Рэпрэзентацыя жанчыны ў рэкламе і медыя: what’s wrong?
Прагляды: 2 683
27 красавіка ў культцэнтр «Корпус» пройдзе другі веснавы івэнт у межах 34 MediaDays — серыі ток-шоу, прысвечаных беларускім анлайн-медыя і іх узаемаадносінам з грамадзянскай супольнасцю.
Тэма падзеі — «Рэпрэзентацыя жанчыны ў рэкламе і медыя». Кожны дзень мы ўключаны ў працэсы спажывання візуальнай інфармацыі ў горадзе і анлайне: іміджавыя ролікі пра Беларусь, гарадскія медыя, тэлебачанне, рэклама казіно ў нацыянальным аэрапорце і на першых старонках друкаваных часопісаў. Мова рэкламы і медыя з усіх магчымых носьбітаў падказвае, якiя вобразы ды ролі вітаюцца ў грамадстве ды якой наогул жанчына павінна паказвацца на людзях.
Гучная гісторыя вакол рэкламнай кампаніі Mark Formelle ускалыхнула медыйную прастору і някепска падняла рэйтынг самога вытворцы. Аднак рэклама бялізны — не адзіны прыклад спрэчнай візуальнай рэпрэзентацыі жанчын у афлайн- і анлайн-прасторы. Успомнім рэкламныя кампаніі хрэну ABC ці інтэрнэт-правайдара «Шпаркі дамавік». Іншымі словамі, рэклама і медыя накіроўваюць свой «нармалізуючы» позірк на кожную з нас.
Глядзець — значыць не толькі спажываць, але і фармаваць сваё ўяўленне пра навакольны свет. Якія вобразы жанчын дамінуюць у беларускай рэкламе і медыя? Як яны ўплываюць на грамадскую думку і стасункі? Як ствараць альтэрнатыўныя рэпрэзентацыі і прасоўваць іх у медыйнай прасторы? Запрашаем цябе разам абмеркаваць гэтыя пытанні ў наступны чацвер.
Госці падзеі — прадстаўніцы беларускіх медыя і грамадскіх ініцыятыў: «Цэнтр па прасоўванні правоў жанчын — Яе правы», Lady.TUT.by, MAKEOUT ды іншыя. Падрабязны спіс выступоўцаў з’явіцца неўзабаве. Фармат прадугледжвае сесію пытанняў з залы.
Дата: 27 красавіка Час: 19:00 Месца: Культцэнтр «Корпус» Уваход вольны