14 лютага 2014

Карыстальнікі Facebook змогуць выбіраць гендар

Прагляды: 2 931

© policymic.com
Цяпер у раздзеле “інфармацыя пра сябе” амерыканскія карыстальнікі змогуць пазначыць не толькі “жаночы” і “мужчынскі” пол. Ім будуць прапанаваныя такія варыянты, як “бігендар”, “транссэксуал”, “інтэрсэксуал”, “андрагін” і шмат іншых.

Таксама ў раздзеле “кіраванне старонкай” на выбар удзельнікаў сацсеткі можна будзе пазначыць адзін з займеннікаў для іх згадвання ў стужцы навінаў: “яго/яму”, “яе/ёй”, або “ім/іх”.

“Ёсць шмат людзей, для якіх гэта не будзе мець сэнсу, але ёсць нямногія, для каго гэта цэлы свет, — сказала інжынер-праграміст Facebook Брыэль Харысан, якая працавала над праектам і сама ёсць транс-жанчынай. — Вельмі часта транссэксуалы, як я, і іншыя трансгендарныя людзі ставяцца перад гэтым бінарным выбарам: “Хочаш быць мужчынам ці жанчынай?”, “Які твой гендар?” Для нас гэта роспач, таму што ніводны з гэтых варыянтаў не дазваляе нам расказаць іншым, хто мы на самай справе. Гэта сапраўды важна, таму што я ўпершыню магу зайсці на сайт і паказаць усім, каго я ведаю, свой гендар”.

На дадзены момант невядома, калі 58 варыянтаў гендара стануць даступныя ўдзельнікам сацсеткі, зарэгістраваным за межамі ЗША.