Падавайся 31 мая 2016

Летнія школы па правах чалавека для творчай моладзі

Прагляды: 3 568

Міжнародная федэрацыя за правы чалавека (FIDH) у партнёрстве з ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў", ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”, Беларускім ПЭН-цэнтрам і незарэгістраваным Праваабарончым цэнтрам “Вясна” абвяшчаюць конкурс на ўдзел у летніх школах для творчай моладзі “Правы чалавека – сучасная сістэма каштоўнаснага светапогляду”.

У межах праграмы ўдзельнікі знаёмяцца з гісторыяй і філасофіяй правоў чалавека, метадамі і сродкамі іх абароны на нацыянальным і міжнародным узроўнях, стандартамі і дапушчальнымі абмежаваннямі свабоды выказвання меркавання, правам на прыватнасць, свабодай ад дыскрымінацыі і іншымі правамі і свабодамі. Асобная ўвага будзе нададзена аўтарскаму праву, практыцы яго ўжывання і абароны на нацыянальным і міжнародным узроўнях.

Экспертамі з’яўляюцца прадстаўнікі праваабарончых, творчых і прафесійных арганізацый Беларусі, Украіны, Францыі, вядомыя і аўтарытэтныя спецыялісты ў адпаведных галінах правоў чалавека і права.

Мэтавая група:

Да ўдзелу ў праграме запрашаецца творчая моладзь з Беларусі, зацікаўленая ў набыцці ведаў у галіне правоў чалавека.

Узрост: ад 18 да 35 гадоў.

Месца правядзення:

Беларускі Дом правоў чалавека Літва (Вільня).

Працоўныя мовы: беларуская і руская.

Тэрміны правядзення Летніх школ:

Школа першага набору: 10 – 19 ліпеня (заяўкі прымаюцца да 6 чэрвеня ўключна)

Школа другога набору: 23 ліпеня – 1 жніўня (заяўкі прымаюцца да 14 чэрвеня ўключна)

Падача заявак на ўдзел:

Для ўдзелу ў Школе прэтэндэнт павінен скачаць, запоўніць рэгістрацыйную форму і даслаць не пазней за вызначаны тэрмін (заяўкі, дасланыя пазней за ўказаныя даты, разглядацца не будуць) на адрас: [email protected] з пазнакай “Школа”.

УВАГА! ПАТРАБАВАННІ ДА ПАШПАРТОЎ: тэрмін дзеяння пашпартоў прэтэндэнтаў павінен быць на 3 месяцы большы, чым тэрмін заканчэння адпаведнай Школы; у пашпарце павінны быць дзве чыстыя старонкі з адзнакай “візы”; пашпарт павінен быць выдадзены на працягу апошніх 10 гадоў.

Удзельнікі будуць выбраныя сярод заяўленых прэтэндэнтаў у выніку конкурсу, які правядзе спецыяльная кваліфікацыйная камісія. Пра вынікі конкурсу на працягу пяці дзён пасля завяршэння адбору будуць апавешчаныя ўсе прэтэндэнты.

Ад удзельнікаў патрабуецца прысутнасць на ўсіх занятках. Арганізатары пакідаюць за сабой права выключыць удзельніка ў выпадку невыканання ўмоваў удзелу ў Школе.

Удзел у занятках і навучальныя матэрыялы бясплатныя. Арганізатары Школы бяруць на сябе расходы на аплату віз і страхавых полісаў, транспартных выдаткаў (кошт праезду да месца правядзення Школы і назад), пражывання і харчавання ўдзельнікаў.

Транспартныя выдаткі, звязаныя з афармленнем віз, кампенсаваныя не будуць. У выпадку, калі Вы маеце дадатковыя пытанні, звяртайцеся на адрас [email protected].