Лекцыя «Вопыт прыняцця і адвакатуючыя практыкі бацькоў ЛГБТ*-людзей»
Прагляды: 2 721
17 траўня ў #IDAHOTby* DOTYK запрашае на лекцыю «І я таксама ЛГБТ»:вопыт прыняцця і адвакатуючыя практыкі бацькоў ЛГБТ*-людзей. Лектарка Юлія Градовіч Yuliya Hradovich, магістрка сацыялогіі.
Лекцыя адбудзецца а 19ай у Сталоўцы XYZ (вул. Фабрыцыуса 4, Мінск).
Бацькі былі бачныя ў сучасным руху за правы ЛГБТ* практычна з самога яго пачатку. Гэтак, у 1972 годзе Джын Манфард разам са сваім сынам выйшла на адзін з першых ЛГБТ*-парадаў, трымаючы плакат з тэкстам «Бацькі гамасэксуалаў, яднайцеся ў падтрымцы нашых дзяцей». Разам з мужам яна заснавала арганізацыю для бацькоў, сямей і сяброў лесбіянак і геяў – PFLAG (Parents, Families and Friends of Lesbians and Gays), якая зараз налічвае больш за 400 аддзяленняў на тэрыторыі ЗША.
Па вобразу PFLAG бацькоўскія арганізацыі пачалі стварацца і ў іншых краінах. Юлію жа цікавіць тое, як зладжаны бацькоўскі вопыт у больш блізкім да нас кантэксце. Лекцыя засноўваецца на матэрыялах працы з бацькоўскімі супольнасцямі Менска, Кіева і Санкт-Пецярбурга.
Як пражываецца камін-аўт з боку бацькоў? З якімі патрэбамі бацькі прыходзяць у суполкі ўзаемадапамогі? Як уладкаваны падобныя суполкі? І як бацькі ўключаюцца ў адвакацыю правоў ЛГБТ*?
Акрамя таго, аўдыторыя запрашаецца абмеркаваць, як ЛГБТ*-супольнасць і бацькоўскія суполкі могуць быць карысныя адны адным і якія пункты дотыку мы здолеем высветліць/стварыць.
*17 траўня 1990 года Генеральная асамблея Сусветнай арганізацыі аховы здароўя выключыла гомасэксуальнасць са спісу псіхічных захворванняў. 17 траўня – Міжнародны дзень барацьбы з гамафобіяй, біфобіяй і трансфобіяй/The International Day Against Homophobia, Transphobia and Biphobia. Гэты дзень прызваны падкрэсліць права на свабоду ад страху, гвалту і дыскрымінацыі для ўсіх людзей, незалежна ад іх сэксуальнай арыентацыі і гендарнай ідэнтычнасці.