У свеце, за які я змагаюся, маё цела — гэта мая справа

Прагляды: 4 447

© www.alokvmenon.com
Пераклад выступу Алок Вэйд-Мэнан «The Pain & Empowerment of Choosing Your Own Gender: Alok Vaid-Menon»

Пра трансгендарных людзей вельмі часта кажуць як пра тых, якія ненавідзелі сябе ў дзяцінстве і пачалі любіць, калі сталі дарослымі. Але гэта зусім няслушна для вельмі многіх з нас. Няважна, наколькі камфортна мы адчуваем сябе ў нашых целах — у тую хвіліну, калі мы выходзім за дзверы, мы пад пагрозай.

Мой стыль — гэта мая браня. Нашыя штодзённыя практыкі супраціву ўспрымаюцца як легкадумныя або празмерныя, але я думаю, што стыль на самой справе — надзвычай палітычная рэч.



Я родам з маленькага горада ў Тэхасе. Гэта такі горад, у якім галоўным чынам жывуць белыя, хрысціяне, рэспубліканцы, гетэрасэксуальныя і цысгендарныя людзі. Маё сталенне праходзіла пасля падзеяў 9/11 у ненарматыўным целе. І мяне называлі тэрарыстам кожны дзень, называлі педыкам кожны дзень, называлі трансухай.

Я думаю, што існуе іерархія паміж чымсьці кшталту манернасці геяў або феміннасці квіроў або транс* феміннасці — гэта ўсё лічыцца нечым горшым ці менш легітымным, чым «сапраўдная жаноцкасць», таму што многім здаецца, быццам мы «прыкідваемся» жанчынамі.

Я кажу пра сваю гендарную ідэнтычнасць, што я адначасова і мужчына, і жанчына. І ў той жа час — не мужчына і не жанчына. Я па-за ўсімі гэтымі катэгорыямі.

Я думаю, што мяне бачаць і бачаць ува мне «няспраўнасць». Я думаю, што вельмі многія з нас, якія раслі на Поўдні (ЗША), у маленькіх гарадках, думаюць, што пераехаўшы ў Нью-Йорк мы нарэшце атрымаем прызнанне. Нарэшце мы будзем у бяспецы! Гэта поўная лухта і хлусня. Я думаю, праз тое, што Нью-Йорк вялікі горад і ў ім шмат адцурання, людзі не адчуваюць сябе ў праве абараняць ад гвалту іншых людзей на вуліцы. Яны будуць проста стаяць і глядзець. У мяне плявалі. Мяне называлі «яно»…

Аднойчы на выхадзе з цягніка мы сутыкнуліся з белым мужчынам, і калі адчыняліся дзверы, ён закрычаў: «Усама!!!!» Сапраўды, вельмі-вельмі гучна. Маё цела скамянела, таму што я вельмі добра ведаю, што, калі людзі называюць цябе тэрарыстам або «Усамам», або «Бен Ладэнам»… ты мусіш бегчы. Ты мусіш бегчы, таму што ніхто цябе не абароніць. І тут той мужчына апускае вочы і бачыць, што я — на шпільках. У мяне была барада і адначасова — абутак на шпільках. І тады ён перарывае сябе: «Усаа…» Гэта сапраўды той пацешны момант, калі я перастаю ўпісвацца ў ягоны стэрэатып «нябелага мужчыны-тэрарыста». Мой цёмны колер таксама аўтаматычна мяне маскулінізуе — праз гэтую ідэю тэрарызму.

Днямі ў жаночай прыбіральні да мяне падыходзіць белая жанчына сталага ўзросту і кажа: «Што вы робіце, сэр?». Я адказваю: «Іду ў прыбіральню». І яна вельмі рашуча паказвае на дзверы і кажа: «Гэта_жаночая_прыбіральня!» У той момант, на жаль, мне не заставалася нічога іншага, як сказаць, што я жанчына. Таму што ісці ў гэтай сукенцы ў мужчынскую прыбіральню — гэта значыць з вялікай верагоднасцю сутыкнуцца з агрэсіяй, маўляў, «ты што робіш?» І таму, я проста сказа_ла: «Я — жанчына». Яна паглядзела на мяне і сказала: «О, ну вы разумееце, што мяне збянтэжыла». Я думаю, гэта адбываецца таму, што, калі жанчыны мяне бачаць, яны хочуць абараніць катэгорыю, да якой належаць. Вельмі часта мы кажам пра патрыярхат як пра тое, што ствараецца выключна мужчынамі. Але на самой справе, я думаю, што жанчыны ствараюць патрыярхат кожны дзень.

У свеце, за які я змагаюся, маё цела — гэта мая справа
© Mukul Bhatia

Для мяне было сапраўды хвалююча пару гадоў таму вярнуцца ў бацькоўскі дом у Індыі. Уся мая сям’я ўжо ведала, што я, так бы мовіць, не «гетэрасэксуальны мужчына». І хаця мне было страшна, адна з маіх цётак адвяла мяне ў бок і аддала мне свае каралі. Яна не патлумачыла навошта, не сказала, «глядзі, я ўхваляю тваю феміннасць», яна проста сказала «трымай». І вось такія тонкія моманты для мяне вельмі важныя.

У дзяцінстве да мяне падыходзілі людзі і казалі: «Чаму ўсе індыйцы так дрэнна пахнуць?», «Чаму вы ўсе такія брудныя?» Дома я скардзіл_ася маме і працягвал_а мыць рукі, адчуваючы сябе пачварай, бо цёмная скура не «адмывалася». Мне здавалася, што мяне нельга любіць, што ніхто ніколі не захоча займацца са мной сэксам. Мне здавалася, што ўсе мы брыдкія, і што, каб быць прыгожымі, трэба быць белымі.

Пазней, калі мой вобраз стаў больш фемінным, людзі пачалі называць мяне «педыкам». Калі мы прыходзім у клуб, усе такія: «Ух ты, ты так крута выглядаеш!», але нікога не цікавіць, як ты збіраешся пасля дабірацца дадому. Іх гэта не хвалюе, таму што транс* фемінныя людзі вартыя ўвагі, толькі калі яны артыстычныя. Нянавісць да трансгендарных людзей, трансмізагінія, пачынаецца з таго, што людзі думаюць, быццам мы заўсёды граем нейкую ролю, што мы апранаем сукенку, каб абдурыць кагосьці. Таму нас заўсёды ўспрымаюць як тых, якія заслужылі гвалт. Таму за нас не ўступаюцца. Маўляў, «вы самі выбралі быць такімі, цяпер пажынайце наступствы».

У мяне ёсць старэйшая сястра. Я так моцна яе люблю, мне заўсёды хацелася быць да яе падобн_ай. Таму, калі ў мяне пыталіся: «Кім ты хочаш быць, калі вырасцеш?», мой адказ быў: «Маёй сястрой!» Мне хацелася, каб на кожны мой дзень нараджэння святочны торт упрыгожвалі кветкамі. І маіх бацькоў гэта задавальняла, але ўсё змянілася з надыходам палавога саспявання. У мяне пачалі расці валасы на твары, і людзі гаварылі: «Ты хлопчык, будзь мужчынам, табе трэба быць больш грубым». Мне было вельмі-вельмі-вельмі дрэнна. У 13 гадоў я здзейсніл_а спробу самагубства — у сваім пакоі, у поўнай адзіноце, з адчуваннем, што жыццё скончана, што небяспека — паўсюль. У гэты момант адзіным выйсцем для мяне было з’ехаць з горада. У мяне з’явіўся план: вучыцца сапраўды старанна, атрымаць стыпендыю і бегчы з гэтага месца. Пераехаўшы ў Каліфорнію, я адразу ж пачал_а шукаць актывісцкія калектывы, да якіх змагу далучыцца.

У свеце, за які я змагаюся, маё цела — гэта мая справа
© Mukul Bhatia

Для мяне мой «камін-аўт» — не столькі пра маю гендарную ідэнтычнасць ці сэксуальнасць, колькі нашмат больш пра маю грамадзянскую пазіцыю. У свеце, за які я змагаюся, мы больш не будзем рабіць дапушчэнняў пра ўсё навокал. Людзі змогуць праз мову самі ствараць свае целы. Я думаю, што гэта надзвычай радыкальная практыка, бо ўсе мы жывем у заходняй каланіяльнай сістэме, якая катэгарызуе любое праяўленне вашага існавання замест таго, каб нарэшце прызнаць, што НІХТО з нас не ўпісваецца ў норму.

Мая пазіцыя — «Я — гэта я. Я — Алок. І Алок існуе па-за межамі вашай каланіяльнай, белай, гетэранарматыўнай, гендарна-бінарнай сістэмы!» Я не мушу быць жанчынай або мужчынам, каб быць сапраўдн_ай.

Я думаю, гэта падрывае саму тканіну нашага грамадства. Я не нарадзіл_ася ў няправільным целе. Я нарадзіл_ася ў няправільным свеце.

Валасы на маім целе — частка маёй феміннасці. У мяне барада і памада — гэта частка мяне.

У свеце, за які я змагаюся, маё цела — гэта мая справа
© Mukul Bhatia

Чаму мы ўвесь час ускладаем на людзей цяжар змяняць свае целы і даказваць сваю сапраўднасць іншым людзям замест таго, каб прызнаць, што гэта грамадства мусіць перагледзець свае нормы. Вось чаму транс* жанчын забіваюць. Калі яны сустракаюцца з кімсьці, чалавек бачыць пеніс і забівае іх. Вызначаць жанчыну наяўнасцю ў яе вагіны — гэта самая мізагінная ідэя, якая толькі можа быць. Таму трансмізагінія датычыцца таксама цысгендарных жанчын, бо цысгендарныя жанчыны — гэта не толькі іх вагіна. Многія мае знаёмыя транс* жанчыны робяць аперацыі, прымаюць гармоны для таго, каб быць у бяспецы, а не таму, што яны так хочуць.

У свеце, за які я змагаюся, мы можам проста сказаць: «Ведаеце, што? Маё цела — гэта мая справа».

Сумна і тое, што мы чакаем ад транс* людзей, што ў іх будуць адказы на ўсе пытанні. Адкуль, халера, мне ўзяць гэтыя адказы, калі я вырасл_а ў свеце, які адмаўляў маё існаванне? Я дагэтуль спрабую іх шукаць.

Але ў мяне ёсць блізкія людзі, мае каханыя і сябры, гатовыя праходзіць праз гэта разам са мною. Такую ўзнагароду я атрымліваю за свой актывізм. Мне хацелася б ведаць, што, калі ў цягніку на мяне пачнуць крычаць, людзі скажуць: «Хопіць!», а не пачнуць высвятляць, якія займеннікі я да сябе ўжываю.

У свеце, за які я змагаюся, маё цела — гэта мая справа
© Elif Kulick

Я ведаю, што людзі робяць мне балюча, таму што ім самім балюча. Я ведаю, што людзі дыскрымінуюць мяне з прычыны сваёй уласнай траўмы. І пакуль мы не вызвалім і тых, хто стварае гвалт, і ахвяраў гвалту, мы будзем трапляць у тую самую сістэму. Мяне падтрымлівае жаданне быць лепшым чалавекам. Я сапраўды шмат стаўлю на дабрыню! Я думаю, што сітуацыя настолькі херовая, мы жывем у такім таксічным асяроддзі, мы настолькі злыя і неадчувальныя адно да аднаго… што заставацца добрымі можа быць вельмі радыкальнай практыкай.

Я пачал_а пісаць вершы пасля спробы суіцыду. Мастацтва — гэта тое, да чаго мы звяртаемся, калі мова церпіць няўдачу і забывае пра нас. Так, можна пайсці на тэрапію, калі тэрапія патрэбная, але якім чынам самі зносіны паміж намі могуць стаць тэрапіяй? Ці можам мы любіць адно аднаго дастаткова моцна, каб нам не даводзілася паглыбляць сваю траўму? Каб нам не трэба было сыходзіць, і каб мы маглі заставацца разам, пераадольваючы гэтае лайно.

Велічэзная частка маёй ідэнтычнасці была выбудаваная з гвалту. Мне нічога не было вядома пра мой гендар апроч таго, што я «педык», нічога не было вядома пра маю расу апроч таго, што я «тэрарыст».

Калі я прыехал_а сюды, першы час мне здавалася: «О, божа, мне больш ніколі не будзе самотна, тут столькі ўсяго!» Але папраўдзе многія справы робяць адчуванне адзіноты яшчэ мацнейшым. Мы працягваем рабіць гэтую памылку, калі нам здаецца, што, чым больш нам належыць, тым больш мы шчаслівыя; або чым больш рэчаў знаходзіцца вакол нас… Замест таго, каб усвядоміць, што усё, што нам патрэбна, у нас ужо ёсць. І рухацца ад адчування недахопу ў бок багацця, усведамляючы, што мы — самадастатковыя.
____
1 жніўня ў Мінску адбудзецца выступ Алок Вэйд-Мэнан «Femme In Public». Для рэгістрацыі на мерапрыемства запоўніце, калі ласка, кароткую форму.

Старонкі мерапрыемства ў Фэйсбуку і Кантакце.