1 сакавіка 2019

ЛГБТ-дайджэст Беларусі 2018: як гэта было

3 966
Традыцыйна падсумоўваем вынікі папярэдняга года. Калі ў нашай краіне настане ЛГБТК-вырай — мы будзем ведаць, як мы да гэтага прышлі. Усё карпатліва занатоўваецца ажно з 2014 года. Дайджэст 2014, 2015, 2016, 2017.



Гісторыя Карыны з Узбекістану

Калі: увесь 2018 год
Падрабязнасці: Идентичность и право ці Радыё Свабода

ЛГБТ-дайджэст Беларусі 2018: як гэта было© Photo: Сяргей Ткач

Гісторыя Карыны поўніцца праявамі сістэмнай дыскрымінацыі. Карына не мае пашпарту і грамадзянства, не мае пастаяннага заробку, яна трансгендарная жанчына і некаторы час зарабляла сэкс-паслугамі. Падчас свайго жыцця ва Ўзбекістане і Расіі Карыну не раз арыштоўвалі, збівалі, гвалцілі і здзекваліся з яе. Карына вырашыла бегчы, каб застацца жывой. Яна прасіла палітычнага прытулку ў Расіі, але ёй адмовілі. Расейскія ЛГБТК-актывіст_кі дапамаглі Карыне выбрацца ў Беларусь, бо гэта была адзіная мажлівасць перасекчы мяжу без пашпарту. Карына прасіла прытулку ў Беларусі, але ёй таксама адмовілі. Пасля ўмяшальніцтва ў справу ААН і дапамогі беларускіх праваабаронцаў Карына нарэшце атрымала статус бежанкі, але да гэтага часу знаходзіцца ў Беларусі і чакае адказу ад амбасадаў, якія змогуць даць ёй магчымасць жыць спакойна ў іншай краіне і не баяцца за сваю бяспеку.




MAKEOUT атрымаў афіцыйную рэгістрацыю ў Менгарвыканкаме

Калі: 20 сакавіка
Падрабязнасці: Радыё Свабода

© Photo: Артур Маталянец

Неверагодна, але факт. Каб троху збавіць градус неверагоднасці, адразу скажам, што для гэтага нам давялося не адзін раз перарабляць заяву разам з нашымі юрыстамі, грукацца ў розныя дзверы, назвацца гендарным, а не ЛГБТК-праектам. Але так, гэта здарылася. Якія сюрпрызы ці расчараванні прынясе нам гэты факт — яшчэ давядзецца даведацца. А пакуль радуемся, бо нягледзячы на шматлікія «але», мы ёсць — і на гэты раз афіцыйна. Дарэчы, калі хочаш паглядзець на наш статут (так-так, мы цяпер сур’ёзныя дзеткі), вось тут можаш яго знайсці.




Чацвёрты міжнародны фестываль квір-культуры «DOTYK» і закрыццё прасторы Сталоўка XYZ

Калі: 6 — 8 красавіка
Падрабязнасці: 34MAG.NET


Гэты ланцужок сумных падзей пачаўся з ліста праваслаўных актывістаў слаўнага горада Магілёва. Яны былі абураныя, што праваслаўная пасха і квір-фестываль праходзяць у адны і тыя ж дні. Пасля ў асноўнае і запасное памяшканне для правядзенне фестывалю адна за адной сталі прыходзіць праверкі. Тут і аддзел ідэалогі, і пажарнікі, і хто заўгодна. Усім ім нешта не падабаецца, але ў выніку, дзякуючы крутой менэджэрскай працы Дотыка, фестываль усё ж праходзіць, хай і ў меншым фармаце і ў сакрэтных лакацыях. Пасля заканчэння фестывалю адбылася прэс-канферэнцыя, якая патлумачыла, чаму арганізатар_кі ўвесь гэты час маўчалі. Відэа з яе ты можаш паглядзець ніжэй. А яшчэ стала вядома, што Сталоўка XYZ, якая прытуліла столькі квірных душ, больш не будзе функцыянаваць.






Гамафобныя выказванні міністра Шуневіча

Калі: май 2018 — ...
Падрабязнасці: ...

© Photo: Facebook / UK in Belarus - British Embassy Minsk

Наўрад ці хоць адзін беларускі чыноўнік пабываў (хай і віртуальна) на большай колькасці ЛГБТ-прайдаў па ўсім свеце, чым міністр унутраных спраў Беларусі Шуневіч.

Тут таксама важна адзначыць ланцужок падзей, бо адно чапляецца за іншае. Спачатку у дзень барацьбы з гамафобіяй Брытанская амбасада вывешвае на сваім будынку ў Мінску вясёлкавы сцяг. Пасля на сайце МУС выходзіць ананімны артыкул, галоўны пасыл якога «ЛГБТ — гэта падробка». Пасля міністр Шуневіч у публічным інтэрв’ю пагаджаецца з пасылам артыкула. Пасля Віка Біран робіць тры фотаздымкі з плакатам «Самі вы падробка», публікуе іх у сябе ў Фэйсбуку і за гэта атрымоўвае позвы з трох судоў за «правядзенне масавых мерапрыемстваў». Пасля актывістка прымае ўдзел у ЛГБТ-прайдзе ў ЗША з фотаздымкам Шуневіча і ад гэтага часу міністр «наведае» ці не з дзесятак прайдаў па ўсім свеце. Суды праходзяць, даюцца штрафы, неабходная сума (і нават больш) хутка збіраецца праз краўдфандынг. Студэнт_кі і актор_кі Свабоднага тэатра робяць шэраг акцый на тэму ЛГБТ і таксама атрымоўваюць штрафы і нават содні. Міністр зноўку выступае на тэлебачанні і гэтым разам называе ЛГБТ людзей «дзіравымі». Праваабаронцы патрабуюць прыцягнуць міністра да крымінальнай адказнаці за распальванне варажнечы, але следчы камітэт і пракуратура адмаўляюць у правядзенні праверкі.




Забарона на ўезд у Беларусь Алок Вайд-Мэнан

Калі: 31 ліпеня
Падрабязнасці: makeout.by


31 ліпеня 2018 года беларуская памежная служба адмовіла ва ўездзе ў Беларусь трансгендарнаму нябеламу чалавеку Алок Вайд-Мэнан. Планавалася, што Алок правядуць (Алок выкарыстоўваюць у дачыненні да сябе займеннік «яны») два мерапрыемствы: адно — закрыте для трансгендарных і небінарных людзей, другое — адкрытае і паэтычнае. Мы дагэтуль не ведаем прычыны, з якой Алок было адмоўлена. Прадстаўнікі памежнай службы саслаліся на артыкул 30 закона РБ «Аб прававым становішчы замежных грамадзянаў і асобаў без грамадзянства» і параілі «уважліва яго прачытаць».

Публічнае мерапрыемства было праведзена, хай і без удзелу Алок. ЛГБТК людзі зачытвалі пераклады вершаў Алок на беларускай мове і дзяліліся сваімі пачуццямі.

Прачытаць вершы Алок у перакладзе Насты Манцэвіч можна тут.




Запуск праграмы па крэатыўным лідарстве для ЛГБТК+ людзей

Калі: верасень — дагэтуль
Падрабязнасці: OUTLOUD.by


За чатыры гады каманда MAKEOUT шмат паспела зрабіць пра і для ЛГБТК-людзей у Беларусі. Але час ідзе, мы стамляемся, жыццёвыя сітуацыі змяняюцца, побач ёсць шмат іншых актывіста_к, якія хочуць і гатовыя нешта змяняць і з якімі мы гатовыя падзяліцца нашым вопытам. Менавіта для такіх людзей мы і зладзілі гэтую праграму. Пра вынікі пакуль што казаць рана, праграма яшчэ ідзе і інфа пра «выпускныя работы», мы спадзяемся, з’явіцца ў наступным дайджэсце. Але тое, што гэта важна для ЛГБТК-гісторыі Беларусі — гэта ўжо цяпер бясспрэчны факт.




Канферэнцыя «Псіхатэрапія за межамі гетэранарматыўнасці»

Калі: 17-18 лістапада
Падрабязнасці: https://makeout.space/psy.html


Як узгадаем, дык адразу на слязу прашыбае, настолькі ўсё гэта было крута.

На канферэнцыю мы запрасілі псіхатэрапеўта_к, псіхалаг_інь, спецыяліста_к дапамагаючых прафесій. Некаторыя з іх ужо працуюць з ЛГБТК, некаторыя толькі рыхтуюцца, але ўсе яны гатовыя прафесійна «прапампоўвацца».

Відэа з канфы можна знайсці на адмысловай старонцы. А яшчэ ведай, што калі ты шукаеш ЛГБТК-псіхатэрапеўт_ку (ці ЛГБТК-фрэндлі псіхатэрапеўт_ку) — звяртайся, у нас ёсць кантакты.




Shuma i Дело_Пи выпускаюць кліп, прысвечаны бацькам ЛГБТ-дзяцей

Калі: 26 лістапада
Дзе: YouTube


Зацані кліп, калі яшчэ не. У ім расказваеца гісторыя транссэксуальнай дзяўчыны з Беларусі Леры Шэндэр. Руся, заснавальніца праекту Shuma, трапіла аднойчы на інтэрв’ю Леры, уразілася ім і прыдумала візуалізаваць гэту гісторыю. Заснавальнік Дело_Пи Андрэй Завалей вырашыў ёй у гэтым дапамагчы. Разам з кліпам была запушчаная інфрмацыйная кампанія #superparents пра бацькоў, якія падтрымліваюць сваіх ЛГБТ-дзяцей.

© Photo: Ася Никитина