24 студзеня 2014

Невыносная лёгкасць большасці

5 748
Калі вы заўважылі, што вы на баку большасці,
гэта дакладная прыкмета таго, што час мяняцца.
© Марк Твэн
Изображение: Photo by Elliott Erwitt
© Photo by Elliott Erwitt
Перад намі, так бы мовіць, прыклад афарызма Шродынгера: адзін і той жа чалавек можа з выказваннем містара Твэна адначасова і пагадзіцца, і не пагадзіцца — усё залежыць ад таго, адкуль глядзець. Далёка не кожнаму шанцуе (ці не шанцуе, Шродынгер не спіць) трапіць у большасць па ўсіх параметрах. І тут спрацоўвае ці то абарончы механізм, ці то агульная некрытычнасць па бальніцы, і мы сваю меншасць лічым адзіна правільнай, а іншым кажам: «Няправільна ты, дзядзя Фёдар, сабе меншасць выбраў». Працяг «Давай да нас/Кроч з мірам/Уйдзі, праціўны» залежыць ад многіх абставінаў.

Сябар чалавека

Невыносная лёгкасць большасцістоп-кадр з фільма Леаніда Гайдая «Каўказская палонніца»

Вось, напрыклад, жанчыны. Парадаксальная меншасць, якая тэхнічна большасць. Прынамсі, колькасна большасць перавышае, калі ў гэтым хісткім свеце, дзе ўсе маральныя нормы падступна перавернутыя з ног на галаву, верыць хаця б перапісам насельніцтва. Дык якая меншасць? А і праўда, якая меншасць? Любяць, песцяць, на руках носяць, дзверы адчыняюць, дабіваюцца, на калені падаюць, рызыкуючы здароўем (ну а раптам падлога бетонная?), карацей, усяляк патрэбнасць і чароўнасць прыўкраснай паловы падкрэсліваюць. Чаго вам яшчэ, дзяўчаткі? А што крыху дыскрымінуем, дык гэта з вялікай-вялікай любові. Да вас і да традыцыяў. Традыцыі — яны правераныя часам, як сыр і віно. Віно, праўда, можа скіснуць, на сыры можа завесціся зусім не высакародная плесня, ды і традыцыя, напрыклад, лінчавання нейкая сумнеўная, але гэта не пра нас, у нас традыцыя правільная! Прынцыпу і добрых намераў ніхто не адмяняў, праўда?

«Зусім нядаўна з падабенства беларускай свецкай хронікі цікаўныя маглі даведацца радасную навіну: палітык, былы палітвязень, пісьменнік, журналіст і яшчэ шмат рэгаліяў вянчаецца з... прыгажуняй»

Ці можна сказаць, што свецкая хроніка кагосьці хацела пакрыўдзіць? Наўрад ці. Проста мульцік «Прыгажуня і палітык» вельмі паказальны для нашых шыротаў. Ці ж важна, кім і дзе, напрыклад, працавала прыгажуня, калі галоўнае ў яе жыцці адбываецца проста цяпер? Зрэшты, ці ж з гэтым можна спрачацца? Аўтар гэтых радкоў проста занадта цікаўны: яму вельмі хацелася даведацца, на што прыгажуня марнавала час да самай галоўнай падзеі.

А вось серыял пра вясковага адваката ў графстве Норфалк. Кліентка просіць дапамогі ў афармленні разводу, бо муж з глузду з’ехаў — носіць яе адзенне. Ну, не яе, памеры розныя, але любіць сукенкі. Не, муж нічога такога, вы не падумайце, мужу проста падабаецца жаночае адзенне. Зручна яму. Ці ён усё-такі нешта хавае? Ці ж моцны-смелы-хрысціянін-сем’янін будзе такой лухтой займацца? Жарты пра... шатландцаў падсцерагаюць, знаеце. А яшчэ паспрабуйце моцную палову ў жаночым родзе назваць і падлічыце працэнт... скажам так, незадаволенасці. Безумоўна, незадаволенасць будзе выключна праз неадпаведнасць храмасомнай ісціне, мы ні на што не намякаем.

Карацей, мы жанчын любім. І дапамагаем ім рэалізавацца ў якасці тылу, гэтай найпершай задачы і паклікання нашай прыўкраснай паловы. Сапраўдная жанчына па плошчах і феміністках бегаць не будзе, за што атрымае пяшчоту, любоў і простае жаночае шчасце. Калі ўсё правільна, жанчына харошая. Праблемы пачынаюцца там, дзе яна, задурыўшы сабе галаву моднымі тэндэнцыямі, плаціць за сябе ў кавярні, першая хапае сваё паліто і... ведаеце, так яно і пачынаецца. Сто разоў дзверы сама сабе адчыніш — пазбавішся мацярынскага інстынкту, абярэш работу, адзіноту альбо яшчэ горш — іншую жанчыну.

Pride and Condescension

Photo by Phil Borges

А надо вам заметить, что гомосексуализм в нашей стране
изжит хоть и окончательно, но не целиком.
Вернее, целиком, но не полностью.
А вернее даже так: целиком и полностью, но не окончательно.
У публики ведь что сейчас на уме? Один только гомосексуализм.

© Венядзікт Ерафееў

Пачнём з цікавага назірання. У размовах на тэму адэпты Нормы апелююць да той жа Традыцыі, асвечанай часам і — апцыянальна — Бібліяй (грэкі з рымлянамі рыдаюць, але ўсе мы ведаем, чаму заняпала і знікла з твару зямлі і з палітычнай карты Рымская імперыя). Таксама апелююць да абароны дзяцей, дэмаграфіі і... хм... небяспекі. Думаеце, для дзяцей? Ды не, для сябе. Геі падступныя, знаеце, толькі і чакаюць. Праўда, калі збярэшся супакоіць, сказаўшы нешта накшталт: «Не хвалюйся, дружа, ты ў бяспецы, бо абсалютна не ў іх гусце», — будзь гатовы да крыўды. Можа, аўтару па жыцці шанцавала, але каго так ні суцяшаў — пакрыўдзіліся ўсе. Думаю, таму, што беларусы — яны прывыклі крыўду насіць на свет цэлы, і гэта нявінная інерцыя, запаяная ў нашую генную памяць.

Лірыка лірыкай, але давайце да большасці. Цяпер да той, якой, паводле падлікаў, дзесьці 93% і якая занепакоеная сваёй дыскрымінацыяй у выглядзе парадаў і прапаганды. “Ці ж мы перашкаджаем любіць каго хочаш? — наіўна здзіўляюцца 93%. — Рабі і любі, толькі, калі ласка, сядзі ты ціха”. Не ведаю, як вам, а мне хочацца дадаць: так-так, сядзі ціха, бачыш, тут людзі ходзяць.

«Ку-клукс-клан ужо традыцыйна падаецца дзікунствам, а тым часам апошняга негра лінчавалі зусім нядаўна. Нікому не прыйдзе ў галаву адбіраць у жанчын выбарчыя правы»

(Зрэшты, ёсць яшчэ порах, сустракаюцца яшчэ інтэлектуалы, якія не могуць успомніць, напрыклад, вялікіх жанчын-кампазітараў, старанна так забываючы той факт, што максімум, чаму вучылі жанчыну, — гэта радаваць слых гасцей на хатніх канцэртах. Але з такіх ужо таксама паціху смяюцца.) Заслугі Алана Цьюрынга перад радзімай і прагрэсіўным чалавецтвам прызнаныя, праўда, якая ўжо таму Цьюрынгу розніца — у яго часы прагрэсіўнае чалавецтва таксама не драмала.

Мабыць, уся справа ў тым, што сядзелі ціха.

А бывае і так... На ўсялякую, дапусцім, чорную гомасэксуальную жанчыну знойдзецца белы гетэрасэксуальны мужчына, які, пабачыўшы яе абурэнне... ну хаця б стэрэатыпамі, якія сустракаюцца на кожным кроку, прыйдзе і па-бацькоўску так, мякка так пачне яе ўшчуваць. Маўляў, чаго ты, дзяўчынка, крыўдзішся. Цябе за рулём назвалі малпай з гранатай? А на што тут крыў... ой, я хацеў сказаць, гэта ж жарт такі, трэба рэагаваць на яго годна. Ты ж не залічваеш сябе да малпаў з гранатай, праўда? Я вось не крыўджуся, калі мяне называюць белым гетэрасэксуальным мужчынам.

«Прадстаўнікі меншасцяў, бывае, сцвярджаюць, што тыя, хто належыць да большасці, ніколі іх не зразумеюць, бо ў іх шкуры не былі»

Я ж сцвярджаю, што гэта цалкам магчыма, бо апаратам для аналізу надзеленыя ўсе, нават белыя гетэрасэксуальныя мужчыны. Рэакцыя меншасцяў на «нявінныя жарты» — можа, і неадэкватная з пункту гледжання таго, каго звычайна не прыніжаюць за тое, што ён чорны, гомасэксуальны альбо... ды хаця б беларускамоўны, але сіметрычная. Паблажлівасць увогуле мала дзе дарэчная, і, магчыма, каб дайсці да гэтай думкі, неабавязкова нават пакідаць большасць — тую, якой 95%. Бо гэта даволі простая думка.

Пра сілу моцных і месца пад месяцам


Photo by Alessandra Sanguinetti

Не сакрэт і не навіна, што, напрыклад, на мізагінію часта пакутуюць самі жанчыны, а на гамафобію — самі прадстаўнікі ЛГБТ. Адсюль усе гэтыя зняважлівыя «бабыдуры» ад жанчын з намёкам «Я цалкам выпадкова нарадзілася жанчынай, характар у мяне мужчынскі, а бабы... ну, вы зразумелі». Альбо: «Нармальная жанчына феміністкай быць не можа». Альбо: «Я гей/лесбі, але абсалютна не разумею, навошта пра гэта крычаць і каму здаліся гэтыя парады». Чутае неаднаразова, гэта ёсць не чым іншым, як спробай падкупіць моцнага. Маўляў, я не такі, але я не з імі, так што ў выпадку чаго... Але пад месяцам нішто не новае, і гісторыя захавала шмат прыкладаў таго, як нікому гэта не дапамагло.

«Логіка са здаровым сэнсам навыперадкі спрабуюць падказаць нам, што траплянне ў адну меншасць дапаможа табе ставіцца талерантней да астатніх, бо ўжо хто-хто, а ты мусіш разумець, што такое быць іншым. Але сюррэалістычнасць рэальнасці на раз кладзе на лапаткі і логіку, і здаровы сэнс»

Вось, напрыклад, беларускамоўныя. З пункту гледжання большасці — ну, такія ж фрыкі, як тыя, з вясёлкавымі сцягамі, толькі сцяг іншы. Здавалася б, выснова відавочная? Але агрэсіі з боку адной меншасці ў дачыненні да другой часам невымерна больш, чым з боку большасці. Толькі вось жаданне сябе апраўдаць за кошт іншых («Тут я не з усімі, але мая справа праведная, не тое, што ў гэтых...») глядзіцца нашмат больш несамавіта, чым жаданне сябе абараніць, апісанае абзацам вышэй. Належачы да большасці, адчуваеш сябе моцным — за кошт таго, што «праўда» на тваім баку.

Апраўданне прыніжэння іншага высокай мэтай... стойце... дзесьці гэта ўжо было, прычым зусім нядаўна, прычым не так далёка, зноў сігналізуе нам гісторыя. Карацей, магчыма, з мускуламі варта асцярожней, а так у тым, каб належаць да большасці, нічога заганнага няма.

І дарэчы, першым праграмістам была жанчына. Хто не ведае. Праўда, тата ў яе быў геній, можа, яго заслуга.