8 лютага 2016

Маша

2 515
«Калі б не гэтыя месцы, я б, напэўна, не справілася. Не ведаю, дзе б я цяпер знаходзілася, нават уявіць не магу. Таму што менавіта гэтае месца табе і паказвае, што ты можаш сябе адчуваць спакойна, бо ты не адзін»
Изображение: Виктория Ломаско
Не памятаю, каб былі нейкія іншыя вечарыны. Цяпер ёсць выбар. Тады гэта было адзінае месца, куды можна было пайсці. Гэта было самае ўтульнае, напэўна, месца, там, дзе не было ніякіх правілаў. Ну як? Строгіх. Цяпер — гэта табе фэйс-кантроль, дрэс-код… А тады ты мог пайсці, у цябе нават пашпарт не пыталіся. Ты мог спакойна пайсці туды адпачыць сярод сваіх. То бок, у асноўным, знаёмых. А калі незнаёмыя, дык ты акурат там і знаёміўся.

Вядома, я прыйшла туды не адна. Пасля ўжо пачала хадзіць адна, бо ведала, што заўсёды сустрэну тых людзей, якія былі на Паніцы, і проста знаёмых. Было, у прынцыпе, вядома, каго ты там пабачыш. У асноўным было вузкае кола людзей, якія туды хадзілі. Там усе былі свае, не было нікога лішняга. Ну, і мужчыны там рэдка з’яўляліся. У асноўным там былі дзяўчаты.

Я адчувала сябе цалкам свабодна. Там, канечне, было ўсё — ад сэксу і боек да дрэннага адчування. Цяпер я такога не бачу. Цяпер усё строга, ахова больш строгая. Умовы такія, што калі штосьці такое выкінеш, болей там не з’явішся. І гэта правільна. Але там [на Вавілава] такой дысцыпліны я не бачыла. Усе вытваралі, што хацелі. Можа быць, у той час мне гэта не здавалася нейкай такой распустай. Для мяне гэта было нармальна. Я сама спазнавала ўсё гэта… Па-мойму, гэта цалкам нармальна, калі людзі напіваюцца і хочуць адно аднаго. Можа быць, цяпер ужо такія часы, што яны едуць дадому, калі гэта разумеюць.

Ну, і я б не сказала, што гэта была вечарына, як цяпер робяць — дыскатэка. Гэта ўсё адно больш было такое… Баўленне часу з сябрамі, бо ты ведаў, што там заўсёды будуць свае. Там ніхто табе не будзе казаць, што ты дрэнна выглядаеш, што ты няправільна выглядаеш, няправільна сябе паводзіш…

«Гэта проста месца. Гэта проста час. Адведзены час для нас. Няважна, што там грае і што адбываецца. Важна, хто там знаходзіцца»


Для мяне гэта быў пачатак, я сябе адчувала камфортна. Там шмат чаго адбывалася — і знаёмствы, і раставанні, чаго толькі не было. Калі шчыра, я не сумую па тых часах. Проста… Усё ідзе далей, расце, развіваецца. Цяпер нашмат лепей. Цяпер гэта не падобна на тое, што мы недзе сядзім у закрытым памяшканні, хаваемся ад усіх і неяк адрозніваемся. Мы не адрозніваемся. Мы гэтак жа адпачываем, як і ўсе. А тады мы былі закрытыя. Цалкам.

Цяпер ты бачыш шмат розных людзей і не разумееш — хто яны, і што яны тут робяць, і чаму яны пачынаюць часцей сюды прыходзіць? [пра сучасныя вечарыны] А тады ўсе былі свае. Ты гэтыя твары бачыў на Паніцы, тыя самыя твары ты бачыў і там… Для мяне гэта быў не клуб, а проста начное баўленне часу там, дзе можна было патанчыць. Вядома, на Паніцы мы сабе такога не маглі дазволіць, а танчыць хацелася ўсім. Ну вось, Смайлік пачаў рабіць такія вечарыны.

Шоу-праграма праходзіла. Я сама асабіста там выступала пару разоў. Я танчыла ў ролі мужчыны, то бок як у травесці-шоу. Сама ўсё рабіла — прыдумляла вобразы, касцюмы, танец. Але хапіла мяне на два разы толькі… Я ўвогуле чалавек уражлівы, таму я заўсёды хвалююся. Я хвалявалася, але сярод сваіх пасля ўсё роўна хутка супакойваешся, разумееш, што яны цябе пазнаюць, разумеюць, хто ты… Гэта цікава. Заўсёды можна было прапанаваць [свой нумар]. Смайлік не адмаўляла.


Маша

© Для ілюстрацыі гісторый мы выкарысталі працы мастачкі Вікторыі Ламаска. Гэта своеасаблівы графічны рэпартаж, замалёўкі з паўзакрытых лесбійскіх клубаў. Пра праект «18+» падрабязней можна прачытаць тут.


Мне гадоў 16-17 было, я дакладна памятаю, што была непаўналетняя. Калі ўсё закончылася, я ўжо не памятаю. Гэтыя вечарыны сталі вельмі рэдкімі, яшчэ нейкі час Смайл іх рабіла — я нават не помню, ці то раз на паўгода, ці то раз на год.

Я хадзіла рэгулярна. Старалася. Дабіралася туды, як магла. У тыя часы не было ні працы, нічога — гэта ж школа. Грошай асабліва няма, ты дабіраешся на метро, я ўсё гэта добра памятаю, як ты спіш у вагоне, калі едзеш дамоў. Туды — таксама. Калі не паспеў на апошні цягнік — пешшу. Праз парк Чалюскінцаў хадзілі пешшу. Гэта, канечне, адлегласці такія… Але ішлі… Я ніколі, напэўна, не карысталася таксі, калі ездзіла на Вавілава. Тады ў мяне не было магчымасці. Нават на нумар, памятаю, я з касцюмамі, з сумкай цягнулася праз парк Чалюскінцаў. Але гэта ўсё роўна ў нейкай ступені было здорава. Для мяне гэта проста было ўтульнае месца.

Вядома, былі песні «Начных снайпераў», Земфіры, — тое, што ў асноўным тэма слухае і любіць. Такая музыка карысталася поспехам. Яна і цяпер… Уключы ім «Рамонкі», яны вар’яцеюць, спяваюць. Тады можна было ставіць арыгіналы. Гэта было крута. Танцпол быў поўны, так, там танчылі — усюды. Танцпол — круглы такі, з падсветкай. Цяпер зусім іншыя вечарыны і зусім іншыя месцы. А Вавілава і ёсць Вавілава — гэта ж сталовая. Яно не змянялася.

Мяне прывялі на Паніку акурат у той момант, калі там нікога не было. Я з дзяўчынай пазнаёмілася праз інтэрнэт, мы з ёй сустрэліся, яна проста прывяла і сказала: вось месца, дзе ўсе збіраюцца. Цяпер тут, праўда, нікога няма, але… Прыходзь у любы час, ты тут можаш пазнаёміцца, калі цябе гэта так цікавіць. Мяне гэта цікавіла. Таму я туды пайшла. Я знаёмілася. Шмат з кім я пазнаёмілася дзякуючы Вавілава. Мы памятаем усе адно аднаго. Цяпер, канечне, я мала каго бачу з Вавілава. Не ведаю, куды ўсе зніклі. Усё захавалася ў нейкіх адчуваннях, эмоцыях… Гэта ўсё роўна нейкі жыццёвы вопыт.

«У любым разе, гэта тое месца, дзе я магла сябе адчуваць камфортна. Таму што, вядома, у школе, сярод аднакласнікаў, тых самых сваякоў ты сябе так не адчуваеш. А там… Там ты мог пра гэта забыць»

Ты заўсёды адчуваў сябе нечым асобным, не такім, як твае аднакласнікі. Куча ж была ўсякіх размоваў, нават з настаўнікамі, калі яны пачынаюць казаць, што вось вы, дзеці, сталееце, пачынаеце цікавіцца хлопчыкамі… А я сталею і разумею, што не цікаўлюся хлопчыкамі… Магчыма, я ўвогуле не сталею!

У любым разе, усё гэта пужае спачатку, калі ты яшчэ не разумееш, што гэта. І што гэта не павінна нейкімі рамкамі закрывацца. Табе б не хацелася, каб цябе закрылі ў нейкія рамкі. А рамкі былі ўсюды. Акрамя такіх месцаў, як Паніка, Вавілава… Ну, Паніка… Там усё роўна ёсць людзі на вуліцы. Там ты не можаш сябе паводзіць больш адкрыта, а на Вавілава не было нікога чужога. Там, вядома, ты мог сябе адчуваць адкрыта. Яно мне вельмі дапамагло ў жыцці. Калі б не гэтыя месцы, я б, напэўна, не справілася. Я не ведаю, дзе б я цяпер знаходзілася, я нават уявіць не магу. Таму што менавіта гэтае месца табе і паказвае, што ты можаш сябе адчуваць спакойна, бо ты не адзін. Хаця… Паніка таксама можа не прыняць.

У мяне быў страх, што могуць патрабаваць пашпарт, і я магу туды не трапіць, і мне давядзецца ехаць дадому, а ўжо позна… Але я была знаёмая з людзьмі, ахова бачыла — «свой»… Ты прыходзіш, цябе ведаюць — тут было прасцей. А так, канечне, было страшна. Я, канечне, пасля стала ўжо ў іншыя месцы хадзіць, калі мне споўнілася 18. Я ўжо радзей стала хадзіць на Вавілава. Мне ўвогуле здавалася, што я была там самай маленькай. Я, па-мойму, па жыцці ўсюды самая маленькая. Я нават баюся, што такіх [людзей больш сталага ўзросту] няма. Я часам такое дапускаю… Нават атрымліваецца, ты цяпер не можаш даказаць, што такія адносіны могуць быць крэпкімі, таму што няма прыкладу. Жывуць… Недзе…

Мне здаецца, ёсць такое стаўленне ўнутры «тэмы»… Тыпу, як можна так выглядаць? Ну, яна ж непрыгожая, нават зусім не дзяўчына, навошта яна сябе псуе? «Я хачу, каб ты быў прыгожы». Такое навязванне ідзе. А Смайл, яна не навязвала, можна было апранацца як хочаш. Ты мог прыбірацца, не прыбірацца… Можаш хоць у кедах прыходзіць і ў майцы — ты свабодна сябе там адчуваеш, і табе не скажуць, што ты дрэнна выглядаў.

Цяпер ужо зусім іншыя часы. Навязванне стылю, навязванне ўсяго. Тады кожны апранаўся і выглядаў як хацеў — прычоска, вопратка. Гэтым людзі былі цікавыя. А цяпер ты глядзіш — яны ўсе аднолькавыя. Ты ўжо не адрозніваеш іх — тэма гэта або не тэма? А раней ты бачыў — во, ідзе тэма. Цяпер такога няма.

Я памятаю першую вечарынку на «Фартуне» — было паведамленне пра дрэс-код. Ніхто не зразумеў увогуле: які дрэс-код, што гэта ўвогуле? Што з ім рабіць? Як гэта трэба выглядаць? Хіба штаны? Мы туды ўсе збіраліся і надзявалі штаны. Мы адразу не зразумелі, што гэта могуць быць і джынсы. Проста трошкі іншыя — не тое, што ты прыйшоў пабухаць на Паніцы. Ты ідзеш у больш цывілізаванае месца ці што. І вось мы ўсе папрыходзілі ў гэтых штанах. Гэта было так нязручна!

Добра, што цяпер яна [Смайлік] хаця б раз на год такое робіць. Мне здаецца, гэта, у першую чаргу, справа, якой бы яна хацела займацца, якой ёй падабалася займацца. Тым больш, калі людзі кажуць Смайлу — дзякуй табе за тое, што ты нам даеш магчымасць успомніць гэты момант, — мне здаецца, гэта вельмі здорава. І грошы тут не важныя…

Працягваць чытаць тэкст пра Вавілава >