Кітаянка выйграла пазоў па факце гендарнай дыскрымінацыі
Прагляды: 2 532
Прыватная фірма мусіць выплаціць выпускніцы з Пекіна 30 тысяч юаняў. Імаверна, гэта першы такі выпадак у краіне.
Калі ў кампаніі сказалі, што не могуць узяць яе на працу, бо ім патрэбны мужчына, Цаа Ю раззлавалася і наняла адваката. Цяпер кампанія павінная выплаціць маладой выпускніцы з Пекіна 30 тысяч юаняў (каля 3630 еўра). Лічыцца, што гэта першы пазоў па факце гендарнай дыскрымінацыі ў Кітаі.
"Мне сапраўды была патрэбная праца, каб пагасіць свой крэдыт, таму я была крыху злая. Думаю, што калі чалавек здольны рабіць працу, якой вымагае пасада, ягоны пол не мае значэння", — сказала 23-гадовая Цаа.
Нягледзячы на тое, што справа Цаа Ю незвычайная для Кітая, гэтага не скажаш пра саму праблему. Больш за 90% студэнтак, апытаных Усекітайскай федэрацыяй жанчын у 2011 годзе, лічылі, што яны падпалі пад дыскрымінацыю па прыкмеце полу з боку працадаўцаў.
"Хоць у нас і ёсць закон, які нібыта забяспечвае жанчынам роўныя з мужчынамі правы на атрыманне працоўных месцаў, у рэальнасці бачна, што шматлікія кампаніі адкрыта і нахабна пішуць у аб’явах "жанчыны непатрэбныя", — кажа адвакат Цаа Хуан Ішы.