Да дзевяностай гадавіны сьмерці Жоржа Экгаўта, бэльгійскага пісьменьніка, акадэміка, упадніка, анархіста і гомасэксуала.
Веру, што гэтая кніга супакоіць і ўзвысіць многія гомагенныя каханьні і
зьмірыць іх саміх з сабою, надасьці ім сьмеласьці, годнасьці і асабістага гераізму.
Я жадаю, каб кніга стала больш, чымся просты заклік, і
аберагла як можна большую частку людзей ад “солі зямлі”:
сьлёзаў і баязьлівасьці, гнюснага крывадушніцтва і нявольніцкай лісьлівасьці!
Ліст С. П’ерону , Жорж Эгкаўт пра свой раман «Эскаль-Вігор», 1899
Не, прырода не асуджае, ані адвяргае тое, што нас дабраслаўяе.
Гэта хутчэй біблейныя рэлігіі хочуць, каб зямля нараджала
нас на цноту і пакуты. Хлусьня!
Жорж Экгаўт, «Эскаль-Вігор», 1899
зьмірыць іх саміх з сабою, надасьці ім сьмеласьці, годнасьці і асабістага гераізму.
Я жадаю, каб кніга стала больш, чымся просты заклік, і
аберагла як можна большую частку людзей ад “солі зямлі”:
сьлёзаў і баязьлівасьці, гнюснага крывадушніцтва і нявольніцкай лісьлівасьці!
Ліст С. П’ерону , Жорж Эгкаўт пра свой раман «Эскаль-Вігор», 1899
Не, прырода не асуджае, ані адвяргае тое, што нас дабраслаўяе.
Гэта хутчэй біблейныя рэлігіі хочуць, каб зямля нараджала
нас на цноту і пакуты. Хлусьня!
Жорж Экгаўт, «Эскаль-Вігор», 1899
Цалкам забыты ў нас і падзабыты на радзіме бэльгійскі клясык памёр 27 траўня 90 год таму, пакінуўшы багатую, бурлівую з загадкамі і скандаламі як літаратурную, так жыцьцёвую спадчыну. Флямандзец па нараджэньні, франкамоўны бэльгійскі пісьменьнік, бо артыстычная Бэльгія, як і ўся кантынэнтальная Эўропа другой паловы 19-га стагодзьдзя размаўляла і пісала на гэтай мове, сацыяліст, анархіст, ураніст, як у 19-ым ст. называлі геяў, упадніцкі эстэт, акадэмік, усё гэта Жорж Экгаўт, клясык бэльгійскай літаратуры (1854-1927). Аўтар шматлікіх натуралісцкіх і ўпадніцкіх паэмаў, фантастычных казак і навэляў, раманаў і эсэ. Змагар за бэльгійскую справу, дзяржаву — на ўласным прыкладзе дэманстраваў дзьвухкультур’е і дзьвухмоўе, уласьцівыя бэльгійскай культуры, пясьняр Антвэрпіі і Брусэля, абаронца ўсіх дэклясаваных Бэльгіі: беспрацоўных, валацугаў, гомасэксуалаў, пралетараў, злачынцаў па беднасьці і г.д.
Па-беларуску ягоныя тэксты ніколі не зьяўляліся, бо лічыліся занадта мудрагелістымі, эстэцкімі і сьмелымі. Крыху меньш вядомы за Марыса Матэрлінка, Жоржа Радэнбаха і Эміля Вэрхарна, Жорж Экгаўт пэўны час у СССР меў славу «бэльгійскага Горкага». Таксама, канечне, ягоная скандальная гендарная і анархісцкая слава спрычынілася да невядомасьці гэтага аўтара ў нас, у рэгіёне наагул.
Так, у 1899 годзе ён апублікаваў свой вядомы раман-утопію (сяньня сказалі б гендарную ўтопію) «Эксаль-Вігор», першы эўрапейскі раман, у якім сьмела, адкрыта, без забабонаў і кпінаў апісваецца гомасэксуальнае каханьне. Раман, які каштаваў аўтару судовага працэсу — раман і аўтар пазьней будуць апраўданыя. Раман, які і сяньня чытаецца, як рэдкае і каштоўнае чытво-амброзыя. Раман, які дасюль неўяўляльны, немагчымы ў многіх краінах, у тым ліку ў Беларусі. Упершыню ў 1899 годзе ў заходняй літаратуры пісьменьнік апісаў зь вялікай сымпатыяй, цалкам станоўча і з любоўю повязь, якая зьвязала шляхціца Анры дэ Кельмарка з маладзёнам Гідонам. І, наадварот, часам з агідай у кнізе падавалася іх гетэрэсэксуальнае атачэньне.
Эскаль-Вігор — фантазійная назва адначасова мясьцовасьці, выспы, замку, дзе адбываюцца падзеі раману. Эскаль-Вігор — гэта своеасаблівы закуток-парадыза, месца для ўцёкаў. Жорж Экгаўт стаўся, сапраўды, першым пісьменьнікам-змагаром і актывістам гомасэксуальнай справы больш за сто год таму. Да «Эскаль-Вігора» зьяўляліся мастацкія тэксты пра мужчынскай каханьне, але гэта былі маргінальныя, нэгатыўныя тэксты альбо тэксты, напісаныя ананімамі. Жорж Экгаўт не хаваўся, не баяўся, не крывадушнічаў — сьмела і заўчасна паказаў Эўропе каштоўнасьць адкрытасьці і разнастайнасьці. Ён адзін зь першых у мастацкай літаратурнай падкрэсьліў, што праблема зусім не ў гомасэксуальных асобах, а ў гэтэраграмадзтве перадусім. У той час, калі Ангельшчына зацкавала і зьняволіла А. Уальда, а Францыя запалохала і прымусіла пісьменьнікаў маўчаць ці пісаць ананімна тэксты пра гомасэксуальнае каханьне (А. Жыда ці Калет, напрыклад), Ж. Экгаўт у Бэльгіі пачаў адкрыты бой за права на адрознасьць.
© Ілюстрацыя Мілы Ведравай / Калаж. На чырвоным мятым аркушы паперы, у верхняй яго частцы змешчаны жоўты трохкутнік вяршыняй уніз. Зверху трохкутніка размешчаны фотаздымак замка ў сіне-зялёных танах. Пад трохкутнікам, унізе калажа, накладзеная чорна-белая фатаграфія чалавека — гэта Жорж Экгаўт. Ён сядзіць па пояс, рукі абапіраюцца на спінку крэсла. У левай руцэ трымае цыгару.
Да ўсяго гэта не адзіная мастацкая спроба пісьменьніка агучыць і замацаваць гомасэксуальную тэму ў літаратуры і грамадзтве — ён піша іншыя эстэцкія, сьмелыя і надзвычай гомаэратычныя зборнікі навэляў, аповядаў: зборнік навэляў «Le Cycle patibulaire» («Злавесны цыкаль»), 1892, «Mes communions» («Мае спавяданьні»), 1895, раман «L'autre vue» («Іншае бачаньне»), , 1904, «Voyous de Velours» (« Аксамітавыя злодзеі»), 1904-1926. Некаторыя тэксты зьявіліся ў адным зборніку пасьля сьмерці пісьменьніка зусім нядаўна: напрыклад, вельмі гомаэратычныя навэлі «Le Quadrille du lancier» («Кадрыль улана»), 2015.
Асобна варта сказаць пра каханьне Жоржа Экгаўта — маладога Сандора П’ерона, друкара сацыялісцкай газэты, зь якім пісьменьнік пазнаёміўся ў 1891 годзе. Мужчынаў да скону зьвяжа змоўніцкае каханьне, інтэлектульнае сяброўства і супольная сацыялісцка-анархісцкая справа. Прыгэтым дзеля справядлівасьці і шчырасьці варта пазначыць, што ў абодвух будуць жонкі (эпоха абавязвала!), якія былі ў курсе адносінаў сваіх мужэй. І ў прыгаданым ужо рамане «Эскаль-Вігор», няма сумневу, у галоўных героях лёгка спазнаюцца рысы самаго Жоржа Экгаўта і ягонага каханка Сандора. Пра глыбіню пачуцьцяў і жарсьць каханкаў можна даведацца ў выдадзенай у 1993 годзе кнізе «Mon bien aimé petit Sander» («Мой каханы малыш Сандор»), у якой сабрадзеныя інтымныя лісты і дзёньнікавыя запісы Жоржа Экгаўта і адказы Сандора. У дзьвух сотнях пяцідзесяці лістах закадаванае адвечнае каханьне, якое не схаваць ад люду, якое рвецца вонкі і дэманструе сьмеласьць заходняй культуры, бязупынную эмансіпацыю чалавека і ягоных нораваў. Гэта, канечне, да ўсяго гісторыя-доказ існаваньня разнастайнай культуры, разнастайнага каханьня, гэта крок да сучаснай эмансіпацыі заходніх, у прыватнасьці, бэльгійскіх геяў.
© Ілюстрацыя Мілы Ведравай / На змятым фіялетава-блакітным аркушы паперы, у чатырох вуглах калажа змешчаныя чатыры контуры твара чалавека (гэта партрэт Жоржа Экгаўта). Адзін з контураў — выразны, другі — размыты, трэці — перакрэслены зверху шматлікімі рысачкамі, паверх чацвёртага накладзены каляровыя літары. Паверх двух твараў унізе калажа намаляваны белы шырокі мазок.
Іншая важная і цікавая рыса пісьменьніка — анархізм. Дасюль панятак палохае, насьцярожвае, у 19-ым стагодзьдзі анархізм палохаў абываталя ня меньш. І, тым ня менш, сам буржуазнага паходжаньня, Жорж Экгаўт усьлед за Гюставам Флябэрам ці Шарлям дэ Кастэрам паўстаў супраць буржуазіі ці «бэльгуазіі», супраць мясцовай буржуазнай клерыкальнай маралі і далучыўся да анархісцкай групоўкі «Чырвоны Певень» (Coq rouge). Групоўка якраз змагалася супраць буржуазнасьці ўнутры працоўнага люду, супраць моды на буржуазнае сярод працоўных, пралетараў і прапаноўвала пэўную сэксуальную ўтопію, літаратурную заангажаванасьць у сацыяльныя змаганьні. Жорж Экгаўт унутры групоўкі прапановаў рэвалюцыйнае бачаньне ўпадніцтва, якое ня толькі магло быць чыстым мастацтвам ці мастацтвам дзеля мастацтва, але ставараў новы кшталт упадніцтва, сымбалізму на мяжы з анархізмам і прынцыповай, бязупыннай сацыяльнасьцю мастацтва. У выніку ягоныя упадніцкія тэксты зьяўляюцца доказам таго, што “гендарная” мастацкая літаратура пачала фармавацца ўжо тады на мяжы 19-20 ст., а ня толькі ў канцы 20-га ст.
Зрэшты, адмысловы Экгаўтавы анархізм праяўляўся ў замілаваньні ўсімі дэклясаванымі, пазбаўленымі маёмасьці і любога матэрыяльнага багацьця, цалкам залежнымі ад сваіх фізычных сілаў і здольнасьцяў. Для пісьменьніка толькі такія асобы ведаюць і разумеюць сапраўдны смак жыцьця, бо ведаюць кошт пакутаў і асалоды. Ягоны анархісцкі ідэял заўсёды месьціўся ў сьвеце пралетару, злачынцаў і матросаў — адначасова анархісцкая і гомаэратычная фантазма пісьменьніка.
Пасьля бурлівага жыцьця, багатага на суды, уцёкі, хованкі, перасьледы, рознага кшталту экспэрымэнты, а таксама багатага на шматлікія эмацыйныя адкрыцьці, каханьні, а перадусім, канечне, багатага на шматтомную творчую спадчыну, пісьменьнік па прапанове караля ўвайшоў у 1920 годзе ў Каралеўскую (бэльгійскую) Акадэмію францускай мовы і літаратуры.
Сапраўдны бэльг дзьвух культураў і моваў, сьпявак Флямандыі па-француску, закаханы ў Брусэль, якому не здрадзіў нават перад шармам Парыжу. Анархіст, утапіст, гомасэксуал ці дакладней ураніст, апошні ўраніст, які стварыў бясьпечны сьвет для прыхільнікаў «гомагеннага каханьня» у той час, калі рэальнасьць для іх была, сапраўды, небясьпечнай. Акадэмік, клясык бэльгійскай літаратуры, творы якога вывучаюць шматлікія генэрацыі бэльгаў.
Жорж Экгаўт
ТАТУІРОЎКА
Le tatouage
1896
(навэля, пераклад з францускай мовы)
ТАТУІРОЎКА
Le tatouage
1896
(навэля, пераклад з францускай мовы)
Зандэру П’ерону
Подых сапсутага паветра б’е мне ў твар з прыадчыненых дзьвярэй кабарэ, перад якім я апынуўся сяньня ўвечары ў халепу – валацугам ці, можа быць, шукальнікам прыгодаў, — аднаўляе ў памяці адно здарэньне, якое адбылося са мною некалькі зімаў таму ў раёне, які цяпер ужо трапіў пад рыдлёўкі гарадзкіх каменяроў.
Дасьледуючы неяк лябірынты, смачна названыя «Закуток Д’ябла», мы — мой таварыш і я — патрапілі на «Бумэль», слынны мясцовы баль. Перагрэты і наэлектрызаваны чалавечымі флюідамі пакой быў насычаны цяжкімі подыхамі, бы лістападаўскі туман. Абуральныя фрэскі знаходзіліся ў суладзьдзі з выцьцём аркестравых інструмэнтаў.
Працоўныя на выходных, пэўная колькасьць чаляднікаў незразумелых прафэсіяў і асабліва безьліч тых абібокаў і непастаянных асобаў, якіх звычайна цкуе людзкая нянавісьць і кліча іх гуліганамі, мітусіліся тут то парамі, то з танцухамі, часьцяком непрыгожымі і дзябёлымі дзяўчатамі. І хваляваньне гэтага мора маладой і піўной плоці было падобным да віраваньня.
Не зважаючы на духмень, у сярэдзіне маленькага бістро, якое адначасова зьяўлялася і вітальняй перад танцпляцоўкай, чырванела вялікая флямандзкая печ, перад жарам якой машынальна ўсядаліся курцы піпак, выстаўляючы паясьніцы і падзакасаўшы прыпольлі сваіх куртак.
Сярод выскалякаў, прывабленых пахам піва, алькаголем, галавакружэньнем і плоцьцю, прыгадваецца мне адзін — доказам чаму і ёсьць мой расповед, — які зачараваў нас сваёй суладнай, ні з чым не параўнанай постацьцю, дзівоснай гнуткасьцю ў рухах і нечаканай элегантнасьцю. З вабнай чарнявай галавой, з усьмешкай жвавых чорных і крыху раскосых вачэй і з надзвычай зграбным целам. Дзіўная істота: на ім строй колеру шэры бэж, які падаецца пашытым па заказе, шапка-булка шакаляднага колеру, якую ён ссунуў назад.
Нядбайнасьць, рабаўніцкі выгляд, якія б напалохалі ў іншых хлопцах ягонага калібру, пасуюць яму, як, дарэчы, і ягоныя грацыёзнасьць і вытанчанасьць. У дадатак ён элегантнічае без перадыху, ён п’яны ад жвавасьці і сам атрымлівае асалоду ад уласных добра змадэляваных ног з гнуткімі цягліцамі, чуйнымі да казытаньня, якія, бачна, уздрыгваюць, мэрам ад кунегі, пад шчыгульнымі нагавіцамі ў той час, калі ён удыхае паветра, разьдзьмуваючы ноздры і прыцмокваючы языком.
Ягоная пантаміма надае сьвежасьці і пікантнасьці кадрылям, лянсье, астандэзам, усім мясцовым харэаграфіям. Кручэньні, махі, пакалыхваньні, заклікі рухамі і нагамі, адкіды назад з кожным піруэтам вальсу, ягоная манера падхопліваць сваю партнэрку, прымушаючы круціцца яе вакол сябе ў шорганьні спадніцаў, а таксама ягоныя рэвэрансы ў бок аднага кавалера, азадак у паветры, як у таго, хто гуляе ў скокі адзін праз аднаго, тады як жвавы і вясёлы твар, апынуўшыся між ног, усьміхаецца партнэрцы. Усё гэта шаленства, гэтыя выбрыкі і шмат яшчэ сьмялейшых рухаў, можа, і выглядаюць як вульгарнасьць, але нам, ды і ўсім гледачам, якія атрымліваюць асалоду і нават аблізваюць вусны, яны падаюцца плястычнымі. Яго заахвочваюць бясконцымі «брава», процьмай усьмешак, яго асыпаюць бязьмежнай удзячнасьцю, а маладыя дзяўчаты кідаюцца перад ім у спакусьлівыя скокі. І нават ягоныя перадыхі складаюцца з інстынктыўнай вытрымкі лініі і мадэляваньня.
© Ілюстрацыя Мілы Ведравай / Каллаж. На змятым чырвоным аркушы паперы — круг з зяленай тканіны. На яго накладзены чорна-белы фотаздымак, які пасля інверсіі атрымаў ружовы колер. На фота — мужчына ў кашулі, штанах і гальштуку і жанчына ў сукенцы і туфлях на абцасах танцуюць рок-эн-рол. Мужчына нахіліўся ўперад і падхапіў партнёрку на рукі: яна вісіць уніз галавой, яе ногі — за ягонай спіной. Яны смяюцца. Іхнія вочы замаляваныя чырвоным. Справа збоку круга намалявана піксельнае сэрца фіялетавага колеру.
Ягоная надзвычай правакацыйная пантаміма — празь якую мой сябра-скульптар даў мне локця ў бок, каб я ацаніў гарманічныя пераходы, — працягвалася, калі ён спачатку імітаваў стому, выпрастаўшыся на сьпіне, галава сьцятая ў руках паміж зьведзеных локцяў на банкетцы ўздоўж сьцяны, потым, гнуткі, бы дзікі зьвер, ён адным скокам хапаў прагнымі абдоймамі сваю ўлюбёную танцуху, пераможна трымаў яе ў час пераходу і дараваў ёй сваё цела ў капрызных сьпіралях танцу.
Ах, весялун, душа, цэнтральная і чароўная фігура забягалаўкі! Побач з гэтым жывым атлетам, да якога вопратка прылягала гэтак жа цудоўна, як і цягліцы да касьцей, нашыя твары наўрад ці выглядалі гэтак жа звыкла і натуральна.
Зрэшты, наш артыстычны інтарэс да прыгожай мадэлі зьбегся на гэтым папулярным дэндзі — на гэтым Брумэлі з Бумэлю, як узьнёсла сказаў пазьней сябра-скульптар, бо ў той вечар ён, сапраўды, зацікавіўся, а не проста пажартаваў, ён быў, слова гонару, у захапленьні ад яго, як і я.
І, дадушы, не бязь дзіўнага расчараваньня пасьля апошняга танцу мы пабачылі яго каля выйсьця ў кампаніі сваёй улюбёнкі, вялікай чарняўкі з бліскучымі сьмяшлівымі і волкімі, як бясконцае квітненьне ружаў, вуснамі, прайдзісьветкі з вульгарнай, дрэнна начасанай і зіхатлівай ад бляску ўкладкай, з п’янлівым тварам сэвільскай цыгарніцы.
І наконт гэтага зграбнага хлопца мною, а таксама, пазьней даведаўся я, і маім таварышам авалодала пачуцьцё, якое мне было цяжка выказаць у той момант (нагэтулькі яно было складаным, субтыльным і, у пэўнай ступені, прыхаваным) і якое вяртаецца да мяне з таго часу.
Ведаеце, увесь час, што ён быў перад нашымі вачыма ў нагэтулькі прыўкрасных уявах, мы ні на хвіліну не надавалі значэньня таму, якога ж ён полу. Яго ўпадабалі ўсе жанчыны, і, падаецца мне, ён жадаў іх, і тым ня менш нас не шакавала тое, што ён зьяўляўся ў дадатак цэнтрам прыцяжэньня вачэй амаль усіх мужчынаў. Нават больш за тое. Падчас вечарыны мы некалькі разоў бачылі яго ў танцы з асобамі, як свайго, так і супрацьлеглага полу. І ў танцах ён з аднолькавай адданасьцю выказваў аднолькавую палкасьць, цудоўную грацыёзнасьць і зьведваў аднолькавае задавальненьне.
Пазьней мы прыгадалі гэтую андрагінную грацыёзнасьць, гэтую бясполую і дваістую грацыёзнасьць, якая выпраменьвалася з хлопца. І мы, канечне, ніколі не пазбавімся ўспаміну аб вычварэнскай славе (чаму ж вычварэнскай? Наадварот, ці не варта было б сказаць цнатлівай, бязьвіннай?), якую ён, дарэчы, надзвычай красамоўна дэманстраваў.
Я дадаў бы яшчэ, каб падкрэсьліць значнасьць усіх сабраных у расповедзе апісаньняў, што ніхто ў гэтай кавярні ня ведаў яго. Праз тое, што мы зайшлі туды ўпершыню, мы ня ведалі ні як яго клічуць, ані якой ён прафэсіі, ані дзе ён жыве. І гэты злы і недаверлівы звычайна сьвет быў заваяваны ягоным запалам, перабольшваньнем, ягоным чароўным абліччам і беззаганным прыўкрасным настроем. Мой сябра распавёў мне пазьней, што ён імкнуўся, назіраючы за гэтым прыемна загадкавым пэрсанажам, угадаць, кім бы ён мог быць. Але ж рухі цела гэтага дзівака руйнавалі ўсе здагадкі. Калі б ён навучаўся ручной працы, то, няма сумневу, ён быў бы аматарам, бо ягонае гнуткае і ляпідарнае цела, ягоны годны прыгажуна Цэліні торс, ягоныя рукі і ногі, якімі Бэнвэнута адарыў свайго Пэрсэя, былі б пашкоджаныя ў выніку высілкаў, мускульнай манатоннай дзейнасьці і бясконца паўтаральнай спрацаванасьці.
Нарэшце пераходзім да самага інтымнага ўражаньня, пакінутага гэтым вабным маладым д’яблам. У той момант, калі ён сыходзіў з чарнявай прыгажуняй, я цешыў сябе ілюзыяй, што ён зусім – у адрозьненьне ад іншых — не кахаў гэтую істоту. І прызнаюся, што такое нясьмелае перакананьне дазволіла мне затым, няма сумневу, успрыняць ня так балюча ягонае бясслаўе. Ці марыў я аб тым, ці проста маё ўяўленьне, узрушанае тым, што адбылося адразу пасьля гэтага, загрувасьцілася падзеямі, якія папярэднічалі пэрыпэтыі, аб якой мне застаецца распавесьці, але ж, праходзячы каля нас у суправаджэньні кампаньёнкі, ён адарыў мяне позіркам звышчалавечага розуму, чытаючы і здагадваючыся аб маіх самых нязлоўных ані музыкай, ані парфумай, ані малітвай марах.
Калі пáра выходзіла, а закутковы баль зноў ператвараўся ў вульгарную і разбэшчаную дзею звычайнай тутэйшай нядзелі, нейкая асоба пхнула дзьверы і штурхнула нашых улюбёнцаў. Гэта быў хлопец мажнага целаскладу, чырванатвары барадач. Але мы ня мелі часу, каб разгледзець яго лепей.
Раз’юшаны вар’ят у палоне — мы ня ведалі тады яшчэ якога пачуцьця ўзбуранасьці і забойчага ражу — накінуўся на маладога мужчыну ў шэра-бэжавым строі. Пакуль я, скульптар і ўсе астатнія прысутныя змаглі перашкодзіць яму, гэты брут, наваліўшыся на нашага ўлюбёнца, качаў яго па зямлі, зьбіваючы кулакамі, зрываючы зь цела адзеньне; і ўсё ў ім вурчала ад абразаў, у якіх крычала, рыкала самая палкая жарсьць.
© Ілюстрацыя Мілы Ведравай / Каллаж. На фіялетавым фоне ў папяровай рамцы — чорна-белы стары фотаздымак. На фота два мужчыны ў касцюмах і ў гальштуках сядзяць у позе лотаса. Паміж імі сядзіць невялічкі сабака. Твары мужчын закрываюць піксельныя сэрцы ружовага і чырвонага колеру. Вуглы фотаздымка заштрыхаваныя.
Гэта была справа некалькіх хвілінаў. Адразу выкараскаўшыся са ступару, мы наляцелі на вар’ята і, не зважаючы на ягоную д’ябальскую моц, хоць ён і ўшчаперыўся ў сваю ахвяру з дапамогаю ног, пазногцяў і нават зубоў, усё ж такі далі рады вырваць паланца і штурхнуць нападніка ў кут, дзё ён безупынку плакаў і румзаў адначасова.
Разам са скульптарам і маладой чарнявай жанчынай я быў сярод тых, хто падняў хлопца, яшчэ нядаўна такога жвавага і радаснага. Адчайнасьць агрэсара была такой, што на ім засталіся адныя нагавіцы. Ягоны стылёвы пільчак, які так прыцягнуў нашу ўвагу, стаўся кавалам нейкіх зрыўкаў. З-пад разарванай кашулі агаліліся торс і рукі. Кроў бегла па шчаках, сьцякала з носа і вушэй; левае вока напалову тырчэла з арбіты.
Мужчыны пайшлі шукаць вады, а жанчыны падалі свае насоўкі, каб працерці яго і палашчыць ягоны мілы твар, аднак першыя, што прыйшлі яму на дапамогу, адхінуліся, бы пад уплывам нейкай нечаканкі, якая перакінулася неўзабаве ва ўзрушаньне, выходзячы зь якога, яны выдавалі глухое мармытаньне.
Пагардлівы сьмех перарос у вокрык анатэмы.
Адкінуты назад, я прабіраўся локцямі, адштурхоўваючы шэрагі нядобразычлівых разявак, якія загрувашчвалі мне праход і заміналі зору.
І спачатку я не зразумеў, чаму ж адбыўся адскок ад спакушальніка. А сузіраючы яго зблізу, я пабачыў, што грудзі, сьпіна і рукі маладога мальца былі цалкам татуіраваныя цікавымі і вульгарнымі эмблемамі, дэвізамі на розных мовах і арго, якія пакрывалі яго пэўнымі рэбусамі і гіерогліфамі.
Аднак нічога ганебнага ў гэтым не было. Можа, ён быў мараком, жаўнерам ці рабаўніком? Бо падобнымі графічнымі заняткамі гарапашнікі змагаюцца з сумам падмастоўя, казармы ці прымусовай працы. Больш за ўсё я пашкадаваў, што нейкі невук назьдзекаваўся і зьняважыў гэтым стракатым барбарствам паганскую дасканаласьць ягонай эфэбскай плоці.
Новыя хваляваньні сярод прысутных выцягнулі мяне з балючага сузіраньня.
Няшчасны здагадаўся, што прымусіла сьмяяцца адных, лямантаваць другіх і адхінуцца амаль усіх.
Сярод усіх дэвізаў і эмблемаў, надрапаных бы на кары дрэва ці на мурах турмы, вылучалася самымі вялікімі літарамі прызнаньне ў блюзьнерскім каханьні, аздобленае эмблемамі аднаго абуральнага ў вачах хрысьціянскай маралі клятвапарушэньня: Даніэль належыць Андрэ.
© Ілюстрацыя Мілы Ведравай / Каллаж. На змятым фіялетавым аркушы паперы — чорна-белы фотаздымак, які пасля інверсіі атрымаў ружовы колер. На фота два мужчыны, іхнія твары замаляваныя. Мужчына злева павярнуўся да нас плячыма, ён голы, на ягонай скуры – вялікая татуіроўка ва ўсю спіну. Ён глядзіць у правы бок. Мужчына злева трымае ў руцэ машынку для татуіровак. На ім белая кашуля, камізэлька і гальштук-бабачка. Ён дакранаецца машынкай да пляча другога мужчыны. Па баках фотаздымка намаляваныя піксельныя разбітыя сэрцы жоўтага колеру, вуглы фота заштрыхаваныя.
І тады, забыўшыся на раны, на беглую кроў, на вока, гатовае заплюшчыцца, хлопец сабраў сілы, узьняў галаву, напяў грудзі, каб лепей прадэманстраваць свае стыгматы, і, указваючы пальцам на вар’ята ў рыданьнях усё яшчэ ў куце, сказаў: «Вось ён, Андрэ. І што далей? Я кахаў яго, бо вельмі даўно ён быў добры са мною. Ён ахоўваў і адукоўваў мяне. Ён расплаціўся, цяпер мы квітыя».
І, сьмеючыся насупор крывавым сьлязам, тады, калі ўсе маўчалі, зачараваныя ягонай адвагай, ён выцягнуў з печы распалены гарбатнік, і, прыклаўшы яго да абуральнана надпісу, не пажадаў глядзець на паленую плоць ані ўслухоўвацца, як яна сыкае. Жудаснае катаваньне не выклікала ў яго ані грымасы, ані скуголеньня. Ён працягваў, атрымліваючы асалоду ад пакутаў.
Па меры таго як сьціралася гарачае пачварнае прызнаньне, ягоныя стаічныя волкія вочы прыгожага пакутніка, асабліва ягонае крывавае раненае вока, пяшчотна паглядалі на маладую жанчыну, якая адвярнулася ад яго. Ягоныя вочы ахоплівалі яе суладнай і кранальнай пяшчотаю, у выніку яна ў знак падтрымкі і шчырасьці кінулася да яго на шыю і паклала на ягоныя вусны даўгі пацалунак поўнай салідарнасьці.
Панятак «ураніст» ужываўся ў другой палове 19-пачатку 20-га ст. для азначэньня гомасэксуальнай асобы. Сам пісьменьнік ужываў нароўні з паняткамі «уранізм», «ураніст» — «гомагеннае каханьне».