8 лютага 2016

Смайлік

2 760
«За гэтую ноч адбываецца ўсё — і сустрэчы, і раставанні. Ёсць сябры, якія не бачыліся год. Гэта жыццё. Калі сярод вечара ты становішся ў сярэдзіне залы, глядзіш… У цябе душа проста кіпіць, бо за гэтыя сем гадзінаў праносіцца жыццё, поўнае ўсяго»

Смайлік, арганізатарка вечарын на Вавілава
Изображение: Виктория Ломаско
© Виктория Ломаско
Я пачынала хадзіць на Вавілава, калі яшчэ Лена Несцяровіч рабіла [там] першыя вечарыны. Там мы з ёй і пазнаёміліся. Гэта было 10 гадоў таму, мне было тады 20 гадоў. Пачатак 2003-га... Лена Несцяровіч [арганізатарка часопіса для знаёмстваў «Это»] знайшла праз знаёмствы Вавілава, але была ўжо жанчынай ва ўзросце, ёй было нецікава гэтым займацца. Яна кажа: паспрабуй, пойдзе — не пойдзе… Трэба было раскруціць людзей, каб туды хадзілі, [патлумачыць], што там бяспечна, што ў прынцыпе там — ахова, усе свае, нікога чужога.

«Спачатку былі і хлопчыкі, і дзяўчаткі. А пасля, з часам, напэўна, праз гады тры я гэта ўсё перавяла проста ў дзявочнікі. Пачала збіраць толькі дзяўчат»


Для таго, каб гэтыя вечарыны рабіць, імі трэба хварэць і жыць. Калі пры канцы вечара да цябе падыходзяць усе, ціснуць руку і кажуць «дзякуй», то гэта не каштуе ніякіх грошай… З самага пачатку гэта не было нейкім зарабляннем грошай, з самага пачатку канцэпцыяй гэтага месца была сустрэча сяброў. Так дагэтуль і засталося. Гэта не камерцыйны праект. [Я рабіла вечарыны] для таго, каб пабачыць усіх сваіх сяброў, каб яны ўсе сустрэліся і маглі адпачыць там, дзе бяспечна, а не там, куды ты прыйдзеш і будзеш думаць: можна тут пацалавацца са сваёй дзяўчынай ці нельга? І як на цябе паглядзяць.

Калісьці дрэнна казалі пра мае вечарыны, маўляў там «бучы ў цяльняшках спяць на сталах». А хто сказаў, што гэта дрэнна? Яны адпачылі. Яны заплацілі, яны зайшлі. Ну, выпіў чалавек. Ну, таму што не паеў дома. Выпіў. Заснуў. Няхай паспіць і далей пойдзе танчыць. Хто ж супраць? Дзе ім збірацца?.. Калі ўсё пераходзіць у стадыю зарабляння грошай, то губляеш сваю канцэпцыю. Ты ўжо не думаеш пра людзей. А пра іх трэба думаць. Дапусцім, на некаторых вечарынках канцэпцыя — вячэрняя сукенка, абцасы і туды-сюды… А куды схадзіць бучам? Па вялікім рахунку, вось куды? Дыскатэка або вечарына — гэта тое месца, куды мы хочам прыйсці адпачыць. І чалавек павінен адпачываць у той вопратцы, у якой яму зручна.

Што для мяне недапушчальна — гэта бойкі. Але калі дыскатэка прайшла без бойкі — гэта, канечне, класна, але немагчыма. Таму што збіраюцца адны дзяўчаты. А паколькі ў нас адна тусоўка, мы адно аднаго ведаем — хто з кім разышоўся, з кім пачаў сустракацца… Вось яны сустрэліся, у іх эмоцыі. І ад гэтых эмоцый ты нікуды не збяжыш.

За гэтую ноч адбываецца ўсё — і сустрэчы, і раставанні. Ёсць сябры, якія не бачыліся год. Гэта жыццё. Калі сярод вечара ты становішся ў сярэдзіне залы, глядзіш… У цябе душа проста кіпіць, бо за гэтыя сем гадзінаў праносіцца жыццё, поўнае ўсяго. Заўсёды так. Пасярод залы ўстанеш, на ўсіх паглядзіш, падумаеш — блін! Я пасля кожнай дыскатэкі адпачываю месяц, два, бо ўкладаю душу.

Смайлік

© Для ілюстрацыі гісторый мы выкарысталі працы мастачкі Вікторыі Ламаска. Гэта своеасаблівы графічны рэпартаж, замалёўкі з паўзакрытых лесбійскіх клубаў. Пра праект «18+» падрабязней можна прачытаць тут.


Вавілава праіснавала сем гадоў. Калі я апошні раз дыскатэку там рабіла, я была цяжарная… [Праводзіла вечарыны] недзе два разы на месяц. Ну, заробкі ў нас выдаюцца два разы на месяц. Два разы на месяц — цалкам гэтага было дастаткова. Таму што калі рабіць часта — ну адкуль у людзей столькі грошай? У нас няма столькі грошай, каб мы аддавалі, бо мы ж гуляем ужо ад душы, так, каб пасля наскрабаць на метро. У мяне былі знаёмыя, якія падыходзілі, прасілі — слухай, дай, калі ласка, хаця б на метро…

Можна ж было раней на Вавілава прыйсці без грошай, толькі на ўваход назбіраць. І ўсё. Ты прыходзіш — цябе за кожны стол пасадзяць. Табе дадуць і пад’есці, і выпіць. І цыгарэту дадуць, калі ў цябе няма. Дагэтуль так. Прыходзілі людзі, казалі: блін, Смайлік, пусці, у мяне няма цяпер грошай. У мяне заўтра заробак, я табе аддам. Я пускала. І ён аддаваў. Не было ніводнага чалавека, які б пасля не аддаў. Уваход заўсёды робіцца такі, каб чалавек змог сабе яго дазволіць. У мяне быў такі разлік на той час. Калі ідзеш на дыскатэку, як правіла, ты ідзеш не адзін. Ты ідзеш з дамай. Значыць, як нармальны чалавек, ты мусіш за сябе заплаціць, за даму. Ты павінен разлічыць грошы на зваротны шлях — на таксі або на метро. Плюс штосьці там купіць. Вось такі разлік.

[Цяпер] збіраемся раз на год або два разы на год. Як дзяўчаты просяць. [Цяпер на мае вечарыны ходзяць] тыя самыя людзі [што і 10 год таму]. У асноўным тыя самыя, толькі старэйшыя. Недзе больш разумныя, недзе такая ж дурнота ў галаве… Прыходзяць людзі, якім ужо па 60: калі ім на той час было па 50, то цяпер па 60... Яны толькі да мяне і ходзяць. У мяне ёсць тыя людзі, якіх не пускае ні «Кардынал», ні «Клюква», але я іх пускаю. Ёсць людзі, якія не ходзяць на іншыя вечарыны. Прыязджаюць з Брэста, з Віцебска, з Гомеля…

Да мяне каб на вечарыну трапіць — гэта павінен быць твой знаёмы. Калі я цябе не ведаю, калі няма знаёмых, то прабачце. У цябе павінен альбо быць сябра, альбо ты прыходзіш з кампаніяй, якая за цябе кажа: усё, гэта наш чалавек. Усё нармальна… На дадзены момант у мяне фэйс-кантроль — гэта ніякіх хлопчыкаў. Але калі прыходзіць кампанія дзяўчат, і ў іх ёсць сябра-хлопчык, якога яны дома аднаго не пакінуць, каб не сумаваў, то калі вы адказваеце за яго — калі ласка. [Проста] так зайсці хлопчыкам нельга. А дзяўчаты — усе.

«Навошта абмяжоўваць? Мы ўсе розныя. Мы па-рознаму выглядаем, мы па-рознаму думаем. Мы ўсе розныя. Нас яднае толькі адно месца — тое, куды мы прыходзім»


Смайлік
© Виктория Ломаско


Інфармацыя пра вечарыны распаўсюджвалася на Панікоўцы. Рэклама была тут. Тут раздаваліся лістоўкі яшчэ на той час, маленькія такія, запрашэнні. Я сядзела на Анлайне, калі ён яшчэ быў інтэрнэт-клубам. Тры разы на тыдзень. І прадавала флаеры. Раней флаер быў — гэта такая пісулька. З аднаго боку была мапа — як дайсці, а з другога боку — запрашэнне на дзве асобы, дата, ставіўся подпіс, усё. Падрабіць было немагчыма… На ўваходзе заўсёды ляжала папера. Ты пісаў імя і нумар тэлефона. Збіралася база і пасля рабілі смс-рассылкі. Таксама праз знаёмых.

Часам, калі мы чакалі нейкіх аблаваў ці чаго яшчэ, проста ўсім на ўваходзе казалі: калі прыедуць і спытаюцца, вы скажаце, што прыехалі да мяне на дзень нараджэння. Усё. На Вавілава вялікі плюс, што гэта быў двухпавярховы будынак. На першым паверсе стаяла ахова і я. На другім паверсе мы ўсе адпачывалі. То калі б хтосьці прыйшоў, пакуль мы на першым паверсе разбіраемся, то на другім паверсе ўсіх хутка папярэджвалі, вырашалася пытанне. Але ніколі [такога] не было. Цьфу-цьфу-цьфу.

Ахова была пастаянная, пастаянны быў вядучы… Дыджэй… Татушка, яе музыка была самая шыкоўная. Музыка — папса. Вясёлая. Душэўная. Не «тыц-тыц», што б’е па вушах, таму што людзі розныя. І ў 50 гадоў ніхто не зможа танчыць пад гэту музыку. А мне трэба, каб чалавек прыйшоў не проста выпіць, але яшчэ і патанцаваў. У мяне на дыскатэцы Сурганава гучыць амаль кожную гадзіну, Земфіра, усё ёсць. Дагэтуль мы круцім старыя песні, калі ўвесь танцпол проста гудзіць і крычыць ад таго, што чуе. Ну, як можа быць тэмная дыскатэка без тэмнай музыкі? Тады гэты не тэмная… Гэта звычайная дыскатэка.

Я вазіла з Піцера травесці-шоу. Гэта была праграма бум — такога нідзе не было. Выходзіў актор, у яго толькі сукенка была за 600 долараў. Яны прыязджалі да нас раз на месяц і паказвалі шыкоўную праграму. Усе былі проста ў захапленні. Было шоу. Стрыптыз. Вядома, жаночы. Навошта нам мужчынскі стрыптыз? Гэта ж «тэматычная» вечарына.

Сама я хадзіла толькі на Вавілава, там і засталася. Цяпер у нас увогуле выбар вялізны — «Кардынал», «Клюква», гей-клуб «Каста-Дзіва». Геі... Дзяўчат практычна няма. Нашы людзі амаль не перасякаюцца. Мала хто з маіх ходзіць да іх, дапусцім...

Смайлік
© Виктория Ломаско


Змена пакалення адбылася. Яны [тыя, каму цяпер 50-60] — старой загартоўкі. Яны дагэтуль яшчэ не могуць разняволіцца, шорацца недзе па сваіх вуглах, кватэрах. У мяне недзе чалавек 10 такога ўзросту — 50-60 гадоў. Раней мы іх спрабавалі больш выцягваць... Цяпер у іх дзеці, у некага — унукі. Яны думаюць — а чаго я пайду… Што я там буду рабіць? Яны нават па-іншаму ставяцца да адносінаў. У іх іншыя каштоўнасці — яны ўжо, напэўна, гадоў па 15 жывуць са сваёй палавінкай… [Некаторыя] выключаюць тэлефон, каб ім не назвоньвалі і не казалі — пайшлі [на вечарыну].

Канечне, цяпер гэта больш адкрыта, усе больш прывыклі. Я разумею, што мы цяпер падыходзім да кропкі, калі ўжо ніхто на гэта не будзе звяртаць увагі. Розніца ёсць. Гэта нават бачна па тым, як на цябе глядзяць у метро. Цяпер больш інфармацыі, больш усё адкрыта… Раней гэта было больш асэнсавана.

«Для таго, каб прыйсці на Панікоўку, колькі ўсяго трэба было ў сабе перажыць. Гэта ж можна было і звар’яцець на той час, гэта ж было забаронена. «Гэта я ўвогуле іншы нейкі!»


Калі я сама на Панікоўку прыйшла, мне было, напэўна, гадоў 18, я была яшчэ замужам. У мяне быў такі грашок у жыцці. Я выйшла замуж у 18 гадоў. У 19 гадоў я прыйшла са сваёй дзяўчынай, мы нікога не ведалі, але нас адразу ж прынялі. Гэта было класна. Было ўсё мірна, мы ўсе былі аднолькавыя. У нас не было ні гламуру, ні пафасу, адно перад адным не выпендрываліся. Усё было чотка. Можна было прыйсці без грошай, без цыгарэт. І ты сядзеў, піў піва, курыў найлепшыя цыгарэты. Як родны дом…

[Цяпер] я жыву з дзіцем, для мяне цяпер гэта самае галоўнае і каштоўнае ў жыцці. У мяне дачка, ёй цяпер два і сем. А працую я звычайным гандлёвым агентам. Дзіцяці было 8 месяцаў, калі я зрабіла дыскатэку пасля доўгага перапынку. У кожнага былі свае думкі на гэты конт — што я раблю і дзе я падзелася. Хто казаў, што я на рак захварэла, хто казаў, што я замуж выйшла… Усё маё жыццё — гэта маё дзіця і мая сям’я. Нарадзіць і зацяжарыць можна не выходзячы замуж. Мне было гэта важна. Але гэта мне не перашкаджае добра пагуляць. Я ж таксама ў душы дзіця.

Працягваць чытаць тэкст пра Вавілава >