Беларусь падзеі 25 верасня 2018

Праекту «Жывая Бібліятэка» 4 гады

Прагляды: 3 277

Ужо чатыры гады «Жывая Бібліятэка» ладзіць у Беларусі свае сустрэчы — першая прайшла 11 кастрычніка ажно 2014 года. Чатыры гады праект прапанует разам змагаецца са стэрэатыпамі і дыскрымінацыей, паказвае разнастайнасць і прыгажосць людзей вакол нас.

«Жывая Бібліятэка» з задавальненнем запрашае святкаваць Дзень Народзінаў разам!

У суботу 6 кастрычніка «Жывая Бібліятэка» будзе чакаць гасцей у вядомым месцы сілы — Культурным цэнтры Корпус (Мінск, Машэрава 9, корпус 8). Гэтым мерапрыемства ладзіцца на ўвесь дзень, напрыканцы якога будзе файны музычны сюрпрыз, але імя гурта, каб было цікавей, пакуль трымаецца у сакрэце.

Можна прыйсці на ўвесь дзень ці на частку праграмы і далучыцца да разнастайных актыўнасцяў:

З 12.00 да 15.00 на «Дасведчаным Мінску» сябры і партнэры Жывой Бібліятэкі правядуць цікавыя і карысныя лекцыі, варкшопы і майстар-класы. Будзе шмат гасцей, сярод якіх CityDog, Офіс па правах людзей з інваліднасцю, АртСядзіба, «РАДА», Human Constanta, MAKEOUT, Falanster ды іншыя — кожны знойдзе блізкую тэму.

З 15.00 да 16.00 урачыстая частка, падвядзенне вынікаў дзейнасці «Жывой Бібліятэкі» за год.

З 16.00 да 20.00 вялікая Жывая Бібліятэка. Працуе яна гэтак жа, як і звычайная: госці атрымліваюць Картку Чытача, выбіраюць Кнігу, запісваюцца і чытаюць яе на працягу пэўнага часу. Кожная Кніга — гэта новы чалавек, са сваім вопытам, ідэнтычнасцю, светапоглядам, які можа быць значна адрозным ад нашага, але не меньш цікавым ці «правільным». Працэс чытання — жывая камунікацыя, абмен меркаваннямі, ідэямі і свежымі думкамі. Кнігі гатовыя шчыра распавесці пра сябе, адказаць на пытанні і паказаць, што кожны з нас непаўторны.

З 20.00 да 21.30 ладзіцца нэтворкінг, дзе можна аб’яднацца ў групы і паспрабаваць разам знайсці рашэнні для хвалюючых пытанняў. Магчыма вам блізкая тэма экалогіі ці правоў чалавека? Вашыя думкі важныя для пошуку найлепшай ідэі.

З 22.00 канцэрт. Сакрэтны гурт, які вы дакладна хочаце пачуць, але не чакаеце сустрэць.

Уваход, як заўсёды, вольны.

Але рэгістрацыя на гэты раз абавязковая. Раім звярнуць на гэта ўвагу і за хвілінку запоўніць форму па спасылцы. На мерапрыемстве кожнаму зарэгістраванаму госцю будзе зробленая Картка Чытача, якая дазволіць не толькі слухаць Жывых Кніг, але і застацца на канцэрт і даведацца, які сюрпрыз для вас падрыхтавалі арганізатары.

Да сустрэчы ў першую суботу кастрычніка, а пакуль вы можаце сачыць за навінамі на старонках сацыяльных сетак праэкта.
Старонка мерапрыемства ў FB. Старонка мерапрыемства ў VK.

«Жывая Бібліятэка» з нецярпеннем чакае гасцей!