Брашура: Асвятленне ЛГБТ-тэматыкі ў беларускіх СМІ 2013-2014
Прагляды: 3 193
Ініцыятыва “Журналісты за талерантнасць” у трэці раз правяла гадавы маніторынг беларускіх сродкаў масавай інфармацыі на прадмет асвятлення ЛГБТ-тэматыкі. Даследаванне ахапіла перыяд з чэрвеня 2013 г. па травень 2014 г. уключна.
Маніторынгі даюць магчымасць зразумець агульны падыход беларускіх СМІ да тэмы ЛГБТ. Ён застаецца нязменным на працягу бліжэйшых год: незалежныя СМІ, як і дзяржаўныя, імкнуцца гэтай тэмы не заўважаць, але ж калі ўжо і надрукавалі нешта, то ў дзяржаўных беларускіх медыях найчасцей гэта будуць абразлівыя матэрыялы, у незалежных – нейтральныя (пераважна інфармацыйныя зацемкі пра падзеі, якія нельга абмінуць).
Усе папярэднія маніторынгі выкрываюць агульныя праблемы:
1. Адсутнічае сістэмнасць публікацыі матэрыялаў. 2. Публікацыі “да даты”. Гэта значыць, што медыі звяртаюцца да тэмы з нагоды пэўных датаў, да прыкладу, Міжнароднага дня талерантнасці. 3. Журналісты (або рэдактары) не выступаюць ініцыятарамі публікацый на тэму. 4. Копіпаст копіпасту. Многа запазычанага кантэнту. Да прыкладу, артыкул рэсурса 34mag.net сустракаўся амаль ва ўсіх аналізаваных медыях. 5. Парушэнне прафесійных журналісцкіх прынцыпаў. Накшталт такога: забарону Менгарвыканкамам гей-прайду каментуе апазіцыйны палітык, які не мае абсалютна ніякага дачынення да бакоў канфлікту.
Апошні маніторынг, на які спасылаемся, датычыць перыяду 06.2013 — 05.2014. Падчас правядзення дадзенага маніторынгу аналізаваліся матэрыялы 11 сайтаў. Сярод іх: “Народная воля”, “Наша Ніва”, “Новы час”, “Беларускае Радыё Рацыя”, tut.by, “СБ-Беларусь сегодня”, “Радыё Свабода”, ОНТ, БТ, БелТА, “Народная газета”. Гэта агульнатэматычныя, а не нішавыя СМІ.
У выбарку трапіла 257 матэрыялаў, сярод якіх толькі 28% асвятляюць беларускую праблематыку і закранаюць беларускія пытанні. У параўнанні з мінулым перыядам колькасць “беларускіх” матэрыялаў знізілася. 185 матэрыялаў з усіх – паведамленні пра падзеі замежжа. У асноўным гэта перадрукоўкі пра падзеі, якія “нельга было не заўважыць”.