беларусь правы жанчын 13 лістапада 2015

З 7 кастрычніка і да канца года беларускі працуюць бясплатна

Прагляды: 2 768

© Won Park
Брытанскі “Дзень роўнай аплаты”, што паказвае момант, пасля якога жанчына фактычна будзе працаваць бясплатна праз гендарную неадпаведнасць заробкаў, настае за 52 дні да канца года, 9 лістапада.

У Беларусі, паводле дадзеных Белстата, жанчыны зарабляюць на 23,4% меней за мужчын. За год розніца ў зарплатах набіраецца ў 21,4 млн рублёў (1 213 долараў). “Дзень роўнай аплаты” ў нашай краіне наступіў яшчэ 7 кастрычніка — за 86 дзён да канца года.

За апошнія гады разрыў у заробках мужчын і жанчын крыху скараціўся. У мінулым годзе ён быў 25,5%, у пазамінулым — 25,6%.

Дарэчы, яшчэ ў жніўні міністр працы і сацыяльнай абароны Марыяна Шчоткіна заявіла, што мужчыны ў Беларусі атрымліваюць заробкі на 33% большыя за жанчын. А гэтыя звесткі моцна адрозніваюцца ад дадзеных Белстата.

У 2014 годзе Беларусь у рэйтынгу гендарнай роўнасці, які публікуе Сусветны эканамічны форум, займае 32-е месца (са 142 краінаў). Вялікабрытанія, дарэчы, — 26-е.

Сярод нашых суседзяў у гэтым рэйтынгу вышэйшае месца займае толькі Латвія — 15-е. Літва размясцілася на 44-й пазіцыі, Украіна — 56-я, Польшча — 57-я. Расія займае 75-ы радок.

Паводле дадзеных рэйтынга, Ісландыя, Фінляндыя, Нарвегія, Швецыя — краіны, дзе гендарная няроўнасць найменшая. У Емене, Пакістане, Чадзе, Сірыі спецыялісты Сусветнага эканамічнага форуму рэгіструюць найвялікшую няроўнасць паміж мужчынамі і жанчынамі.