменніка Натаніэля Готарна «Пунсовая літара» пра пурытанаў, галоўная гераіня якога ў якасці пакарання павінная да канца жыцця насіць вышытую на адзенні пунсовую літару «А». Калекцыя абмежаванняў, якія накладаліся на жанчын (ды і на мужчын таксама), збіралася пісьменніцай у розных эпохах — і мусіць нагадваць пра тое, што ўсё гэта мы ўжо праходзілі. А як зазначыла ў прадмове Анастасія Грызунова, «звычка да таталітарызму так хутка не памірае».
Літаратура:
1. Макей, Наталля. Фемінісцкая версія антыўтопіі ў рамане Маргарэт Этвуд «Гісторыя Служанкі» // Актуальные исследования англоязычных литератур: междунар. сб. науч. ст. Вып. 7. Классики и современники / под общ. ред. А. М.Бутырчик. — Мн.: РИВШ, 2008.
2. Этвуд, Маргарет. Рассказ Служанки / пер. А. Грызуновой. — М.: «Эксмо», 2006.
3. The Handmaid's Tale (SparkNotes Literature Guide Series). — Рэжым доступу: http://www.sparknotes.com/lit/handmaid/.
Ганна Янкута для MAKEOUT