MAKEOUT стварыў уласны рэйтынг лаяльнасці і намаляваў да яго адмысловыя мапы. Пакуючы валізкі на адпачынак не забудзься на тое, каб зазірнуць сюды.
MAKEOUT склаў рэйтынг краінаў, які дапаможа зразумець ступень лаяльнасці грамадства да прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасці.
Пачнем з краінаў Усходняй Еўропы. Гэта вельмі неадназначны і супярэчлівы рэгіён. Этнічныя супольнасці тут стагоддзямі фармаваліся пад уплывам розных традыцыйных каштоўнасцяў і рэлігіяў. Зліўшыся на 80 гадоў у адну сацыялістычную краіну пад назвай СССР, у ХХІ стагоддзі дзяржавы Усходняй Еўропы зноў разышліся па розных «традыцыйных кірунках».
Усходнюю Еўропу можна падзяліць на тры ўмоўныя зоны. І — зона з лаяльным да ЛГБТ грамадствам, ІІ — зона з гамафобным грамадствам і ІІІ — зона з высокім узроўнем гамафобіі ў грамадстве.
У лаяльную зону трапілі Латвія і Эстонія — краіны ЕС з адносна развітым антыдыскрымінацыйным заканадаўствам і пераважна гей-фрэндлі настроямі ў грамадстве.
У гамафобную зону трапіла большасць краінаў рэгіёна: Малдова, Арменія, Азербайджан, Украіна, Літва, Грузія, Беларусь. У гэтых краінах большасць прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасці вымушаная хаваць сваю арыентацыю, бо агульны ўзровень гамафобіі можа пашкодзіць іх сацыяльнаму дабрабыту.
У надзвычай гамафобную зону трапіла Расія. У гэтай краіне быць прадстаўніком ЛГБТ проста небяспечна для жыцця.
Рэйтынг лаяльнасці краінаў да ЛГБТ, паводле MAKEOUT, грунтуецца на звестках пра заканадаўства і іншыя мясцовыя асаблівасці пэўных тэрыторыяў, і складаецца з 14 крытэраў ацэньвання: ад магчымасці ўсынаўлення дзяцей гей-парамі да наяўнасці смяротнага пакарання за аднаполы сэкс. За кожны крытэр даецца пэўны бал. Чым болей краіна атрымлівае балаў, тым яна бяспечнейшая і камфортнейшая для наведвання і жыцця гомасэксуалаў. Рэйтынг актуальны на 3 студзеня 2014 года.
Агульныя звесткі пра ЛГБТ
Ва ўсіх краінах Усходняй Еўропы аднаполыя сэксуальныя стасункі дэкрыміналізаваныя. Гэта значыць, правесці ноч з прадстаўніком свайго полу — не злачынства. Украіна першай пасля распаду СССР адмяніла пакаранне за гомасэксуальны кантакт — у 1991 годзе, апошняй была Арменія (2003). Але, як гэта часта адбываецца, настроі, што пануюць у грамадстве, нашмат больш інертныя за законы. Большасць насельніцтва рэгіёна дагэтуль мае надзвычай негатыўнае стаўленне да ЛГБТ.
Паводле вынікаў сацыялагічнага даследавання European Values Study, на пытанне «Ці былі б вы супраць суседзяў-гомасэксуалаў», больш чым палова рэспандэнтаў адказала «Так, я супраць такіх суседзяў» амаль ва ўсіх краінах Усходняй Еўропы, акрамя Латвіі, Арменіі і Эстоніі.
ЛГБТ-прайды
Адным з паказчыкаў грамадскай лаяльнасці да ЛГБТ ёсць правядзенне ў краіне гей-прайдаў, вясёлкавых шэсцяў і г.д. На большасці тэрыторыі рэгіёна яны на тых ці іншых падставах пастаянна абмяжоўваюцца або цалкам забараняюцца. Так, у Беларусі парады забараняліся ледзь не штогод, пачынаючы з 2001 года. У Расіі ўлады не дазвалялі праводзіць гей-шэсці ў 2006, 2007, 2008, 2011. У 2012-м маскоўская мэрыя ўвогуле забараніла ладзіць ў горадзе гей-дэманстрацыі сто найбліжэйшых гадоў. Ведай: цяпер удзел у такіх акцыях там — па-за законам. З 2012 года ў некаторых рэгіёнах Малдовы забароненая любая «гей-прапаганда», у тым ліку і парады. Цяпер там нават накладанне мэйкапу для хлопцаў нелегальна. Грузія праводзіла гей-шэсці ў 2012 і 2013, нягледзячы на афіцыйную падтрымку ўладаў, парады гвалтоўна зрываліся мясцовымі радыкальнымі праваслаўнымі актывістамі. У Азербайджане першы гей-парад планавалася правесці ў 2012 годзе падчас Еўрабачання, якое ладзілася ў Баку. Гэта нават выклікала дыпламатычны скандал з Іранам, што прывяло да ўзаемнай адсылкі амбасадараў, але шэсця так і не адбылося. У Арменіі ўвогуле не было ініцыятываў звязаных з правядзеннем гей-прайдаў. Прыбалтыка — адзіны рэгіён, дзе гей-прайды па чарзе праходзяць штогод у кожнай балтыйскай краіне. Але і тут усё не так гладка. Некаторыя з іх адбываліся ў варожай атмасферы з высокім узроўнем сацыяльнай напружанасці.
Рэлігійны ўплыў
У некаторых краінах рэгіёна на гамафобію ўнутры грамадства сур’ёзна ўплываюць лакальныя канфесіі. Так, у Расіі, Беларусі, Украіне, Грузіі і Літве кіраўнікі некаторых мясцовых рэлігійных аб’яднанняў неаднаразова варожа выказваліся наконт ЛГБТ-супольнасці. У Расіі, Грузіі і Украіне менавіта праваслаўныя экстрэмісты — асноўныя агрэсары падчас гей-шэсцяў. Часта такая агрэсія публічна апраўдваецца адміністрацыяй канфесіяў, у СМІ ды прадстаўнікамі мясцовых уладаў. Сцеражыся сэксапільных малойчыкаў з абразамі!
Злачынствы на глебе нянавісці
Аднак самы яскравы паказчык грамадскай лаяльнасці (тут ужо хутчэй нянавісці) да ЛГБТ — гэта выпадкі цкавання, здзекаў, гвалту і іншых злачынстваў на глебе гамафобіі. Паведамленні пра такія выпадкі рэгулярна прыходзяць з Арменіі, Літвы, Расіі і Беларусі. Так, напрыклад, у Літве ў 2010 годзе 160 са 180 спробаў распальвання нянавісці (пераважна ў інтэрнэце) былі накіраваныя ў адрас ЛГБТ, адзначае мясцовая паліцыя. Большасць аўтараў былі пакараныя. У Арменіі ж, паводле некаторых звестак, мясцовая паліцыя сама несанкцыянавана чыніць рэйды па гей-установах. У Беларусі дакладна вядомыя выпадкі гвалту. Ёсць паведамленні, што беларуская міліцыя і пракуратура неахвотна разглядаюць справы, звязаныя з гвалтам у дачыненні ЛГБТ. У Расіі акрамя паведамленняў пра гвалт і цкаванне час ад часу можна пачуць навіны пра забойствы на глебе гамафобіі. Такія ж звесткі пра цкаванне і нават забойствы прыходзяць і з Грузіі. Звярні асаблівую ўвагу на стыль сваіх паводзінаў, наведваючы гэтыя краіны.
ЛГБТ і войска
Нават цяпер у некаторых краінах рэгіёна існуюць прафесіі, дзе забаронена адкрыта паведамляць пра сваю арыентацыю, калі яна адрозніваецца ад гетэрасэксуальнай. Гэта можа прывесці не толькі да міжасабовых канфліктаў унутры працоўнага калектыву, але і стаць прычынай афіцыйнага звальнення. Служба ў войску — менавіта той выпадак. Напэўна, у любой дзяржаве ўзброеныя сілы — адна з самых кансерватыўных арганізацыяў. Але для большасці краінаў постсавецкай прасторы войска — гэта яшчэ і носьбіт і ахоўнік «слаўных савецкіх традыцыяў», калі вы разумееце, пра што я. Так, напрыклад, у Беларусі ў мірны час адкрыты гомасэксуал не можа служыць ва Узброеных сілах. Але ў ваенны час пры пэўных акалічнасцях мабілізацыі падлягае і гэтая група насельніцтва. Прадстаўнікам ЛГБТ-супольнасці забаронена служыць і ў расійскім войску. У Арменіі, напрыклад, афіцыйна такой забароны няма, але ёсць звесткі пра датэрміновае звальненне салдат праз іх арыентацыю. У Эстоніі, Латвіі, Літве, Украіне і Малдове адкрытая гомасэксуальнасць — не падстава для адмовы ў службе.
Антыдыскрымінацыйныя законы
Не ўсе дзяржавы рэгіёна згодныя мірыцца з нянавісцю ўнутры ўласнага грамадства. Першы і самы важны крок на шляху да раўнапраўя і лаяльнасці — наяўнасць антыдыскрымінацыйнага заканадаўства. Так, у Латвіі, напрыклад, законам забароненая любая дыскрымінацыя па прыкмеце сэксуальнай арыентацыі. Больш за тое, краіна мае развітое гендарнае заканадаўства. У пэўных спрэчных выпадках яно дазваляе асобе самой вызначыць сваю гендарную прыналежнасць. У Літве таксама любая гей-дыскрымінацыя па-за законам, але гэта не значыць, што паліцыя будзе нястомна абараняць цябе. Не забывайся на агульную атмасферу ў краіне. У Эстоніі, Грузіі і Малдове дыскрымінацыя праз сэксуальную арыентацыю забараняецца, але не ва ўсіх сферах. Арменія, Азербайджан, Беларусь, Расія і Украіна ўвогуле не маюць антыдыскрымінацыйнага гей-заканадаўства.
Пачакай рабіць высновы. Праглядзі невялікія інтэрв’ю MAKEOUT з мясцовымі жыхарамі некаторых краінаў рэгіёна, можа быць, яны дазволяць глыбей зразумець суворыя ўсходнееўрапейскія норавы.
Украіна, Кіеў. Тарас, 28 гадоў. Маркетолаг.
Пра тое, што я гей, ведаюць толькі мае самыя блізкія сябры. З бацькамі мы ніколі не падымалі такое пытанне, хаця, магчыма, яны здагадваюцца. Напэўна, яшчэ не з’явіўся чалавек, якога можна было б з імі пазнаёміць. Мяркую, калі я такога сустрэну, гэтае пытанне вырашыцца само.
— Ці небяспечна ў Кіеве цалавацца з хлопцам на вуліцы? Трымацца за руку ў метро? Абдымацца ў кіно?
— Не ведаю, я ніколі так не рабіў. І вам бы не раіў. Навошта лішні раз правакаваць? Мы маем клубы, саўны спецыяльныя. Там можна паводзіць сябе як заўгодна. А дэманстраваць сваю арыентацыю на вуліцах… Навошта? Нашае грамадства да гэтага не гатовае.
***
Літва, Клайпеда. Антон, 32 гады. Адміністратар кавярні.
Самыя блізкія мае сябры — гамафобы. Баюся расказваць, каб не страціць іх. Бацькі таксама не ведаюць. Не хачу псаваць і так не самыя цёплыя адносіны.
— Што адбудзецца, калі ты пройдзеш са сваім партнёрам за руку па галоўнай вуліцы Клайпеды ці пацалуеш яго?
— Тут шмат знаёмых. У іншым горадзе я б не баяўся так рабіць, але навошта? Мне здаецца, што адзін ці некалькі пацалункаў людзей бы не шакавалі, але за рукі я б не трымаўся. Я рабіў так толькі ноччу. Вядома, ёсць магчымасць, што атрымаеш па галаве, але гэта залежыць ад таго, што за людзі побач. Аднойчы на мяне з маім бойфрэндам напалі ў цэнтры горада два хлопцы, калі мы вярталіся з гей-клуба. Яны абрабавалі нас. Паліцыя знайшла іх, быў суд. Але прысуд быў за крадзеж, а не за напад на геяў… Я б, вядома, хацеў жыць адкрыта, але і так не скарджуся. Што-небудзь змяніць у грамадстве ў мяне атрымаецца наўрад ці. Таму я проста прызвычаіўся.
***
Азербайджан, Баку. Алі, 26 гадоў. Інжынер-тэхнолаг.
Я — адкрыты гей, мне хаваць няма чаго. Бацькі даведаліся тры гады таму, паставіліся вельмі негатыўна, але змірыліся. Я добры спецыяліст, на той час грунтоўна стаяў на нагах і ўжо мала залежаў ад іх. Гэта быў цяжкі перыяд. Мусіць, мне проста хацелася скінуць з душы камень. Я жыў у пастаянным напружанні. Мне здавалася, што нада мной вісіць Дамоклаў меч, баяўся, што мая таямніца раскрыецца. Але самае страшнае ўжо ў мінулым… На працы пра маю арыентацыю не ведаюць, лічу, што не варта змешваць прыватнае жыццё і працу.
— Што станецца, калі ты пройдзеш па галоўнай вуліцы Баку са сваім хлопцам за руку? Абдымеш яго ў кіно? Пацалуеш у метро?
— Мяркую, большасць будзе глядзець на нас з агідай. Можа, і фізічную сілу прыменяць. Правяраць не вельмі хочацца. Азербайджанскае грамадства дастаткова гамафобнае, каб не раскрываць сваю арыентацыю. Вядома, я б хацеў жыць сапраўды адкрытым жыццём, але пакуль людзі не зменяць свайго меркавання пра геяў, нічога не зменіцца.
***
Латвія, Рыга. Марцін, 29 гадоў. Журналіст.
Я не хаваю, але і не крычу паўсюль. Бацькам адкрыўся, наўпрост у лоб сказаў, калі было 22. Мне здаецца, яны не вельмі паверылі, але больш пытанняў не задавалі. У мяне ёсць хлопец, здаецца, яны яго адэкватна ўспрымаюць, лічаць за свайго.
— Раскажы тады, у якой ступені грамадства ў Латвіі гамафобнае. Ці небяспечна хадзіць з хлопцам па вуліцы за руку, абдымацца ці цалавацца ў трамваі, напрыклад?
— Я не вельмі разумею сэнс тэрміна «гамафобія». Так, як ты кажаш, вядома, не адбываецца. Але калі проста сустракацца, дык ніхто не зважае. Ведаеш, выстаўляць напаказ прыватнае жыццё — не найлепшая справа ў любым выпадку. Я сам не падтрымліваю гэтага. Калі паводзіць сябе вельмі па-жаноцку, фарбаваць вусны, можа, толькі тады людзі і скажуць, што гэта не вельмі добра.
***
У любым выпадку, збіраючыся ў падарожжа, памятайце, што галава на плячах, цвярозы розум і адэкватнасць мусяць быць галоўнай падставай для хоць якіх учынкаў.
ПРАЦЯГ БУДЗЕ.
Вельмі шкада, што атрымалася паразмаўляць толькі з хлопцамі. Мы разумеем, што для больш аб’ектыўнай карціны бракуе меркаванняў лесбіянак і трансгендараў. Надалей абяцаем выправіцца.
Карусь Люты для MAKEOUT