Коля

23 гады


Тое, што актрыса Элен Пэйдж зрабіла камін-аўт, — вельмі добра, але яшчэ нядаўна я б нават не зрабіў перапосту гэтай навіны. Я быў яшчэ не да канца адкрыты, чамусьці заставаўся страх… Для мяне камін-аўт — гэта калі здымаеш з сябе маску, пра якую сам думаеш, што яна найлепшая, што ў ёй ты будзеш выглядаць вельмі добра.

Я сапраўды планаваў хаваць — у 14, 15, у 16 гадоў. Я не хацеў, каб мама пра гэта даведалася. Мне здавалася, што гэта нейкая… нестыкоўка. Нестыкоўка ўва мне. Быццам я атрымаў двойку і спрабую гэта ўсяляк схаваць. У мяне ёсць два старэйшыя браты, яны ўвесь час атрымлівалі пяцёркі, а тут табе трэба сказаць: «Я атрымаў двойку». А я хацеў, каб усе і надалей думалі, што я атрымліваю пяцёркі. Вось і ўсё.

Але ўрэшце я прыняў сябе. Я хацеў адносінаў з адным чалавекам, хацеў пазнаёміць яго са сваёй сям’ёй, з мамай. Я не мог уявіць, што ў мяне будуць адносіны, а мая сям’я можа ніколі пра гэта не даведацца. Мне хацелася быць бліжэйшым да сваёй сям’і.

Гэта было восенню, у кастрычніку, пасля майго дваццацігоддзя. Я сказаў сабе: сёння раскажу. Папрасіў маму: хадзем пагуляем. І мы пайшлі ў краму. Я думаў, што скажу па дарозе туды, а тут гоп — ужо крама. Ну, ладна. Усё думаю, у які момант сказаць, як паднесці. Ідзем вуліцай. Я спрабую штосьці вымавіць, каб хоць неяк зачапіцца, а яна адразу ў жарт пераводзіць, і я разумею: чорт, момант няўдалы. Мы вяртаемся дадому, я заходжу да сябе ў пакой, сяджу і разумею, што трэба сабрацца з думкамі і сказаць. Мама глядзела тэлевізар, я зайшоў да яе, выключыў тэлевізар, сеў з ёй побач і пачаў гаварыць: «Мама, ты ж мяне ведаеш, усё, што я рабіў, рабіў менавіта я, і я буду гэта рабіць. Я застануся тым самым Колем, якім ты мяне ведаеш».

Мама пытае: «Пра што ты?» Я кажу: «Мама, я не люблю дзяўчат». Яна: «Коля, ды супакойся, у тваім узросце якія дзяўчаты». Я: «Мама, ты не зразумела, я не магу любіць дзяўчат, я не хачу. Я люблю хлопцаў». Памятаю, мама мяне абняла і сказала: «Няўжо ты столькі гадоў гэта хаваў?»

Нараніцу нібыта нічога і не было. Мы больш не краналі гэтай тэмы, а пасля пачалі паціху гаварыць. Я пачаў знаёміць маму са сваім жыццём, таму што спачатку нічога ёй не расказваў, ды яна і не цікавілася. Потым пазнаёміў яе са сваім хлопцам і, калі яна прыняла яго як частку сям’і, я зразумеў, як гэта важна. Гэта дарагога каштуе.

Самым складаным было прамовіць фразу, якой не вымаўляў ні разу ў жыцці. Таму я і не змог маме сказаць… слова. Гей. Я сказаў: «Я не люблю дзяўчат». Я не мог. Я і самому сабе гэтага не гаварыў — а тут узяць і сказаць услых? Я — гей. Гей. Пасля я зразумеў, што гэта складана не толькі вымавіць, але і пачуць.

Я адкрыў таямніцу, і цяпер яе ведалі двое. Спачатку мама не разумела, што з ёй рабіць. Яна нібыта стала мною. Ёй не было з кім падзяліцца. Яна маўчала. Яна ўсё думала… а пасля пачала гаварыць. Для яе гэта таксама быў камін-аўт. Гэта наступная стадыя — камін-аўт бацькоў. Прыняць сына, а наступны крок — падзяліцца. Ёй трэба было з кімсьці пагаварыць, і яна пачала дзяліцца. Першымі былі мае браты.

Пасля я гаварыў гэтую фразу іншым людзям. Часцей і часцей. Стаў вымаўляць больш спакойна. Гэта зрабіла маё жыццё прасцейшым, дазволіла мне рухацца далей. Першы камін-аўт — ён самы складаны. Пасля ўсё лягчэй і лягчэй адбываецца.

Гэта сапраўды цікавы феномен: патрэбен камін-аўт, каб людзі разумелі, што ты гей. Але самае цікавае — навошта разумець, што ты гей? Для чаго? Каб цябе аднеслі да нейкай касты? А, ён гей — гэта да геяў. Гэта лесбіянка — яе да лесбіянак. Мужчына — да мужчынаў. Жанчына — да жанчынаў. Для мяне няважна, якой сэксуальнай арыентацыі чалавек. Няважна, якога ён полу, якой гендарнай ідэнтычнасці, да каго ён сябе адносіць ці не адносіць. Я ўсё адно буду ставіцца да яго як да чалавека.



2014