MAKEOUT склаў рэйтынг лаяльнасці, які дапаможа зразумець стаўленне грамадства да прадстаўнікоў ЛГБТК-супольнасці ў розных краінах.
MAKEOUT працягвае знаёмiць чытачоў з рэйтынгам лаяльнасці, які дапаможа зразумець стаўленне грамадства да прадстаўнікоў ЛГБТК-супольнасці ў розных краінах.
Рэйтынг лаяльнасці краінаў да ЛГБТК, паводле MAKEOUT, грунтуецца на звестках пра заканадаўства і іншыя мясцовыя асаблівасці пэўных тэрыторыяў і складаецца з 14 крытэраў: ад магчымасці атрымання гей-парамі апекі над дзецьмі да наяўнасці смяротнага пакарання за аднаполы сэкс. За кожны крытэр даецца пэўны бал. Чым болей краіна атрымлівае балаў, тым болей яна бяспечная і камфортная для ЛГБТК-турызму і жыцця гомасэксуалаў. Рэйтынг актуальны на 23 ліпеня 2014 года.
Раней мы ўжо разглядалi рэйтынг лаяльнасці краінаў Усходняй Еўропы да ЛГБТК. Сёння мы даследуем рэгіён Паўночнай і Цэнтральнай Еўропы. Яму ўласцівыя кантрасты: з аднаго боку, высокаразвітыя ў эканамічным і сацыяльным плане краіны Скандынаўскай паўвыспы, з другога — былыя краіны сацыялістычнага блоку. Грамадства тут развівалася рознымі тэмпамі, пад уплывам розных ідэалогіяў. Нягледзячы на тое, што цяпер большасць краінаў рэгіёна належыць да Еўрасаюза, ступень талерантнасці ў мясцовых соцыумах розная. Таму калі ты збіраешся наведаць Карлавы Вары, польскае ўзмор’е, нарвежскія ф’ёрды ці швейцарскія Альпы, зазірні ў гэты артыкул. Магчыма, ён дапаможа не трапіць у непрыемную сітуацыю.
Агульнае становiшча
Усе краіны рэгіёна дэкрыміналізавалі аднаполыя сэксуальныя стасункі яшчэ ў мінулым стагоддзі. Першай гэта зрабіла Польшча ў 1932 годзе. Насамрэч гомасэксуальныя стасункі і не былі па-за польскімі законамі, за выключэннем часу, калі Польшча аказвалася часткаю Аўстра-Венгрыі, Расійскай імперыі ці Германіі. Наступнай была Данія — у 1933. Швейцарыя адмяніла пакаранні за “садамію” на федэратыўным узроўні ў 1942, але ў кантонах Во, Тычына і Вале аднаполы сэкс быў легальным яшчэ 144 гады таму, з 1798 года. Цікава, што ГДР дэкрыміналізавала гомасэксуальнасць на год раней за ФРГ — у 1968. Апошнімі былі Ліхтэнштэйн — у 1989, і Румынія — у 1996. Дзеля справядлівасці варта адзначыць, што ў Румыніі аднаполыя сэксуальныя стасункі не караліся таксама ў перыяд з 1864 па 1968.
Паводле вынікаў сацыялагічнага даследавання European Values Study, на пытанне «Ці былі б вы супраць суседзяў-гомасэксуалаў?» больш чым палова рэспандэнтаў амаль ва ўсіх краінах Паўночнай і Цэнтральнай Еўропы адказала: «Не, я не супраць такіх суседзяў». Самымі нелаяльнымі да арыентацыі суседзяў аказаліся рэспандэнты з Харватыі, Польшчы і Румыніі. Але ў той жа час у Швейцарыі, Швецыі, Нарвегіі, Даніі і Ісландыі супраць гомасэксуальных суседзяў выказалася менш за 10% рэспандэнтаў. Грамадства ў гэтых краінах найбольш гей-фрэндлі ў Еўропе.
Ледзь не ва ўсіх краінах рэгіёна мясцовыя канфесіі мала ўплываюць на гамафобныя настроі ў грамадстве. Толькі ў Венгрыі, Харватыі, Польшчы і праваслаўнай Румыніі рэлігійныя кіраўнікі ды службіты неаднаразова варожа выказваліся пра ЛГБТК-супольнасць. А вось у Даніі ці Швецыі, напрыклад, некаторыя мясцовыя канфесіі нават не лічаць гомасэксуальнасць грахом.
Амаль ва ўсіх краінах Паўночнай і Цэнтральнай Еўропы адкрытым гомасэксуалам дазволена служыць у войску. Гей-прайды і шэсці ў рэгіёне не забараняюцца на дзяржаўным узроўні. Перашкоды з гэтым былі толькі ў Польшчы і Румыніі. Звестак пра злачынствы на глебе гамафобіі ці цкаванне амаль не зарэгістравана.
Антыдыскрымiнацыйнае заканадаўства
Краіны Цэнтральнай і Паўночнай Еўропы маюць развітае сацыяльнае заканадаўства. Любая дыскрымінацыя паводле сэксуальнай арыентацыі забароненая ў Швецыі, Нарвегіі, Ісландыі, Даніі, Славеніі, Славакіі, Румыніі і Харватыі. Ёсць антыдыскрымінацыйнае заканадаўства, але яно не ахоплівае ўсе сацыяльныя сферы, у Аўстрыі, Чэхіі, Германіі, Венгрыі, Польшчы, Швейцарыі, Фінляндыі. Антыдыскрымінацыйнае заканадаўства якое абараняе гомасэксуалаў, адсутнічае толькі ў Ліхтэнштэйне.
Афіцыйна змяніць свой гендар у дакументах дазволена ў Швецыі (пасля стэрылізацыі і разводу); у Нарвегіі (пасля стэрылізацыі); у Ісландыі (пасля карэктавальнай аперацыі); у Польшчы, Чэхіі і Румыніі (пасля карэктавання пола змяняюць дакументы); у Фінляндыі (толькі пасля стэрылізацыі); у Швейцарыі (стэрылізацыя неабавязковая з 2012); а таксама ў Харватыі (паводле закона аб любым прыгнёце правоў паводле гендарнай ідэнтычнасці).
Шлюбы, партнёрствы i магчымасць усынаўлення
Аднаполае партнёрства (юрыдычны саюз, які дазваляе весці агульную гаспадарку) можна стварыць ва ўсіх краінах рэгіёна, акрамя Славакіі, Польшчы і Румыніі. Першай на планеце гэта дазволіла зрабіць Данія ў 1989 годзе. Больш за тое, у Нарвегіі і Швецыі з 2009 года, у Ісландыі — з 2010 (і ў Даніі цяпер таксама) аднаполыя пары могуць узяць шлюб. У Швецыі 22 жніўня 2009 года ўпершыню ў свеце царква блаславіла аднаполыя шлюбы. А 27 чэрвеня 2010 у Ісландыі афіцыйны аднаполы шлюб упершыню ў сусветнай гісторыі ўзяла старшыня ўраду — Ёхана Сігурдардоцір.
Права на ўсынаўленне зарэгістраванымі аднаполымі парамі ёсць толькі ў Швецыі (з 2003), Ісландыі (з 2006), Нарвегіі (з 2010) і Даніі (з 2010). Але ў Фінляндыі, Аўстрыі і Германіі, напрыклад, ёсць магчымасць усынавіць біялагічнае дзіця партнёра. А ў Польшчы і Швейцарыі права на ўсынаўленне мае кожны асобны грамадзянін, у тым ліку і з гомасэксуальнай арыентацыяй.
MAKEOUT скампіляваў усе лакальныя ўмовы і фактары, згодна з якімі краіны размеркаваліся наступным чынам:
Амаль усе краіны рэгіёна ўваходзяць у склад ЕС. Усе яны імкнуцца прытрымлівацца агульнага кірунку да палавога і гендарнага раўнапраўя. Але ступень інтэграцыі ў еўрапейскую прававую сістэму ў краінах рэгіёна розная. Так, краіны Паўночнай Еўропы (Швецыя, Нарвегія, Данія і Ісландыя) — сацыяльны лакаматыў рэгіёна і нават свету. Тут можна назіраць самае ліберальнае на планеце стаўленне да прадстаўнікоў ЛГБТК і максімальную ўцягнутасць іх у сацыяльнае жыццё краін. А некаторыя краіны Цэнтральнай Еўропы (Польшча, Румынія, Венгрыя і Харватыя) яшчэ не пазбавіліся флёру сацыялістычнага (ці рэлігійнага) кансерватызму, нягледзячы на тое, што заканадаўства гэтых краін імкнецца да раўнапраўя ўсіх грамадзян, незалежна ад гендару, сэксуальнасці ці полу.
Відавочна, што дзяржавы рэгіёна нашмат больш лаяльныя за краіны Усходняй Еўропы, але варта звяртаць увагу на лакальныя асаблівасць кожнай краіны і не губляць галавы, дзе б ты ні знаходзіўся. Наступным разам мы працягнем гаворку пра геапалітычную і культурную спецыфіку розных рэгіёнаў нашага бяскрайняга свету і дададзім на карту лаяльнасці новыя колеры.