24 мая 2016

Тáткі

3 322
-аповяд-
Изображение:
Ціхі і такі мілы дзіцёнак корпаецца сам у пясочніцы. Ані сябрукоў, ані дарослых зь ім побач. Дзіўна, трывожна некаторым мінакам і міначкам, якія заўважаюць дзіцё ў пясочніцы. Але рэдкія цяпер дарослыя, якіх трывожыць падобнае. І так сьмела, бясстрашна, а яшчэ жвава гуляецца дзіцёначак – і кампанія яму без патрэбы. З чужымі дарослымі ён не размаўляе, як, па усім відно, слушна навучылі яго бацькі. З чужымі дзецьмі не гуляецца, бы і тут яго навучылі так нябачныя бацькі. Русявая, з даўгой грыўкай, самадастатковая малеча так спрычынена і смачна гуляецца сама, што часам зайздрасна іншым дзецям і нават дарослым, якія глядзяць на яго з вокнаў страшнага дому, што кідае лішні цень на двор, пясочніцу і на малое. І яшчэ пара прыгожых вачэй цікуе за заняцікам - тата сочыць за дзіцёнкам. Зусім ня кінутая, ня рынутая малеча – тата клапоціцца, пільнуе за ёй. Калі-нікалі дзіцё кідае позірк на балькон, сустракаецца вачыма з таткам, усьміхаецца яму і далей аддаецца ціхай гульні. Хударлявы малады мужчына сумна кідае позіркі на двор, усьміхаецца ён мала і толькі тады, калі вочы чапляюцца за чароўнага дзіцёнка ў пясочніцы. А часам сумна глядзіць ён і на малое, бо русявасьць ягоная нагадвае тую, якая нарадзіла яго і памерла пры родах. Тую, якую кахаў нават і ён, адзінока стаялы мужчына. Чатыры гады, як памерла, два гады, як малое стала ўсё выразьней нагадваць раджалую. І так цяжка дасюль уцяміць яму, як яны перажылі сьмерць, як далі рады сабраць сілы і жыць.... Ня ўцяміць яму, як змог ён навесьці казку, навязаць яе вусьцішнай прозе..... Хутчэй усяго гэта дзякуючы дзіцёнку, канечне, дзякуючы яму....

Зноў шукае малеча вачыма тату, які мэлянхоліць на бальконе. Не крычыць зверху тата, проста выходзіць і йдзе да яго. Цалуе ў вушка яго, мацае, ці халодныя ў яго ручонкі. Але ўпэўнена кажа малеча: "Не хвалюйся, я не замёрз, татка!" Сьмяецца і кажа далей: "Я ня клікаў цябе, проста міргамі гуляўся з табою. Вяртайся, а я тут буду бавіцца." Па-даросламу кажа так дзіцё маўкліваму, але клапатліваму бацьку. У пясочніцы яны разам, бы на ратавальным плыце. Навокал людзі, дзеці мінаюць, але да іх ня йдуць. Ня слухае тата мудрага дзіцёнка, сядае не беражок пясочніцы і любуецца разумнай малечай, якая нарадзіўшыся, згубіла маці.

Іншыя бацькі зь дзецьмі зьяўляюцца недалёка, але падазрона трымаюць нейкую дыстанцыю ад сумнага і вабнага маладога мужчыны з самотным і мудрым дзіцёнкам. Але хутка з пад'езда выходзіць цямнявая жанчына зь дзевачкай-скакухай. Вомегам радасна кідаецца дзяўчо ў пясочніцу і ўжо абдымаецца з русявым дзіцёнкам. Бацькі моўчкі хіба здароўкаюцца кіўком галавы, але дзеці здароўкаюцца шчыра, цёпла, бо не навучаныя яшчэ сумным правілам даросласьці. Насьцярожана стаіць маці скакухі-сакатухі і нэрвова паліць цыгарку. Спакойна і, як звычайна, мэлянхалійна сядзіць тата і слухае сьветлых дзяцей, якія вядуць шчырыя размовы:

- Мілан, ня бойся, я цябе ніколі не пакіну - ніколі! - кажа сакатуха. - Будзьма заўсёды разам. Ну і няхай у цябе два таты - тым лепей! У мяне і аднога няма, толькі адная мама. Яны ўсе такія дурненькія, што баяцца вас, - працягвала пад'ездная сьмелая дзяўчынка, паказваючы рукой у бок бацькоў зь дзецьмі, якія гулялі далей ля альтанкі.

- А праўда, што твае два таты геі? Так маці мая казала. Я ня ведаю, што гэта, але гэта так клясна мець два таткі! - шчыра працягвала суседзкая дзяўчынка.

Тым часам маці скакухі, да якой даляцелі кавалы дзяцінай размовы, ад сораму стала сьпінай да пясочніцы. А сумны татка, наадварот, крыху павесялеў ад пачутага.

Адкáзаў маўклівага дзіцёнка не было чуваць - сакатуха працягвала гаману:

- І імя твае ніякае не дурацкае, прыгожае - Мілан… Я так свайго дзіцёнка назаву, вось пабачыш!

Пакуль дзяўчынка цнатліва і так сьмешна выдавала сваю маці, Мілан пачаў усьміхацца шырэй і ўглядацца за татавы плечы. Ціхама да маладога мужчыны падышоў іншы сымпатычны малады мужчына, падышоў, абняў за талію, а затым падхапіў іх сына, названага так не па-віцебску - Мілан. Той толькі і закрычаў: "Таткі!"

Ротам і з такім замілаваньнем глядзела на іх маленькая Аліна, пад'ездная дзяўчынка, якая марыла хаця б пра аднога татку.

Уладзь Гарбацкі, сьнежань 2013