Віктар

27 гадоў


*Імя героя змененае з мэтай захавання таямніцы асабістага жыцця і бяспекі

З гомасэксуаламі мы, транссэксуалы, часта трапляем у адны і тыя сітуацыі — адмаўлення і неразумення. Людзям похер — гомасэксуал ты, трансэксуал ты. Ты не такі, як усе. Незвычайны. Некаторым усё роўна, яны блытаюць трансвестызм, транссэксуальнасць, гомасэксуальнасць. Ты проста «не такі». У гэтым плане мы, напэўна, часам трапляем у абсалютна аднолькавыя непрыемныя сітуацыі. Але якасная розніца, канечне, ёсць. Магчыма, у транссэксуалаў больш пытанняў са здароўем пасля ўзнікае, аднак у сацыяльнай адаптацыі іначай. Больш магчымасцяў «зліцца» з такой самай чалавечай масай і жыць як жывеш. У гэтым плане ў гомасэксуалаў, дапусцім, ёсць пастаянная неабходнасць вяртацца да камін-аўту.

Вядома, у мяне была неабходнасць раскрыцца. Як яшчэ патлумачыць знешнія змены, тыя самыя гарманальныя змены? Таму ў любым разе такая неабходнасць у мяне была — не проста жаданне. Дапусцім, адкрыцца перад супрацоўнікамі на старой працы, перад бацькамі. Пазбегнуць гэтага было нельга.

Для мяне важным было разуменне — гэта адначасова і працэс, і вынік. Адразу ўсё гэта зразумець немагчыма, нават калі ты трохі падрыхтаваны. Хацелася проста запусціць працэс разумення, вось і ўсё. Разумення таго, што я не раблюся дрэнным ад гэтага. Я такім самым чалавекам застаюся на самай справе.

З бацькамі была асобная размова. Я ўсё прадумаў, распланаваў — калі паеду, калі і што буду гаварыць. Бацькі прынялі гэта траўматычна. З супрацоўнікамі, дапусцім, такога не было. Людзі ўспрынялі гэта больш спакойна, абсалютна лаяльна. Мы дагэтуль сустракаемся, выпіваем.

Бацькі прынялі ў штыкі. Там было два перыяды, першы — схаваны, калі людзі падазраюць, але пакуль ты гэтага не кажаш, «у Багдадзе ўсё спакойна». А пасля атрымліваеш эфект разарванай бомбы. Хоць нейкая маральная падрыхтоўка ўжо была… Але калі ты сябе проста так паводзіш — гэта адно. А калі ты канкрэтна выразна прагаворваеш — гэта іншае. Надзея памірае апошняй. Калі ты гэта агучваеш, то ўсё — гэта значыць, што твайго «пераходу» не пазбегнуць.

Адкрыцца цяжка. Часам і рыхтуешся да нейкай рэакцыі, але яна можа быць непрадказальнай, не такой, як ты чакаў.

Калі я мяняў пасведчанне аб нараджэнні, то сказаў: «Такая сітуацыя, вы ж разумееце, не хацелася б розгаласу». А супрацоўніца ЗАГСа гаворыць: «Я вас разумею, вядома, ніякага розгаласу не будзе. Але ж, вы мужчына, вы цяпер атрымліваеце дакументы. Чаго вы баіцеся? Робячы гэта, вы ўжо акт мужнасці праяўляеце. Не трэба баяцца». І выдала мне пасведчанне аб нараджэнні, адправіла з мірам. Можа, і мая мама так адрэагавала б, калі б гэта было чужое дзіця. І паставілася б з павагай і мудра. Хутчэй за ўсё…

Родным заўсёды цяжэй усе гэтыя штукі перажываць. Калі я пачую, што кагосьці збіла машына — ну так, херова. А калі яна мяне пераехала, гэта нашмат горш, чым проста чытаць навіны. Чаму я такую аналогію праводжу з машынай? Таму што, мяркуючы з майго досведу, гэтая рэч [транссэксуальнасць — рэд.] у нашым грамадстве ўспрымаецца не проста там… Яна як гора ўспрымаецца.

Цяпер [пасля аперацый і гарманальнай тэрапіі — рэд.] сэнсу ў камін-аўце няма… Няма неабходнасці. Ну а які цяпер сэнс? Я такі самы звычайны чалавек, як і ўсе. Расказваць пра гэта камусьці? А навошта? Мне б хацелася такіх момантаў пазбегнуць. Ні сябе не траўмаваць, ні людзей. Мы жывем у кансерватыўным грамадстве. Гэта не дрэнна і не добра — проста яно такое.

Людзі, якія не ведаюць, які я чалавек, ставяцца да мяне класна. Я нядрэнны чалавек, сапраўды. Пры ўсёй маёй нізкай самаацэнцы я разумею, што, відаць, я не самы дрэнны чалавек — я добры сябра, пастараюся нават для чужога нешта добрае зрабіць, калі трэба. Але ўся гэта фігня можа разбурыцца, калі людзі даведаюцца, хто я. Хочацца проста жыць і ўсё.



2017