Беларусь правы жанчын 28 кастрычніка 2016

Цэнтар гендэрных і прававых адносінаў зарэгістравалі на Піншчыне

Прагляды: 2 679

© Christina Hoch
Установа зоймецца вырашэньнем пытаньняў роўнасьці, дыскрымінацыі, а таксама гендэрнай асьветай на мясцовым узроўні.

Заснавальніца Цэнтру Ангеліна Севярын кажа, што ідэю стварэньня арганізацыі выношвала даўно, а ўстанову зарэгістравала раптоўна. Штуршком да занятку гендэрнай асьветай у рэгіёне паслужыла нараджэньне дачкі. Паводле Ангеліны, каб выхаваць дзіця, пазбаўленае стэрэатыпаў, варта зьмяняць асяродак вакол сябе.

Пакуль установа можа пахваліцца рэгістрацыяй у Пінскім раённым выканкаме. Дзейнасьць і рэалізацыя ідэяў — наперадзе. Гэта, у першую чаргу, знаёмства людзей з паняткам гендэра, расповядаў пра стэрэатыпы і забабоны, іх уплыў на жыцьцё. Таксама ў плянах кіраўнічкі Цэнтру — прыводзіць у Пінск выставы па тэме, якія праходзяць у сталіцы.

Установа распаўсюдзіць сваю дзейнасьць на Пінскі, Лунінецкі, Іванаўскі раёны, і асабліва на студэнтаў і студэнтак Палескага ўнівэрсытэту, дзе навучаецца моладзь з усёй Беларусі. Таму Ангеліна Севярын спадзяецца, што пакрыцьцё дзейнасьці ўстановы пашырыцца ня толькі на тэрыторыю Берасьцейскай вобласьці.

Заяўленымі ў назве праўнымі пытаньнямі Цэнтар гендэрных і прававых адносінаў зоймецца, калі да працы НДА далучыцца юрыст ці юрыстка. Пакуль гэтая пасада вакантная.

Паводле заснавальніцы, афіцыйная рэгістрацыя арганізацыі цягне за сабой адказнасьць, вымагае думак пра справаздачнасьць і падатковыя ворганы, і зьяўляецца адным са стымулаў да дзейнасьці.