Беларусь падзеі 5 верасня 2018

«Венера»: фільм пра жаночую сэксуальнасць з праграмы «Паўночнага ззяння»

Прагляды: 3 697

13 верасня ў Мінску стартуе паказ дацкай дакументальнай стужкі пра жаночую цялеснасць і сэксуальнасць рэжысёркі Меттэ Карлы Т. Альбрэктсан «Венера».

Фестываль кіно Паўночных і Балтыйскіх краін «Паўночнае ззянне» сумесна з кампаніяй Volia Films пачалі ажыццяўляць у Беларусі рэлізы найноўшых гульнявых і дакументальных фільмаў з розных краін свету. Так, у жніўні адбыўся пракат ісландскага фільма «Пад дрэвам» з праграмы сёлетняга фестывалю. У верасні адбудуцца рэлізы адразу двух дакументальных фільмаў — «Венера» (Данія), а таксама «Дарога» (рэж. Дзмірый Калашнікаў, прадзюсарка Воля Чайкоўская).

Сінапсіс

Дзве рэжысёркi пачынаюць даследаваць свой ўласны сэксуальны досвед з мэтай зразумець жаданне з жаночага пункту гледжання. Каб атрымаць больш шчырых меркаванняў, рэжысёркі вырашаюць зрабіць фільм, якi заснаваны на эратычных успамінах і разважаннях рэальных жанчын. Больш за 100 маладых жанчын прыходзяць на відэа-кастынг у Капенгагене. Неўзабаве праект пераўтвараецца ў сапраўднае навуковае даследаванне жаночых жаданняў, фантазій, думак пра сэкс, сорам, юрлівасць і задавальненне. Гэты фільм — рэдкая магчымасць зазірнуць у патаемныя дзверы жаночай сэксуальнасці.

Паглядзець фільм можна ў двух кінатэатрах сталіцы:

З 13 па 16 верасня ─ к\т «МІР»
З 13 па 19 верасня ─ к\т «FALCON CLUB БУТИК КИНО»

Стужка была ўпершыню паказана беларускай публіцы ў красавіку 2018 года на кінафестывалі «Паўночнае ззянне». Пасля паказу ў кінатэатры «Мір» адбыўся Q&A з прадзюсаркай фільму Кірстын Барфорд і дыскусія з удзелам беларускіх рэжысёрак, арт-актывістак і медыя пра фармiраванне нашых жаданняў. На дыскусіі таксама былі закранутыя пытанні пра розныя тыпы жаночай ідэнтычнасці, якія існуюць у сучасным свеце. Удзельніцамі дыскусіі сталі: паэтка Вольга Гапеева, заснавальніца праекту «Гендарны маршрут» Ірына Саламаціна, прадзюсарка Кірстын Барфорд, дырэктарка шоў-руму Moonlight Room Святлана Каляда, мадэратарка — дырэктарка кінафестывалю «Паўнчонае ззянне» Воля Чайкоўская. З прычыны таго, што фільм выклікаў вялікую цікаўнасць у беларускай аўдыторыі — мы запускаем унікальную дацкую стужку ў мінскі пракат.