Беларусь 28 кастрычніка 2014

У Вільні прайшла канферэнцыя “Роўныя правы для ЛГБТ”

Прагляды: 2 617

© LGL
Больш за 20 беларускіх праваабаронцаў, актывістаў ЛГБТ і журналістаў, а таксама экспертаў і прадстаўнікоў ЛГБТ-арганізацыяў з Канады, Літвы і Швецыі сабраліся ў Вільні 11 кастрычніка ў межах канферэнцыі “Роўныя правы для ЛГБТ. Роля СМІ і грамадзянскай супольнасці”, каб абмеркаваць ролю СМІ і інстытутаў грамадзянскай супольнасці ў атрыманні роўных правоў для ЛГБТ.

Прадстаўнікі арганізацыяў “ГейБеларусь”, “ГейАльянс”, Беларускага Хельсінкскага Камітэта, Фемінісцкай НДА “Гендэрны маршрут”, інтэрнэт-часопісаў 34Мag i MAKEOUT, а таксама групы беларускіх журналістаў ЛГБТ абмеркавалі цяперашні стан правоў прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасці ў Беларусі і закранулі магчымыя шляхі ўзаемадзеяння актывістаў, праваабаронцаў і СМІ дзеля паляпшэння наяўнага стану рэчаў.

Міжнародныя эксперты прадставілі рэтраспектыўны агляд барацьбы за аднаўленне правоў ЛГБТ супольнымі намаганнямі актывістаў, праваабаронцаў і СМІ ў Канадзе, Швецыі і Літве, падзяліліся сённяшнімі дасягненнямі і выклікамі, з якімі ўсё яшчэ сутыкаюцца ЛГБТ-грамады ў адпаведных краінах.

Адмысловая дыскусія была прысвечана распаўсюджанай праблеме наяўнасці мовы варожасці ў каментарах чытачоў пад вэб-публікацыямі, прысвечанымі ЛГБТ-праблематыцы ў Беларусі і магчымым шляхам узаемадзеяння актывістаў і неабыякавых журналістаў і рэдактараў дзеля ўнікання абразаў у каментах карыстальнікаў ан-лайн СМІ.

Падчас канферэнцыі была дасягнутая дамоўленасць працягнуць абмеркаванне шляхоў узаемадзеяння паміж актывістамі ЛГБТ, праваабаронцамі і СМІ падчас рэгулярных працоўных сустрэчаў у Мінску.