Больш дзяўчынак у паркі! Аналіз на прыкладзе парка Айнсідлер у Вене

Прагляды: 4 199

У параўнанні з хлопцамі-аднагодкамі 9-12-гадовыя дзяўчынкі бавяць няшмат часу ў парках і на гульнявых пляцоўках. І калі нам лёгка прыгадаць хлопцаў, якія актыўна гуляюць усюды ў футбол, дзяўчынкі насамрэч «губляюцца». Хтосьці скажа: «Дзяўчынкі больш любяць балбатаць і сядзець дома». Гэта наўрад ці падасца пераканаўчым тлумачэннем нават т_ой, хто не ёсць эксперт_кай па гендарных даследаваннях.

Больш дзяўчынак у паркі!  Аналіз на прыкладзе парка Айнсідлер у Вене
Клаўдыя Прынц-Брандэнбург, ландшафтная архітэктарка з Дэпартамента Вены па парках, апавядае пра рэалізаваныя прынцыпы гендарнай роўнасці на прыкладзе парка Айнсідлер. Фота (c) Здзенкі Ламелавай


Па дарозе дзяўчаты двойчы праходзяць праз парк: перад і пасля школы. Яны перасякаюць паркавыя сцежкі і хутка знікаюць. Сам парк знаходзіцца ў этнічна разнастайным раёне Вены. І сапраўды: іншая група дзяўчынак, якую мы заўважылі, складалася з дзяцей рознага паходжання. Яны прыходзілі і шукалі сваіх малодшых сясцёр і братоў – даволі тыповая сітуацыя, як тлумачыць Клаўдыя Прынц-Брандэнбург.

Гадавое пілотнае даследаванне складалася з некалькіх варштатаў, у якіх удзельнічалі дзяўчынкі. Яго вынікі атрымаліся досыць нечаканымі і паказалі, што парк не прыстасаваны для дзяўчынак: у іх проста няма прычын затрымацца там. Такім чынам, мы сутыкнуліся з праблемай паркавага інвентару. Агароджаная, змешчаная ў клетку баскетбольная пляцоўка, лаўкі, зеляніна і адносна дрэннае асвятленне. Праз тое, што не было нічога карыснага для маладых дзяўчат, жыхары Вены абралі стратэгію хуткага прыцягнення. Разнастайныя элементы, такія, як платформы, інтэрактыўныя гульнявыя інсталяцыі, гамакі, былі размешчаныя ўздоўж галоўных пешаходных сцежак. Гэтыя элементы прыцягнулі ўвагу дзяцей, што праходзілі побач, дзяўчынак у тым ліку. Яны спынялі іх на некалькі хвілін альбо даўжэй. А калі яны ўсё адно гуляюць, размаўляюць і бавяць час на дварэ, чаму не рабіць гэта ў парку?

Больш дзяўчынак у паркі!  Аналіз на прыкладзе парка Айнсідлер у Вене
Гамакі як элементы хуткага прыцягнення, Вена. Фота (c) Здзенкі Ламелавай


Трывога і замкнутыя клеткі

Страх – пачуццё, якое складана вызначыць з дапамогай дакладных дадзеных, – зрабіўся адной з высноваў варштата з дзяўчынкамі. Яны згадвалі страх імавернай небяспекі. Пашырэнне галоўных пешаходных сцежак праз парк, паляпшэнне асвятлення – гэта былі першыя крокі. Цэнтральны элемент парка – замкнутая ў клетку гульнявая пляцоўка, якую паміж намі мы празвалі «ballcage» («клетка для мячоў» альбо «клетка для яек», у англ. «balls» азначае таксама «яечкі» – мужчынскія полавыя органы – заўв. пер.).

Мы заходзім на пляцоўку. Пасля таго як Клаўдыя пазначае ідэю страху, я на імгненне бачу сябе дзяўчынкай-падлеткам адзінаццаці гадоў, якая фліртуе з хлопцамі падчас футбольнай гульні. Я магу лёгка ўявіць групы старэйшых хлопцаў, на якіх і не рызыкую паглядзець. Я заўважаю адзіныя дзверы ўнутр клеткі і іх, якія стаяць вельмі блізка, кантралюючы, хто ўваходзіць і выходзіць. А іх каментары! Ох! Напружанасць раптоўных успамінаў здзівіла нават мяне, трыццацігадовую жанчыну. Гэты страх – ад немагчымасці пакінуць замкнутую прастору, поўную незнаёмых людзей, – гэта той страх, які перашкаджае дзяўчынкам прыходзіць на гульнявыя пляцоўкі. Каб прадухіліць яго, венскі Дэпартамент па парках у супрацы з Каардынацыйным офісам па асаблівых патрэбах жанчын падрыхтаваў праект рэканструкцыі парка Айнсідлер. Агароджа была адчыненая з трох бакоў, выхады ўдвая павялічылі ў памеры, адкрываючы шырокія шляхі выхаду з гульнявой пляцоўкі на бяспечную вуліцу. І нечакана ты адчуваеш эфект і можаш дыхаць свабодна.

Больш дзяўчынак у паркі!  Аналіз на прыкладзе парка Айнсідлер у Вене
«Клетка для мячоў», парк Айнсідлер, Вена. Фота (c) Здзенкі Ламелавай


Быць унутры, але неабавязкова ў гульні

Дзяўчынкі любяць назіраць за гульнёй іншых, напрыклад, хлопцаў. Любяць гаманіць адна з адной, і ім патрэбны пэўны час перад тым, як яны пачнуць гуляць самі. Таксама вы наўрад ці пабачыце дзяўчынку, якая прыходзіць на гульнявую пляцоўку адна: звычайна яны ідуць туды ўдзвюх альбо невялікімі групамі. І толькі калі яны адчуваюць сябе дастаткова ўпэўненымі – пачынаюць гуляць. Прастора пляцоўкі разбітая на дзве часткі нізкай платформай, распрацаванай для таго, каб сядзець і назіраць. Неўзабаве яна стала сапраўдным цэнтрам, кажа Клаўдыя, дзе дзяўчынкі пачыналі іграць, танчыць, дзе з’явілася разнастайная нефармальная, спантанная актыўнасць. Нарэшце ў парку з’явіліся дзяўчынкі!

Стратэгія гендернай роўнасці дазваляе далікатна аналізаваць паводзіны і патрэбы дзяўчынак, што робіць магчымымі рэарганізацыю прасторы і паляпшэнне яе якасці і даступнасці. Яна неабавязкова паляпшае эстэтыку, але засяроджваецца на аптымізацыі функцый.

У парку Айнсідлер мы бачым дзве гульнявыя пляцоўкі, адна з якіх прадугледжаная для баскетбола і футбола. На іншай няма ні расфарбоўкі, ні абсталявання – нічога. Яе нулявы дызайн робіць пляцоўку прыдатнай да нефармальнай гульні з мячом. Калі б мы цалкам распрацавалі яе дызайн, мы б адразу ж сфармавалі яшчэ адну прастору для футбола і баскетбола – гульняў, у якія звычайна гуляюць менавіта хлопчыкі. Але дзяўчынкі схільныя гуляць, выкарыстоўваючы ўсё сваё цела, улучаючы кіданне мяча, спеў і размовы.

У выніку хлопчыкі і мужчыны звычайна займаюць адзін бок пляцоўкі, а другі, як правіла, выкарыстоўваюць дзяўчынкі і змяшаныя групы.

Больш дзяўчынак у паркі!  Аналіз на прыкладзе парка Айнсідлер у Вене
Платформа, парк Айнсідлер. Фота (c) Здзенкі Ламелавай


Парк Айнсідлер грае ролю цэнтральнай гасцёўні раёна. Праз тое, што кватэры тут сапраўды маленькія, людзі імкнуцца праводзіць больш часу на вуліцы. Быць на вуліцы – гэта часткова элемент культуры, часткова – неабходнасць. Асабліва для незаможных прадстаўнікоў розных этнічных груп. Як у выпадку з сёстрамі, якія даглядаюць сваіх малодшых сясцёр і братоў на тыповай пляцоўцы для самых маленькіх, нягледзячы на тое, што ў іх саміх тут няма прыдатнага месца для гутаркі і гульні. Насупраць гэтага месца Дэпартаментам па парках была распрацаваная яшчэ адна гульнявая пляцоўка. Таксама яны ўсталявалі столікі і лаўкі на пляцоўцы для дзяцей да шасці гадоў такім чынам, каб іх няні маглі знаходзіцца ўнутры і адначасова мелі б уласную прастору. Дзве групы з рознымі патрэбамі скамбінаваліся ў адной прасторы, захоўваючы пры гэтым адкрытыя магчымасці для кожнай з іх.

Я праходжу скрозь парк, які на першы погляд не выглядае нейкім асаблівым. Ні яго элементы, ні матэрыялы не кідаюцца ў вочы дызайнам альбо навізной. І ўсё ж, я ўражаная магчымасцю такога тлумачэння паводзінаў. Стратэгія гендернай роўнасці дазваляе далікатна аналізаваць паводзіны і патрэбы дзяўчынак, што робіць магчымымі рэарганізацыю прасторы і паляпшэнне яе якасці і даступнасці. Яна неабавязкова паляпшае эстэтыку, але засяроджваецца на аптымізацыі функцый

Ці атрымалася дасягнуць запланаванага?

О так, праз год мы правялі ацэначнае даследаванне і выявілі, што колькасць дзяўчынак у парку павялічылася, як і колькасць нефармальных актыўнасцяў. Клаўдыя Прынц-Брандэнбург рэзюмуе: вынікі гэтага пілотнага праекта сталі часткай адаптаваных Дэпартаментам па парках галоўных прынцыпаў, на падставе якіх распрацоўваўся дызайн усіх новых паркаў з таго часу.


Больш дзяўчынак у паркі!  Аналіз на прыкладзе парка Айнсідлер у Вене
Сталы і крэслы для старэйшых сясцёр, інтэграваныя з гульнявой пляцоўкай для малодшых дзяцей. Фота (c) Здзенкі Ламелавай


Пытанне палітыкі

Атрымліваць веды – гэта справа экспертная па сваёй прыродзе, дабівацца зменаў, на жаль, – штосьці іншае.

«Для мяне ўсё пачалося, калі я дала жыццё двум маім блізнюкам. Мне даводзілася штурхаць вялізны падвойны вазок па венскіх ходніках. Безумоўна, ты можаш уявіць, як жудасна гэта было: вузкія няроўныя ходнікі, машыны, цёмныя куты, дзе нічога не відаць. Я імгненна зразумела, што жыццё ў горадзе не дае роўных шанцаў жанчынам, асабліва маці», – кажа Рэната Каўфман, жанчына з праніклівымі шэрымі вачамі, якія глядзяць проста ў корань. Былая настаўніца робіцца вельмі чуллівай да патрэбаў дзяцей і бацькоў. Трохі пазней яна прыходзіць у палітыку і два гады таму заканчвае сваю чатырнаццацігадовую місію ў якасці старшыні 6-га раёна Вены – раёна, які і стаў пілотным у рэалізацыі стратэгіі гендарнай роўнасці.

Чатырнаццаць гадоў – гэта досыць доўгі час, кажу я сама сабе, я, грамадзянка Цэнтральнай Еўропы, звыклая да чатырохгадовых палітычных цыклаў, кожны з якіх прыносіць урбаністычную палітыку, процілеглую той, што рэалізавалася папярэднімі кіраўнічымі элітамі. Палітычная пераемнасць не эфектыўная, а хутчэй дэструктыўная, у найлепшым выпадку стамляльная. Жыццё, тым не менш, цячэ бесперапынна, штодзень і штогод, павольна змяняючы дзесяцігоддзі. Яно напоўненае абавязкамі і ролямі, якія ажыццяўляюцца ў фізічнай прасторы горада. Вяртаючыся дамоў, палітыка падаецца гульнёй паміж акул, дзе дамінантныя асобіны перашкаджаюць больш гуманным трапіць у яе. І калі мы думаем пра нашае гарадское планаванне, яно па-ранейшаму ўспрымаецца як тэхнічная дысцыпліна. Параметрычнае кіраванне з дапамогай індыкатараў трафіку, квотаў на забудову прасторы, велічыню і вышыню, зоны, прызначаныя для будаўніцтва, – усё гэта дае ілжывае пачуццё, нібыта мы плануем свае гарады рацыянальна, а значыць, добра. Але дзе сярод гэтага мы можам знайсці сапраўднае разуменне нашай штодзённасці? Паспрабуйце пайсці яшчэ далей і прыўнесці панятак гендарнай роўнасці ў гэтае жорсткае прафесійнае асяроддзе.

Некаторыя гарадскія ўлады настроіліся на такія словы, як партысіпацыя і ўстойлівае развіццё. Як бы ні было, мы яшчэ толькі пачынаем. Рэальнасць удзелу прыводзіць да злоўжывання апытаннямі, а не да рэальнага разумення сацыяльных груп, якія рэпрэзентуюць шырокі спектр карыстальні_ц. Мы ўсё яшчэ сведкі непрафесійных працэсаў, якія да таго ж не аплачваюцца ў дастатковай ступені. Тым не менш усвядомленасць урываецца і ў гэтую сферу, і гарадскія планавальні_цы, некаторыя прадстаўні_цы гарадскіх уладаў пачынаюць казаць пра інструкцыі альбо падручнікі для публічных прастораў.

Як спраектаваць якасную публічную прастору?
Для каго? Для людзей.
Якіх людзей?

Гэта пытанне, з якім у мяне не атрымліваецца прасунуцца. Але гэта якраз тое месца, з якога можна пачаць сапраўды цікавіцца гендарным вымярэннем, гендарнай роўнасцю. Стратэгія гендарнай роўнасці (збалансаваных магчымасцяў для мужчын і жанчын) была прынятая ў Вене ў 90-я згодна з дырэктывай Еўрапейскага звязу. І тут я заканчваю выкарыстоўваць пасіўную форму. Стратэгія гендарнай роўнасці ахапіла гарадское планаванне дзякуючы практычнай і прагматычнай працы Евы Кайль, гарадской планавальніцы, якая прыйшла да гэтага эўрыстычнага моманту ў 1991 годзе. Яна арганізавала выставу «Хто валодае публічнай прасторай» («Who Owns the Public Space») і зацікавілася сувязямі паміж тым, як выкарыстоўваюць горад сталыя жанчыны, маці, жанчыны з розных этнічных груп, дзяўчынка. Яна вывучала метадалогіі стратэгіі гендарнай роўнасці ў архітэктуры і гарадскім планаванні, якія ўжо сталі нормай у Германіі. Пазней, з’яўляючыся супрацоўніцай Дэпартамента гарадскога планавання Вены, яна пачала прасоўваць пытанне бюджэтаў: бюджэтаў для пілотных даследаванняў паводзін карыстальні_ц, бюджэтаў для пілотных праектаў – такіх, як гэты, з паркам Айнсідлер. Падчас працы ў яе атрымалася паспрыяць рэалізацыі больш за 60 пілотных праектаў, якія датычылі практычных аспектаў рэалізацыі стратэгіі гендарнай роўнасці, у тым ліку ў жыллі, транспарце, планаванні і дызайне невялікіх публічных прастораў, гэтаксама як і буйных.

Калі ты хочаш зрабіць нешта для жанчын, зрабі штосьці для пешаходаў.

Вынікі паказалі, што жанчыны часцей за мужчын перасоўваюцца пешшу і выкарыстоўваюць грамадскі транспарт. Мужчыны ж часцей кіруюць аўтамабілямі. Чаму? Што ж, гэта звязана з жыццёвымі ролямі і абавязкамі. Калі жанчына – маці або даглядае дзяцей, яе шлях праз горад робіцца складанейшым. Мужчыны сядаюць у машыны і едуць на працу. Звычайна. Гэтая мадэль не змянілася нават у 2016-ым. Такім чынам, калі ты хочаш зрабіць нешта для жанчын, зрабі штосьці для пешаходаў, кажа Кэйл.

Калі жанчыны – асноўныя карыстальніцы публічнай прасторы, якім чынам яна павінная функцыянаваць? Паспрабуйце паглядзець на яе вачыма маці, дзяўчынак альбо сталых жанчын. Розніца стане відавочнай ужо дзякуючы простаму назіранню. Астатняе – пытанне здаровага розуму і зробленых захадаў.

«Як вы дамагліся ўсяго гэтага ў вашым раёне?» – пытаю я ў Рэнаты Каўфман, якая энергічна вядзе нашую групу вуліцамі і тлумачыць, чаму ходнікі заніжаныя ў тым ці іншым месцы, чаму ліхтары стаяць тут альбо навошта ўвогуле на вуліцы люстэркі. Яна кажа больш ад імя перакананай жанчыны, чым гендарнай эксперткі. «У палітыцы я люблю змагацца за справядлівыя справы», – яна глядзіць на мяне, і доўгі час я не маю чаго адказаць...

Больш дзяўчынак у паркі!  Аналіз на прыкладзе парка Айнсідлер у Вене
Рэната Каўфман, былая жанчына-палітык 6-га адміністрацыйнага раёна Вены, адказная за рэалізацыю захадаў стратэгіі гендарнай роўнасці. Фота (c) Здзенкі Ламелавай


На гэты артыкул мяне натхніла экскурсія падчас азнаямленчага падарожжа «Стратэгія гендарнай роўнасці ў гарадскім планаванні» (12.-14.10.2016), арганізаваная Фондам Генрыха Бёля (Прага) і платформай падтрымкі гендарна адчувальнага планавання і жаночай экспертызы ў дысцыплінах, звязаных з гарадскім развіццём – WPS Prague (Жанчыны ў публічных прасторах (Прага)).

Вы можаце спампаваць поўнае кіраўніцтва па Стратэгіі гендарнай роўнасці ў гарадскім планаванні і развіцці на англійскай мове тут і знайсці больш інфармацыі пра саму экскурсію тут.