Пірсінг і татуіроўка як помнікі перажытаму болю

Прагляды: 2 079

© Gabor Nagy
У мяне быў эндаметрыёз, і пасля другой аперацыі ў 2018-м я вырашыла зрабіць пірсінг у некалькіх месцах. Я купляла новыя ўпрыгожанні замест тых, якія зняла перад аперацыяй, і падумала, ці не зрабіць мне пару новых праколаў. Свой выбар я спыніла на двух храстках правага вуха (наогул, гэта былі мае сёмы і восьмы праколы). Я пачала рабіць пірсінг вушэй у каледжы: два-тры праколы мочкі аднаго вуха, храсток другога. Боль мяне не пужаў, ды я шмат гадоў ездзіла да таго самага пірсінг-майстра ў Кембрыджы, штат Масачусэтс, каб даверыць яму дэфармацыі свайго цела. Калі я прыехала на сёмы і восьмы праколы, то ўжо добра ведала працэдуру: мне прамыюць вуха, пазначаць месца будучага праколу чорнай кропкай і спытаюць: «Ну як? Можа, ніжэй? Вышэй? Вось тут лепей за ўсё».

Пірсінг-майстар быў спакойны і папрасіў мяне ўдыхнуць. Ён тлумачыў, што адбывалася і што я буду адчуваць, калі голка праходзіла праз вуха, а калі ўдзеў упрыгожанне, сказаў, каб я ведала, што самае страшнае мінула. Мы паўтарылі працэдуру для другога праколу. Калі ён папярэджваў мяне, што будзе балюча, мне хацелася з’едліва пракаментаваць, што гэты боль – нішто ў параўнанні з аперацыямі, праз якія я прайшла, і як ён блякнуў перад гадамі маіх фізічных пакутаў. Я хацела падзяліцца гэтым, каб паказаць, наколькі я моцная. Хацела выхваліцца. Прыемна было ўсведамляць, што я магла лёгка справіцца з болем, якога многія баяцца. Абодва праколы былі балючымі, але я не варухнулася, калі голка прабіла мой храсток і выйшла з адваротнага боку. У той момант я пачувалася натхнёна; я зразумела, што сама выбрала прайсці праз гэты боль, і лёгкасць, з якой я зрабіла гэта, давала мне пачуццё моцы і ўпэўненасці.

Пасля таго я размаўляла з некалькімі сяброўкамі, у якіх таксама эндаметрыёз, пра іхны досвед мадыфікацыі цела – тату і пірсінг – і нечакана для сябе даведалася, што ўсе яны перажывалі падобныя моманты катарсісу, натхнення і камфорту. Джыл Шурр, сузаснавальніца «Chicago Endo» і сябра арганізацыі «Endometriosis Coalition» (займаецца пашырэннем інфармаванасці аб праблематыцы эндаметрыёзу), сама сутыкнулася з працэдурай лапараскапіі і выдалення маткі праз эндаметрыёз і адэнаміёз адпаведна. Пасля выдалення маткі ў 2017-м яна папрасіла сябра зрабіць ёй татуіроўку на руцэ: мастацкае выкананне фотаздымка яе ўласнай урэтры, які яна атрымала ад доктара. «Я хацела нагадаць [сабе] пра ўсё, праз што я прайшла», – так Джыл Шурр патлумачыла рашэнне увечніць аперацыі на сваёй скуры. – «Гэты орган замінаў ажыццяўленню маіх мараў і мэтаў. Татуіроўка нагадвае мне пра боль і ўсе эмоцыі, звязаныя з гадамі пакутаў».

Для Шурр тату – нагадванне пра добрае і дрэннае адначасова. «Я ніколі не змагу зацяжарыць. Каб мець сям’ю, мне спатрэбіцца не адна тысяча даляраў. Але пасля лапараскапіі і выдалення маткі я жыву без болю», – падзялілася яна. – «Пра гэта важна памятаць. Гэта нагадвае мне, які шлях я прайшла і якая я моцная».

Пірсінг і татуіроўка як помнікі перажытаму болю
© Gabor Nagy

Лара Паркер, намесніца шэф-рэдактаркі BuzzFeed, таксама знаходзіць катарсіс у свах васьмі татуіроўках, якія дапамаглі ёй справіцца з эндаметрыёзам і траўмай тазу. «Я раблю татуіроўкі, каб не забывацца на траўму і ўвесь боль, праз які я прайшла». Для Паркер боль, які яна адчувае, калі робіць татуіроўку, – спосаб вярнуць уладу над сваім непакорлівым целам. «Я кантралюю татуіроўкі, якія з’яўляюцца на маім целе. Гэты боль я выбіраю сама, у адрозненні ад любога іншага, які мне не падуладны. Гэта надае мне моцы. Гэта дапамагае мне адчуваць сябе жывой, бо маё цела падпарадкоўваецца мне, хай і ненадоўга».

Я задумалася пра эфект катарсісу, выкліканы менавіта гэтым тыпам болю, праз некалькі дзён пасля таго, як зрабіла сабе першы пірсінг. Я размаўляла з сяброўкай, у якой было нешта падобнае і якая зрабіла тату, каб захаваць памяць пра гэта. Мы абедзьве жартавалі пра тое, як нам ужо хочацца новых мадыфікацый свайго цела. Ёсць у гэтым джале нешта прыемнае: усведамляць, што я пайшла на гэта толькі з эстэтычных мэтаў, – асабліва суцяшальна, улічваючы, наколькі наша рэпрадуктыўнае здароўе па сваёй прыродзе звязана з тым, як нас бачаць іншыя. Праз эндаметрыёз найболей інтымныя, каштоўныя часткі мяне сталі слабымі. Пірсінг зрабіў мяне крутой.

Рэйна Султан – пісьменніца-фрылансерка, у якой таксама эндаметрыёз, мае некалькі тату і праколаў па тых жа прычынах. «На нейкім узроўні мне заўжды падавалася, што такое рашэнне ідэальна дапамагае мне справіцца з тым, да чаго амаль немагчыма падступіцца… Я дакладна адчуваю катарсіс, бо ніякі боль немагчыма параўнаць з тым, што я адчуваю дзень пры дні праз сваё хранічнае захворванне». Яна дадае, што мадыфікацыі яе цела служаць напамінам пра тое, што боль – часовы, і гэта дапамагае ёй трымацца ў перыяды абвастрэння хваробы. Вырашыўшы напісаць тэкст на гэтую тэму, я спытала сваю аўдыторыю ў Twitter, ці робяць яны пірсінг і тату, каб справіцца з траўмай. Я атрымала мноства адказаў: з дапамогай мадыфікацыяў цела людзі захоўвалі памяць пра перажыты сэксуальны гвалт, страту блізкага чалавека ды іншыя траўмы.

© Gabor Nagy

Па многіх гісторыях было відаць, што мадыфікацыі цела як форма катарсісу – болей, чым пераадоленне болевай мяжы; гэта пра кантроль над сваім целам, сваім жыццём і сваёй рэальнасцю, які мы спрабуем вярнуць. Гэта пастаянны напамін пра нашую стойкасць. Мы трываем боль – і можам ператварыць жах у прыгажосць. Ямані Хернандэс, выканаўчая дырэктарка Нацыянальнай сеткі фондаў у падтрымку права на аборт, мае татуіроўкі, якія захоўваюць памяць пра развод, смерць блізкага чалавека і выкідак. Мастацтва на яе целе – напамін пра любоў і надзею, якімі яна можа дзяліцца. «Часам унутраны боль, які ніхто не можа бачыць, робіцца больш заўважным і важкім», – выказваецца Ямані пра татуіроўкі. – «Я не кажу, што люблю боль, але чымсьці ён нагадвае трансфармацыйнае кровапусканне. Ты адпускаеш нешта і пакідаеш адмеціну – штосьці прайшло, і штосьці новае нарадзілася».

Лэйн, якая перажыла сэксуальны гвалт і ў якой рак крыві, кажа, што татуіроўкі і пірсінг шчыльна звязаныя з тым, наколькі яна стойкая і дзёрзкая, бо зрабіла іх, ведаючы, што многія людзі яе не зразумеюць. «Я ведаю, што такое – адчуваць боль дзень пры дні, а таксама – што такое трэпанабіяпсія і наколькі гэты боль траўматычны, таму мадыфікацыі цела для мяне не надта балючыя». Алі, выпускніца, якая працуе ў галіне аховы здароўя і праводзіць медычныя даследаванні, кажа, што яе таксама супакойвае, калі яна даглядае за пірсінгам на сваім целе: «Каб пракол зажыў, трэба кожны дзень яго даглядаць, і для мяне з маім хранічным болем у гэтым нешта ёсць. Ты клапоцішся пра сябе, і праз некаторы час рана загойваецца, пры гэтым кожны дзень ты бачыш паляпшэнні».

© Gabor Nagy

Калі хварэеш ці маеш траўматычны досвед, то клопат пра сваё цела атрымлівае дадатковы сэнс. Тое, што для іншых – звычайныя паўсядзённыя рэчы, напрыклад, паход у краму за прадуктамі, для цябе робіцца цяжкім абавязкам. Часам проста адпачыць пасярод дня неабходна нам для выжывання (і дзесьці гэта агульнапрынятая практыка). У пыхлівасці, нават легкадумнасці, з якой мы надаем увагу нейкай частцы цела з чыста эстэтычных прычын, ёсць нешта тэрапеўтычнае. Адначасова, назіраючы за тым, як мы самі залечваем адну частку цела, мы нагадваем сабе, што іншыя нашыя часткі таксама могуць вылекавацца. Кантроль, катарсіс і моц падштурхоўваюць тых, хто сутыкнуўся з хранічным болем, да пірсінга і татуіровак. Сам боль, рэакцыя цела на яго і сімвалізм усяго гэтага – вось што прымушае людзей шукаць новыя месцы на целе, дзе можна зрабіць пракол альбо якія можна пакрыць малюнкамі, што не змыюцца. Гэтыя адмеціны і працэс іх стварэння з’яўляюцца напамінам пра тое, які шлях мы прашлі, а таксама пра тое, колькі ў нас моцы. Ёсць сэнс і каштоўнасць у тым, што мы ўпрыгожваем траўмы, захоўваем памяць пра перажытае, у залатых упрыгожаннях, у мастацве, запамінаем той дзень ці тыя некалькі гадзінаў, калі нашыя целы і наш боль належалі нам.

Bitch Media – некамерцыйны праект і існуе толькі дзякуючы чытацкай падтрымцы. Вы можаце падтрымаць іх, аформіўшы падпіску альбо ахвяраваўшы любую суму.