Напярэдадні Калядаў MAKEOUT пагутарыў з магістрам паліталогіі і тэалогіі, рэдактаркай партала «Царква» Наталляй Васілевіч.
Пакуль гомасэксуалы заставаліся для мяне ананімнымі, віртуальнымі, я мела адназначнае меркаванне пра гомасэксуальныя стасункі як пра грахоўныя і найбольш адпаведным выйсцем для людзей з гомасэксуальнай арыентацыяй бачыла «перакоўку мяча на плуг», а дакладней змену арыентацыі з гомасэксуальнай на «натуральную» і «нармальную» ці прынамсі захаванне поўнага цэлібату і змаганне са сваёй сэксуальнасцю. Тым больш што першыя сустрэтыя мной у царкоўным асяроддзі гомасэксуалы акурат і належалі да руху «Пераадоленне», «overcoming».
Сярод іх былі не проста тыя, хто заходзіў паставіць у царкву свечку, але і людзі, актыўна ўключаныя ў царкоўнае жыццё, актывісты моладзевага руху і проста людзі, якіх я вельмі паважала як глыбокіх вернікаў. І раптам рабілася вядома пра іх «нетрадыцыйную» сэксуальную арыентацыю. Але нават гэтыя гомасэксуалы, што пераадольвалі ці пераадолелі, пераважна хавалі свае сапраўдныя імёны за нікамі, а пра свой «грэх» ці «хваробу» адкрываліся толькі надзвычай вузкаму колу найбліжэйшых сяброў і свайму духоўніку. Яны бралі гетэрасэксуальныя шлюбы і нараджалі дзяцей, ламалі (ці, іншымі словамі, рамантавалі) сваю сэксуальнасць у найлепшых традыцыях манаскага аскетызму і «перамагалі» — на кароткі ці больш-менш працяглы час.
© Gonzalo Hernández. Подпіс на рэтабла: «Подпіс на рэтабла: «Сандру Марцінэс узбуджала язда галяком на кані. Але аднойчы яе бацькі застукалі яе. Яны адправілі Сандру ў горад. Яна дзякуе Святому Гераніму за тое, што яе паводзіны выправілiся»
У Беларускай Праваслаўнай Царквы няма ўласных дакументаў што да царкоўнага жыцця людзей з гомасэксуальнай арыентацыяй, але ёсць афіцыйны дакумент на ўзроўні ўсяго Маскоўскага Патрыярхату — гэта Пачаткі сацыяльнай канцэпцыі РПЦ, прынятыя ў 2000 годзе. Дзявятая частка дванаццатага раздзела «Праблемы біяэтыкі» адназначна сцвярджае: «Святое Пісанне і вучэнне Царквы недвухсэнсоўна асуджаюць гомасэксуальныя полавыя сувязі, угледжваючы ў іх заганнае скажэнне богастворанай прыроды чалавека… Праваслаўная Царква… лічыць гомасэксуалізм грахоўным пашкоджаннем чалавечай прыроды, якое пераадольваецца ў духоўных высілках, што вядзе да ацалення і асабістага ўзрастання чалавека. Гомасэксуальныя памкненні, як і іншыя жарсці, што раздзіраюць паўшага чалавека, лечацца Таемствамі, малітвай, постам, пакаяннем, чытаннем Святога Пісання і твораў святых айцоў, а таксама хрысціянскімі стасункамі з вернікамі, якія гатовыя даць духоўную падтрымку».
Такім чынам, людзям з гомасэксуальнай арыентацыяй не толькі дазваляецца наведваць царкву — царква заахвочвае іх да наведвання з умовай прызнання сваёй сэксуальнай арыентацыі скрыўленай і грахоўнай і гатоўнасці яе «вылечыць» — устрыманнем ці пераарыентацыяй. Мітрапаліт Каліст Уэр, адзін з найбольш вядомых праваслаўных багасловаў сучаснасці, прапануе дыферэнцыяваны падыход і лічыць належным талераваць гомасэксуальныя пары, якія захоўваць вернасць адно аднаму, пры гэтым вымагаючы ад іх вядзення супольнага жыцця з устрыманнем ад непасрэдна сэксуальных праяваў.
«На мове афіцыйных дакументаў усё адназначна, але не ўсё так адназначна ў жыцці канкрэтных прыходаў, дзе многае залежыць ад супольнасці вернікаў, ад святара, ды і ад саміх прыхажанаў-гомасэксуалаў»
Сярод іх ёсць тыя, хто ў рэчышчы афіцыйных дакументаў і свайго хрысціянскага разумення змагаецца з гомасэксуальнасцю як з грахом, як са скалечанасцю сваёй прыроды, кажа гомасэксуальнасці цвёрдае «не» і сілы сваёй душы і цела скіроўвае на пераадоленне ці ўстрыманне ад сэксуальнай актыўнасці. Ёсць і тыя, хто прымае сваю гомасэксуальнасць як належнае і нават знаходзіцца ў стасунках з асобай свайго полу, але нават сярод апошніх на поўнамаштабны камін-аўт наважваюцца нямногія. Нават калі святар, увесь прыход ці нейкая група ў прыходзе LGBT-friendly, гэта хутчэй падпольная сетка, адрасы, паролі і яўкі якой у мэтах бяспекі ў адкрыты доступ не трапляюць. Найчасцей людзі, гатовыя прыняць і падтрымаць геяў і лесбіянак, што «выйшлі з каморы», на прыватным узроўні, не хацелі б такую салідарнасць засведчваць публічна. Альбо, наважваючыся прыняць канкрэтнага гомасэксуала ці гомасэксуальную пару ў парадку змякчэння канонаў, якое ў праваслаўнай царкве называецца іканаміяй, не знаходзяць у сабе сілаў ацэньваць гомасэксуальнасць у цэлым.
© Rafael Rodriguez Contreras. Подпіс на рэтабла: «Дзякуем табе, Святы Себасцьян, за тое, што дапамагаеш нам у нашых адносінах, паколькі нам няпроста, бо нашыя сем'і супраць нашай любові. Амапола Руіс і Энрыкета Васкес дзякуюць табе. Мехіка, 4 красавіка 1990»
«Ёсць у царкве і пэўная «шэрая зона», дзе гомасэксуальныя практыкі, прычым зусім не абавязкова звязаныя з гомасэксуальнай арыентацыяй удзельнікаў, а таксама не заўсёды добраахвотныя і свядома абраныя, хаваюцца за манаствам і цэлібатам»
Такія практыкі выкліканыя спецыфікай закрытага мужчынскага калектыву, закрытай карпарацыі, заснаванай на ўладзе, часта азначаюць дамагальніцтвы з боку тых, хто мае ўладу, да падначаленых, і сэксуальнасць тут выконвае функцыю найперш ажыццяўлення ўлады. Безумоўна, падначаленыя з гомасэксуальнай арыентацыяй найперш рызыкуюць стаць ахвярай, а потым і агрэсарам, бо парадаксальным чынам на ўзроўні ўлады менавіта такая форма гомасэксуальных практык у пэўным сэнсе легітымізуецца, бо забяспечвае лаяльнасць. Такая з’ява ў царкве ёсць безумоўна заганнай, гэта вынік непразрыстасці ўладных механізмаў, карпаратыўнай закрытасці, неабароненасці слабейшых ад больш моцных, і гомасэксуальныя практыкі тут выступаюць усяго толькі пэўнай формай рэалізацыі ўлады.
Наколькі мне вядома, і для каталіцкай царквы актуальная такая схема, калі ёсць афіцыйнае вучэнне і практыка, з ініцыятывы святара ці супольнасці больш гнуткая. Што да пратэстанцкіх цэркваў, то пераважна ўсе вядомыя мне беларускія пратэстанцкія супольнасці ставяцца да ЛГБТ і тых, хто іх падтрымлівае, рэзка адмоўна, заклікаюць да пакаяння і выпраўлення. Магчыма, унутры пратэстанцкіх супольнасцяў таксама існуюць розныя меркаванні, аднак я ніколі не сустракала талерантных да гомасэксуалаў пратэстантаў у Беларусі.
«Я не магу параіць выбіраць канфесію на падставе другасных параметраў — талерантнасць да ЛГБТК, беларускамоўнасць ці наогул палітычная пазіцыя»
Хаця, па-першае, гэтыя другасныя пытанні могуць так ці інакш адлюстроўваць і цэнтральны змест веры, а па-другое, для чалавека яны могуць быць настолькі важнымі, што пераважаць усе іншыя аспекты: такое своеасаблівае «пайду ў сінагогу, пайду ў мячэць, калі будзе там беларуская мова гучэць».
© Javier Mayoral. Подпіс на рэтабла: «Мы любім Ісуса, любім музыку, і мы любім адзін аднаго»
Многія ў пошуку Бога могуць прыйсці да меркавання, што гомасэксуальнасць замінае іх збаўленню, перажываць сваю гомасэксуальнасць як грэх і верыць у магчымасць змяніцца і стаць гетэрасэксуальным. Дарэчы, так бывае нярэдка, калі гомасэксуальны чалавек, які не хоча прымаць у сабе гомасэксуальнасць і перажывае яе як вычварэнне ўласнай прыроды і як праблему — паводле ўласных перакананняў ці пад ціскам грамадства, бацькоў, сяброў, — прыходзіць да Бога як да апошняй надзеі на змяненне сябе, на ацаленне, на выпраўленне свайго шляху, які бачыць скрыўленым.
Больш актуальным ёсць пытанне пра тое, як самі геі ці лесбіянкі, якія шукаюць Бога, успрымаюць сваю сэксуальную арыентацыю ў кантэксце сваёй веры, да якой бы канфесіі яны ні належалі. Адпаведна, якую стратэгію знаходжання ў супольнасці яны для сябе абяруць. Ламаць сябе дзеля нейкай іншай, вышэйшай праўды? Сядзець і далей у каморы, жывучы двайным жыццём, нікому ці нікому па-за вузкім колам не адкрываючы сваёй ідэнтычнасці і сваіх адносінаў з каханым чалавекам? Спрабаваць змяніць стаўленне сваёй супольнасці ці ўсёй канфесіі да гомасэксуальнасці, паказваючы сваім жыццём, што каханне з чалавекам свайго полу можа быць верным, самаахвярным, адказным, нічым не горшым за шлюб мужчыны і жанчыны? Быць гатовым цярпець знявагі ад братоў і сёстраў ці знайсці кола сяброў, святара, якія падтрымаюць і не дадуць у крыўду?
«Тут у кожнага свой шлях, і ён залежыць ад той меры, якую на сябе гатовы ўзяць чалавек, як ён сам адчувае Божую праўду»
Шлях да Бога ніколі лёгкім не бывае. У любым выпадку, якую канфесію ў Беларусі ні вазьмі, ЛГБТ там камфортна не будзе.
Разглядаючы стаўленне царквы да транссэксуальнасці, я зноў мушу звярнуцца да афіцыйнага дакумента — Пачаткаў сацыяльнай канцэпцыі Рускай Праваслаўнай Царквы, якая адрознівае транссэксуальнасць ад няправільнай ідэнтыфікацыі полавай прыналежнасці ў раннім дзяцінстве праз памылку доктара, звязаную з паталогіяй развіцця полавых прыкмет. У апошнім выпадку хірургічная карэкцыя дапускаецца, бо не лічыцца зменай полу.
© Hermanos Vilchis, Luis Vilchis. Подпіс на рэтабла: «Будзь слаўны, Святы Себасцьян, бо Хесус дараваў мне, што я не сказал_а яму аб сваёй транссэксуальнасці. Ён вярнуўся жыць разам са мной, нягледзячы на тое, што мы ніколі не зможам мець дзяцей. Пэдра Харызма. Мехіка, 28 лістапада 1995 года»
Што да транссэксуальнасці, то яна, паводле дакумента, ёсць праявай «скажэння чалавечай сэксуальнасці ў форме хваравітага пачуцця прыналежнасці да супрацьлеглага полу». На думку аўтараў Канцэпцыі, «імкненне адмовіцца ад прыналежнасці да таго полу, які дадзены чалавеку Стваральнікам, можа мець толькі згубныя наступствы для далейшага развіцця асобы». Царква не можа ўхваліць такога кшталту «бунт супраць Творцы» і прызнаць сапраўднай штучна змененую полавую прыналежнасць. Калі змена полу адбылася з чалавекам да Хросту, ён можа быць дапушчаны да гэтага Таемства, як і любы грэшнік, але Царква хрысціць яго як прыналежнага да таго полу, у якім ён народжаны. Рукапалажэнне такога чалавека ў святарны сан і ўступленне яго ў царкоўны шлюб не дапускаецца.
«Тым не менш ёсць рэлігійныя супольнасці, дзе чалавека, які змяніў пол, прымуць прыязна, спрабуючы сустрэць таго, хто ўжо перажыў вялікія цяжкасці і ўнутраныя канфлікты ў сваім жыцці, падтрымкай і суцяшэннем»
Праваслаўны епіскап з ЗША, уладыка Лазар Пухала, вельмі шмат піша на тэму трансгендарнасці і транссэксуальнасці, і ягонае меркаванне адрозніваецца ад пазіцыі РПЦ. Ягоная пазіцыя звязаная з неабходнасцю праваслаўным больш уважліва і прафесійна падыходзіць да пытання трансгендарнасці і, выказваючыся пра гэты феномен, улічваць навуковыя даследаванні ў дадзенай галіне.
© Javier Mayoral. Подпіс на рэтабла: «Святая Маргарыта любіла насіць лакаваныя туфлі на абцасах насуперак жаданням Папы»
У Праваслаўнай Царкве Польшчы ёсць вядомая і публічная транссэксуальная жанчына — Эва Галушка, якая прайшла карэкцыю полу ў 2000 г. У 2006 годзе яна, ужо пасля змены полу, атрымала другі найвышэйшы польскі цывільны ордэн — афіцэрскі крыж Ордэну адраджэння Польшчы. Яна актыўная прыхаджанка, вядомая ў праваслаўных колах, дзе, у залежнасці ад асяродку, яе прымаюць як праваслаўную верніцу ці ўспрымаюць варожа.
MAKEOUT прапанаваў спадарыні Наталлі пракаментаваць тры гіпатэтычныя сітуацыі.
Я малады праваслаўны вернік. Маю пабожную сям'ю і сябе лічу пабожным. Наведваю царкву штонядзелі. Увесь свой смутак я звычайна пакідаю на споведзі. Але раптам, асэнсоўваючы сваю сэксуальнасць, разумею, што дзяўчаты мяне не цікавяць. І, яшчэ горай, разумею, што першае нясмелае, але такое нястрымнае каханне адчуваю да хлопца. Што мне рабіць? Я спалоханы. У мяне ўнутраны канфлікт, непрыняцце сябе. Ці мушу я адкрываць бацюшку гэтую важную частку сваёй свядомасці?
Наталля: У споведзі трэці — заўсёды лішні. Я не магу ведаць, наколькі даверлівыя ў вас адносіны з вашым духоўнікам, і не бяруся прадказаць, чым можа скончыцца такая размова са святаром.
© Hermanas Salazar. Подпіс на рэтабла: «Кожны тыдзень я спяваў серэнады для сваёй каханай. Але калі я ўбачыў яе брата Луіса, то ўсвядоміў мае сапраўдныя сэксуальныя схiльнасцi. Цяпер я спяваю серэнады яму. Дзякую Дзеве Сапопанскай за тое, што Луіс адказвае мне ўзаемнасцю і што яго сястра прабачыла нам»
«Я не лічу, што каханне — гэта наогул тое, што трэба разглядаць як грэх і спавядаць як грэх»
З іншага боку, калі каханне выклікае ўнутраны канфлікт і непрыняцце сябе, то духоўная размова тут можа быць вельмі дарэчнай. Адзінае, чым я магла б дапамагчы, — гэта даць кантакты людзей, якія ўжо прайшлі гэты шлях, прычым для балансу б дала кантакты і тых, хто на гэтым шляху выбраў пераадоленне гомасэксуальнасці, і тых, хто зрабіў выбар на карысць прыняцця сябе. Ад канфлікту ж — унутранага ці вонкавага — у любым выпадку нікуды не падзецца. Любыя парады могуць быць толькі індывідуальныя, тут няма ніякіх шаблонаў. І даваць парады ў прыватных сітуацыях у межах публічнага інтэрв’ю — гэта не мой жанр.
Я праваслаўная хрысціянка. Разам з тым я лесбіянка. Я не была надта пабожнай усё жыццё, але і атэісткай сябе не лічу. Мы з партнёркай вырашылі гадаваць дзіця. Я хачу яго хрысціць і ўладкаваць у нядзельную школу. Ці магчыма гэта зрабіць, не хаваючы прыватнага жыцця? Ці ёсць у Беларусі такія канфесіі, дзе я магу быць шчырай перад царквой у гэтым пытанні?
Наталля: У Беларускай Праваслаўнай Царкве з прычыны масавасці хрышчэнняў ніхто, як правіла, не цікавіцца прыватным жыццём бацькоў дзіцяці. Хросных папросяць выканаць нейкія фармальныя патрабаванні, але бацькоў ніхто і пытацца не будзе пра іх грамадзянскі стан. А хто водзіць дзіця ў нядзельную школу — маці, цёця, бабуля, старэйшая сястра ці суседка, таксама мала ў каго выклікае цікавасць.
© Hermanas Salazar. Подпіс на рэтабла: «Мая сяброўка Рэбека павінная была выйсці замуж пад ціскам яе сям'і. Дзякую Святой Барбары за тое, што за некалькі хвілін да вяселля я змагла пераканаць яе не выходзіць замуж. Я сказала, што ёй не варта здзяйсняць такую вялікую памылку і лепш нам з ёй жыць і вучыцца разам у сталіцы. Дзякуем Святой Барбары»
Шчырасці, як правіла, ні ад кога не патрабуецца, блізкіх кантактаў з бацькамі іншых дзяцей не вымагаюць, але ў любым калектыве дзіцяці, якое адкрыта выхоўваецца аднаполымі бацькамі, будзе нясоладка. Гэта залежыць не ад канфесіі, а ад грамадскага стаўлення да аднаполых параў у цэлым.
Я феміністка. Не зважаючы на свае перакананні, я сапраўды веру ў Бога і шукаю шляхі да яго. Больш за тое, я лічу, што ў вучэнні Ісуса і феміністычных перакананнях зусім няма супярэчнасцяў (і там, і там суцэльнае імкненне да раўнапраўя). Ці магчыма, не хаваючы сваіх поглядаў і не ствараючы канфлікту ў сваёй свядомасці, стаць парафіянкай/прыхаджанкай якой-кольвек хрысціянскай канфесіі ў нашай краіне?
Наталля: Практычна любая канфесія так ці інакш адкрытая да пытання роўнасці жанчын, але ў рознай ступені. У шэрагу пратэстанцкіх канфесій жанчыны могуць служыць у царкве, прапаведаваць; у каталіцкай і праваслаўнай царкве жанчыны таксама могуць выконваць разнастайныя лідарскія функцыі, у тым ліку богаслужбовыя.
На ўзроўні дыскурсу могуць больш ці менш гендарна адчувальныя святары, прапаведнікі і багасловы. На жаль, шмат і такіх, якія будуць прапаведаваць выключна патрыярхальнае ўладкаванне сям’і і грамадства ці нават талераваць гвалт у сям’і. У адказе на гэтае пытанне я магу звярнуцца і да свайго ўласнага досведу.
«Я феміністка і праваслаўная хрысціянка, ніякага ўнутранага канфлікту не маю, поглядаў сваіх не хаваю, канфлікты, калі і ўзнікаюць, то толькі вонкавыя, і тое максімум абразы ў інтэрнэце, часцей за ўсё ананімныя»
© Javier Mayoral. Подпіс на рэтабла: «Дзякуючы Святой Алене я граю некалькі песень Fleetwood Mac нашмат лепш за свайго мужа»
Мая хрысціянская праваслаўная супольнасць, у тым ліку і святары, у большай ці меншай ступені падзяляюць мой фемінізм ці, прынамсі, не бачаць у маіх поглядах падставы для канфлікту.
Паколькі фемінізм — гэта даволі разнастайны рух, некаторыя яго формы могуць быць для мяне прымальныя, некаторыя — занадта радыкальныя. Царква — усё ж арганізм, які развіваецца паводле сваёй логікі, і тут галоўнае — вера ў Бога, у Хрыста, жаданне атрымаць дараванне грахоў, збаўленне, жыць Божымі наказамі, вызваляцца ад рабства граху, прыпадабняцца да Бога ў любові да бліжняга і ў самаахвярнасці, слухацца Дабравесця, чыніць справы міласці і праўды. У той ступені, наколькі фемінізм адпавядае сарцавіне хрысціянскай веры, ён прымальны ў царкве ці нават вітаны ў царкве, як вітаны любы рух да ўзнаўлення чалавечай годнасці, абароны слабейшых, выкаранення несправядлівасці і гвалту.
Чамусьці амаль усе пытанні, якія мне задаваліся, ключавым паняццем мелі ідэю «ўнутранага канфлікту». Хрыстос сказаў: «Прыйдзіце да мяне, усе спакутаваныя і абцяжараныя, і Я супакою вас». І сапраўды, у веры ў Хрыста можна знайсці суцяшэнне і супакой незалежна ад полу, сэксуальнай арыентацыі, этнічнага ці сацыяльнага паходжання, сваіх мінулых учынкаў. Многія, хто прыходзіць да Хрыста, да Царквы, маюць патрэбу ў суцяшэнні.
Хрысціяне часта паўтараюць за сваім Настаўнікам, што яны — гэта соль зямлі, і баяцца згубіць сваю салёнасць, каб не быць выкінутымі на сметнік. У талерантнасці да ЛГБТ, напрыклад, «салёныя» хрысціяне бачаць страту салёнасці, «прагін» перад светам, а непрыманне ЛГБТ — змаганнем за Божую ісціну і Божы закон. Таму нярэдка кідаюць соль на раны «спакутаваных і абцяжараных» — тых, каго разрываюць унутраныя канфлікты, хто паранены, хто ненавідзіць сябе, хто не можа гарманічна і ў адпаведнасці са сваім унутраным самаадчуваннем будаваць сваё жыццё, хто і так часта адрынуты сям’ёй, сябрамі, грамадствам. Соль раз’ядае рану, а добры самаранін раны перавязвае, узлівае на іх алей і віно.
Я не ведаю, які шлях і якую жыццёвую стратэгію абярэ кожны гомасэксуал і транссэксуал, які шукае Бога. Я не ведаю, як зменіцца стаўленне да гомасэксуальнасці ці транссэксуальнасці ў царкве праз пяць, дзесяць, пятнаццаць гадоў. Што яно змяняецца — гэта відавочна. Я пакуль вызначыла толькі стратэгію для самой сябе — быць на баку тых, хто шукае дапамогі, на баку тых, каго зневажаюць, на баку тых, хто цярпіць. Ну і выказваю гатоўнасць атрымаць чарговыя кухталі ад маіх больш кансерватыўных, больш «салёных» братоў і сёстраў.
*У якасці ілюстрацый да тэксту выкарыстаны мексіканскія каталіцкія рэтаблас. Першапачаткова рэтабла — гэта малюнкі ў дар святым, якія робяць у падзяку за нейкую цудоўную падзею, напрыклад, пазбавіўшыся ад небяспекі ці хваробы. З канца XX ст. рэтаблас сталі папулярнай формай мастацтва.