Фота– і відэадакументацыя «Людміла Русава. Татальны перформанс»

Прагляды: 2 992

Мэдыяпраект «pARTisan» запрашае на адкрыццё выставы, прысвечанай выбітнай мастачцы Людміле Русавай. Выстава складаецца з архіваў Мастацкага музея ў Віцебску, Аляксея Андрэева, Ірыны Бігдай (Галерэя «Шостая лінія»), Юрыя Іванова, Юрыя Ігрушы (BelFilm Group), Артура Клінава («pARTisan»).

Фота– і відэадакументацыя «Людміла Русава. Татальны перформанс»
© Vincent Mundy



Імя мастачкі Людмілы Русавай (1954 — 2010), яскравай прадстаўніцы беларускага сучаснага мастацтва 1980-1990 гадоў, ужо неаднаразова ўзнікала ў культурнай прасторы Беларусі. Яе жывапісныя палотны і габелены выстаўляліся ў Музеі сучаснага мастацтва ў Мінску і ў Мастацкім музеі ў Віцебску, а ў мінулым Траўні ў межах праекта «Мінск. Нонканфармізм 1980-х» было прадстаўленае відэа яе перформансаў, якія да гэтага часу з’яўляюцца амаль што невядомымі шырокай публіцы. Хоць менавіта яе імя звязваюць са з’яўленнем мастацтва перформансу ў Беларусі.

Выстава «Людміла Русава. Татальны перформанс» сфакусаваная менавіта на дзейнасці мастачкі: у экспазіцыю ўвайшла прэзентацыя яе знакавых прац — ад перформанса «Уваскрашэння Казіміра» (1987, сумесна з Ігарам Кашкурэвічам) да відэа «Тыраж адсутнасці» (2001). Зразумела, дакументацыя не ў стане перадаць сам перформанс, заснаваны ў першую чаргу на ўнікальных перажываннях творцы і гледача. Тым не менш, спадзяемся, што выстава зможа расказаць пра тую неверагодную энергетыку, уласцівую «жэстам» Людмілы Русавай, для якой мастацтва не было сродкам, але было мэтай, і таму, падаецца, усё сваё жыццё яна пераўтварыла ў татальную прастору перформансу.

Галерэя сучаснага мастацтва «Ў»
22.10 – 08.11.2015 (пр. Незалежнасці, 37а)
Уваход на выставу: 15 тыс. беларусскіх рублёў.
Адкрыццё: 22 кастрычніка а 19.00

У межах выставы адбудзецца шэраг мерапрыемстваў: лекцыя Агаты Адамецкай-Сітэк (Польшча) «Фемінізм у сучасным польскім тэатры», прэзентацыя і сустрэча з мастачкай Аляўцінай Кахідзэ (Украіна), дыскусія, прысвечаная жаночаму акцыянізму ў сучасным беларускім мастацтве, мадэратарка Таня Сяцко. Сачыце за інфармацыяй аб датах правядзення.
Пачатак усіх мерапрыемстваў – 19.00. Уваход вольны.