Раман пра жаночую банду, якая захапіла Замак і ўзяла ў закладнікі турыстаў і супрацоўнікаў. І ня дзесьці там, а ў самым сэрцы Краіны Замкаў. І не калісьці там, а ў наш цудоўны час.

«Кніжка атрымалася досыць фэмінісцкая. Пра жанчын Краіны Замкаў і іхныя праблемы. Кніжка атрымалася дужа мужчынская. Пра мужчын Краіны Замкаў, іхны гонар і іхную ганьбу. У гэтай кніжцы ёсьць зброя і гвалт, каханьне і змаганьне зь мінулым. У ёй выбіваюць дываны і сьведчаньні. У ёй адплюшчваюцца вочы і ўваскрасае Джонатан Сўіфт. А яшчэ гэта лірычная кніжка. Баявік наадварот. І гістарычны раман навыварат», – піша пра раман аўтар.
Раман выходзіць у выдавецтве «Галіяфы»
З ласкавай згоды іранскай мастачкі Афарын Саедзі ў афармленьні вокладкі скарыстаная яе карціна «Like a King».
Вокладка – Юля Цімафеева
Рэдактар – Сяргей Шупа
На прэзэнтацыі раман будзе прадавацца без нацэнкі, то бок па прыязным для чытачоў кошце.