8 мая 2018

«ЛГБТК гісторыю Беларусі яшчэ трэба напісаць, да яе толькі падступаюцца некаторыя даследчыкі»

4 655
Месяц таму ў Мінску адбыўся квір-фестываль DOTYK. Сёлета фестываль быў цалкам прысвечаны квір- і ЛГБТ+ гісторыі.
Гісторыя можа стаць падмуркам, ад якога супольнасць мае адштурхоўвацца, глебай для новых ідэй і натхнення, прызмай, якая пакажа звычайныя для нас з'явы ў нечаканым ракурсе. Мы хочам паглыбіцца ў квір- і ЛГБТ+ гісторыю СССР, каб зрабіць з яе высновы аб сучаснасці»

— кажуць арганізатары фестывалю.


«ЛГБТК гісторыю Беларусі яшчэ трэба напісаць, да яе толькі падступаюцца некаторыя даследчыкі»
© Інфаграфіка Nollaig Lou / Скачать инфографику в полном размере.


Чаму DOTYK 2018 выбраў зрабіць фокус на гісторыі, расказвае куратар праграмы, гісторык Уладзімір Валодзін:

— Я і на двух мінулых фестывалях Dotyk адказваў за гістарычную частку. Ну, і за два прамінулыя гады мае кантакты істотна пашырыліся, і стала магчыма скласці паўнавартасную фестывальную праграму менавіта па гісторыі. І, трэба сказаць, зараз ёсць з каго такі фестываль сабраць. Дзесяць гадоў таму ва Ўсходняй Еўропе амаль не было даследчыкаў квір-гісторыі. Нават пяць гадоў таму ў Беларусі немагчыма было сабраць такі фестываль, бо не было мясцовай «базы», хаця б пары чалавек, якія б распрацоўвалі квір-гісторыю хоць у акадэмічным сэнсе, хоць у актывісцкім. Цяпер сітуацыя істотна змянілася. Узяць хоць бы рубрыку «Рэтра» на сайце MAKEOUT. За апошнія некалькі гадоў адзін-два разы на год праводзяцца канферэнцыі па гісторыі гомасэксуальнасці Усходняй Еўропы. Бліжэйшая будзе 7-8 чэрвеня ў Рызе ў межах Балтыйскага Прайда-2018; паколькі канферэнцыю прымае Інстытут літаратуры, то яны таксама робяць акцэнт на літаратуразнаўстве.

Квір-супольнасць заўсёды была андэграўнднай, схаванай ад афіцыйнага дыскурсу. Як атрымліваецца знайсці крыніцы для раскрыцця квір-гісторыі?

— Сапраўды, пошук крыніц часта нялёгка даецца. Але пытанне заўжды можна вырашыць тым ці іншым спосабам. Калі нельга ўвайсці праз парадныя дзверы, можна знайсці чорны ход ці ўлезці ў вакно.

Тое, што супольнасць была закрытай, не значыць, што афіцыёз ёй не цікавіўся. Былі публікацыі і крыміналістаў, і судова-медыцынскіх экспертаў, і псіхіятраў, і сацыёлагаў, і спецыялістаў у пытанні полавага выхавання, і эндакрынолагаў, і розных іншых. Гэтыя публікацыі адлюстроўваюць не столькі жыццё квіроў (хаця і гэта ў іх можна вычытаць), колькі погляды той ці іншай групы «экспертаў» у той ці іншай галіне (гэтыя погляды маглі супадаць з дамінуючымі ці супрацьстаяць ім). То бок атрымліваецца не столькі гісторыя гомасэксуалаў (ці, напрыклад, інтэрсэксаў), колькі гісторыя ўяўленняў пра гомасэксуальнасць, ці інтэрсэкснасць, ці іншы сэксуальна-гендэрны нонканфармізм.

У многіх выпадках мне даводзіцца не замыкацца на Беларусі, а выкарыстоўваць матэрыялы па іншых рэспубліках былога СССР. Гэта дазваляе пашырыць базу крыніц. Я стараюся вельмі ўважліва праходзіцца па спасылках у чужых публікацыях і знаёміцца з пералічанай там літаратурай. Так, ад кнігі да кнігі можна часам натрапіць на вельмі цікавыя творы.

Што тычыцца «чорнага ходу», то ёсць такая з'ява, як публікацыі пра СССР у заходняй прэсе. У 1970-х і 1980-х заходненямецкія, французскія, італьянскія, амерыканскія і ангельскія выданні, у першую чаргу ўласна гейскія, публікавалі артыкулы пра становішча, як тады пісалі, «сэксуальных меншасцяў» у СССР. Гэта былі інтэрв'ю з ананімнымі квірамі, з якімі заходнія візіцёры знаёміліся на плешках у гарадах СССР, ці матэрыялы пра суд над Параджанавым і кампаніяй, ці розныя іншыя цікавыя публікацыі. Гэтую гісторыю яшчэ трэба напісаць, да яе толькі падступаюцца некаторыя даследчыкі.

Вельмі важнай крыніцай могуць з'яўляцца дзённікі і ўспаміны. Тут многае залежыць ад наладжвання даследчыкам кантактаў з іх захавальнікамі, ад наладжвання кантактаў з супольнасцю ў цэлым.

Так, Інэта Ліпша мае добрую рэпутацыю як даследчыца гісторыі сэксуальнасці Латвіі. І да яе звярнуўся захавальнік дзённіка латвійскага гомасэксуала, даў азнаёміцца з дзённікам, скапіяваць яго. Дзённік вёўся ў 1940-1980-я гады. Праз тое, што я ўжо набыў шырокую вядомасць у вузкіх колах як чалавек, які цікавіцца гісторыяй гомасэксуальнасці, мне ў рукі трапілі мемуары аднаго беларускага бісэксуала, якія ахопліваюць прыкладна той жа час. У іх аўтар піша пра вайну, пра паўсядзённасць, пра побыт, пра сямейнае жыццё і пра полавае жыццё таксама. Гэта такі «друкапіс», то бок успаміны былі набраныя на камп'ютары і існуюць толькі некалькі раздрукаваных копій. Я не зусім разумею, што рабіць далей. Паўстае пытанне, па-першае, верыфікацыі ўспамінаў — ці не містыфікацыя гэта? Па-другое, калі не містыфікацыя, то трэба захаваць тайну асабістага жыцця людзей, якія там узгадваюцца. Але калі дзеля захавання тайны асабістага жыцця выдаліць з успамінаў імёны, геаграфію, назвы ўстаноў, дзе людзі вучыліся і працавалі, то што ад іх застанецца?

Іншыя гісторыкі «падкідваюць» архіўны матэрыял. Так, Аляксандр Гужалоўскі знайшоў архіўную справу 1920-х гадоў з апісаннем спробы крымінальнага пераследу двух мужчын-гомасэксуалаў, якія служылі ў войску на тэрыторыі БССР. Сам ён яе амаль не выкарыстаў — так, напісаў пару сказаў. Але спасылку на яе даў. Я паглядзеў справу ў Нацыянальным архіве Беларусі – а там матэрыяла на цэлы артыкул.

Ці лічыце вы сваю дзейнасць актывісцкай?

— Так, мая зацікаўленасць квір-гісторыяй мае відавочна актывісцкія карані. Я хачу, каб гістарычныя даследаванні служылі грамадству, адказваць у некаторым сэнсе на «сацыяльную замову». Такой «сацыяльнай замовай» для мяне з'яўляецца існаванне ў Мінску маленькай, але жвавай квір-супольнасці. Аднак пры гэтым я лічу, што гісторык павінен даваць грамадству не лозунгі, а матэрыял для крытычнага разважання. То бок я, безумоўна, заангажаваны гісторык, але я хачу падтрымліваць пэўны ўзровень сваіх публікацый. У нашым выпадку гэта можа быць матэрыял для крытычнага разважання над катэгорыямі гендэра і пола, гетэра- і гомасэксуальнасці, асабліва над бінарнасцю гэтых катэгорый. Сярод маіх знаёмых, якія «не ў тэме», мне даводзіцца, напрыклад, тлумачыць, хто такія інтэрсэксы, даводзіць, што біялагічных «полаў» не два.

Асобная гісторыя — гэта дзейнасць у супольнасці беларускіх гісторыкаў. Само прамаўленне гісторыі гомасэксуальнасці на беларускіх акадэмічных канферэнцыях можна ўспрымаць як пэўнага кшталту актывізм (прынамсі, як грамадзянскую пазіцыю гісторыка). На шчасце, мне не даводзілася сутыкацца з адкрыта гамафобнымі выказваннямі іншых беларускіх гісторыкаў у мой бок, наадварот, мае даклады траплялі ў праграмы канферэнцый, а артыкул апублікавалі. Але можна было заўважыць ціхую незадаволенасць некаторых кансерватараў. Пэўныя беларускія гісторыкі пакуль не могуць дастаткова спакойна пісаць пра гомасэксуальнасць — іх «заносіць» у, скажам так, далёка не гамафільную фразеалогію. Тут трэба ці то асветніцкая кампанія, ці то пачакаць, пакуль зменяцца пакаленні. Ну, вось, фестываль і можна лічыць часткай такой асветніцкай кампаніі, разлічанай як на шырокую публіку, так і на ўласна гісторыкаў. І, вядома, у першую чаргу — на квір-супольнасць.


«ЛГБТК гісторыю Беларусі яшчэ трэба напісаць, да яе толькі падступаюцца некаторыя даследчыкі»

Тут вы можаце паглядзець відэа- запісы мерапрыемстваў з фестывалю квір-гісторыі DOTYK:

• Уку Лембер (Эстонія): «Нататкі пра час, месца і сябе ў вуснай гісторыі гомасэксуалаў у Эстоніі»
• Яніс Озаліньш (Латвія): «Латвійскі ЛГБТ+ рух і наратыў нармалізацыі»
• Уладзімір Валодзін (Беларусь/Італія): «Крымінальны пераслед гомасэксуалаў у Савецкім Саюзе ў 1946-1991 гадах»
• Інэта Ліпша (Латвія): «Аб амністыі ў сувязі з 60-годдзем Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі: нечаканае ў судовых рашэннях па крымінальных справах гомасэксуалаў у Латвійскай ССР»
• Павел Голубеў (Расія): «Лёс мастацкай і літаратурнай спадчыны Канстанціна Сомава»
• Павел Чапыжоў (Расія). «Друкаваныя выданні як сведчанне жыцця і праблематыкі ЛГБТ у 1630х-1940х гадах: досвед кніжнага збору»
• Арцюр Клеш (Францыя): «Гомасэксуальныя суб’ектыўнасці ў шматнацыянальнымСССР».
• Гутарка: «Познесавецкі квір: асобы, падзеі, успаміны». Удзельніцы: Вольга Краўзэ (Расія/Україна), аўтарка і выканаўца песень, мемуарыстка, Алена Гусяцінская (Расія), заснавальніца расійскага ЛГБТ-архіва. Вядзе гутарку Іра Ралдугіна (Расія) – гістарыца, дактарантка Оксфардскага ўніверсітэта.
• Дэн Хілі (Вялікабрытанія): «Архіў свабоды ці «гей-прапаганда»? Расійская ЛГБТ-прэса ў 1990-х гадах»
• Прэс-канферэнцыя: вынікі квір-фестывалю DOTYK-2018