Шчыра запрашаем 14 сакавіка ў 19:00 на адкрыццё новай літаратурнай платформы – кнігарні выдавецтва “Галіяфы”. Ва ўтульным інтэр’еры па вул. Валгаградскай, 6 (дзве хвіліны ад метро “Маскоўская”) пачнуць працаваць пад адным дахам кніжная крама з шырокім выбарам беларускіх кніг, мастацкая галерэя і лекцыйная прастора.
Мы будзем рабіць жыццё вакол беларускай кнігі ярчэйшым і цікавейшым. Нашая мэта – далей пашыраць кола чытачоў беларускамоўнай літаратуры. Мы не проста будзем распаўсюджваць беларускую літаратуру, мы будзем дапамагаць у ёй арыентавацца і, безумоўна, працягваць яе выдаваць.
У сэрцы кнігарні “Галіяфы” – сучасная беларускамоўная проза і паэзія. Тут заўсёды можна будзе набыць па даступных цэнах доўгачаканыя беларускія літаратурныя навінкі, а таксама прыгожыя дзіцячыя кнігі, актуальныя беларускія часопісы, гістарычную літаратуру і іншыя ўлюбёныя стравы кніжнага чалавека. Цэны на кнігі выдавецтва “Галіяфы”, а часам і на кнігі іншых выдавецтваў, тут будуць найніжэйшыя па горадзе.
Падчас адкрыцця кнігарня “Галіяфы” прэзентуе новыя кнігі Адама ГЛОБУСА “Партрэты” і Юрыя СТАНКЕВІЧА “Брамнік заўжды самотны”. У імпрэзе таксама возьмуць удзел Альгерд БАХАРЭВІЧ, Зміцер ВІШНЁЎ, Вольга ГАПЕЕВА, Зміцер ПЛЯН, Аляксей ХАРУЖКА і іншыя літаратары, а пачнецца ўсё правакацыйным перфомансам “Тэатра псіхічнае неўраўнаважанасці” (Ілля СІН, Павал ВАЙНІЦКІ, Яўген РАГОЗІН). Музыка ад Уладзіслава БУБНА – аднаго з першых электронных прадзюсараў Беларусі. Уваход вольны.
Усім чытачам, якія завітаюць на адкрыццё, у падарунак:
- ад кнігарні – зніжкавая карта;
- ад грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!” – адметныя падарункі.
І гэта толькі пачатак цэлага шэрагу падзей, пляцоўкай для якіх стане кнігарня «Галіяфы» як платформа са значнымі магчымасцямі для прасоўвання не толькі літаратурных твораў і іх аўтараў, але і важных культурніцкіх праектаў і грамадскіх ініцыятываў.
Пачынаючы з 15 сакавіка кнігарня “Галіяфы” працуе штодзённа з 10:00 да 22:00, без выходных. Адрас: Мінск, вул. Валгаградская, 6 (дзве хвіліны ад метро “Маскоўская”).