
Прадстаўніцы Офісу па правах людзей з інваліднасьцю, МГА “Гендэрныя пэрспэктывы”, Брэсцкага клюбу дзелавых жанчынаў, Беларускай асацыяцыі маладых хрысьціянскіх жанчынаў і БСДП(Г) вырашылі прадэманстраваць, як з дапамогай нефармальнай адукацыі можна разбураць навязаныя грамадзтвам стэрэатыпы.

Настолка “Стэрэатыпы” можа разглядацца як альтэрнатыва традыцыйным сэмінарам і трэнінгам, і даць шмат інфармацыі на тэму гендэрнай роўнасьці, перакананыя стваральніцы гульні.
Вольга, адна з аўтарак ідэі, адзначае, што гульня “Стэрэатыпы” можа нарадзіць у людзкіх галовах пытаньні і тэмы, пра якія тыя раней не задумваліся, і якія ставяць пад сумнеў прынятыя нормы.
Па словах Вольгі, у “Стэрэатыпы” ўжо пасьпелі згуляць шматлікія моладзевыя, студэнцкія, жаночыя і дэмакратычныя арганізацыі, дзяўчаты нават здолелі правесьці гульню ў некаторых дзяржаўных структурах:
— Гульня выклікае безьліч пазытыўных эмоцыяў, праўда, мужчыны спачатку вельмі крытычна ўспрымаюць усё, што напісана на картках, але, дзякуючы элемэнту інтрыгі і азарту, уцягваюцца ў гульню.
Мы лічым, што спалучэньне гульні і адукацыйнага моманту дазволіць вырасьціць вольную ад гендэрных стэрэатыпаў асобу, сфармаваць новы тып мысьленьня. Спадзяемся, што пасьля гульні людзі стануць больш талерантнымі і будуць імкнуцца да роўнасьці мужчынаў і жанчынаў.

Альфа-вэрсія гульні “Стэрэатыпы” складаецца з 34 картак, на якіх намаляваныя стэрэатыпы. Цягам гульні гэтыя стэрэатыпы трэба зьняпраўджваць 170-цю фактамі. У часе гульні ўдзельнікі атрымаюць безьліч эмоцыяў, будуць спрачацца, пратэставаць, адстойваць сваю кропку гледжаньня, або нават зьменяць меркаваньне па нейкім пытаньні.

Мэта гульні — разбурыць як мага больш стэрэатыпаў. Перамагае той, хто здолее аспрэчыць і зьняпраўдзіць большую колькасьць навязаных грамадзтвам стэрэатыпаў.
Стваральніцы гульні прапаноўваць актывістам і актывісткам у адукацыйных мэтах згуляць у “Стэрэатыпы” у сваёй НДА. Для гэтага трэба зьвярнуцца на адрас [email protected] і дамовіцца на канкрэтную дату. Гульня праводзіцца бясплатна.