Прэзентацыя брашуры “Квір-гісторыя Беларусі другой паловы ХХ стагоддзя”
Прагляды: 3 872
Час: 21 ліпеня 2016 года (чацвер), 19:00. Месца: Менск, галерэя “Ў” (пр-т Незалежнасцi 37А).
У апошнія гады нарастае цікавасць да нядаўняй ЛГБТ-гісторыі ў краінах Усходняй Еўропы. З аднаго боку, яна выклікана неабходнасцю ізноў і ізноў даказваць відавочнае: аднаполая сэксуальнасць з’яўляецца ў нашым рэгіёне не нейкім “імпартам з Захаду”, а існавала здаўна, як і ў кожным іншым грамадстве. З іншага боку, зараджэнне і развіццё ЛГБТ-супольнасці выклікае цікавасць прадстаўнікоў гэтай супольнасці да “сваёй” гісторыі, культуры, іншых спосабаў канструявання калектыўнай ідэнтычнасці. З пункту гледжання (прагрэсіўных) акадэмічных колаў, гісторыя (гома)сэксуальнасці – надзвычай цікавы сюжэт, па якім можна прасачыць і ўзровень аўтаноміі медыцыны і юрыспрудэнцыі, і агульны ўзровень талерантнасці ў грамадстве, і проста зірнуць на ўсё той жа “рэальны сацыялізм” 1960-1980-х гадоў з зусім іншага пункту гледжання.