Андрэй

23 гады


Камін-аўтам я магу назваць толькі размову з мамай. Усё астатняе адбывалася абсалютна спантанна — з блізкімі людзьмі, з сябрамі. Часам гэта было цяжэй, часам прасцей — гэта па-рознаму, залежыць ад чалавека. Але не здаралася такога, што мне трэба было некаму нешта сказаць. Проста сябруеш з чалавекам, расказваеш яму пра сябе, пра свае перажыванні… Праз месяц такога блізкага сяброўства ўзнікае жаданне расказаць пра сябе ўсё. Але я б не сказаў, што гэта камін-аўт.

Была смешная сітуацыя з аднакласніцай — яна думала, што я ў яе закаханы. Мне было вельмі цяжка ёй нешта сказаць. Я памятаю, як мы гулялі і я ёй сказаў: «Пайшлі пасядзім ля рэчкі». Доўга збіраўся з думкамі, усміхаўся. І яна сядзіць — таксама ўся хвалюецца. І я кажу: «Ведаеш, вось я гей». Яна такая адразу: «Ха-ха, божачкі, дзякуй! А то я ўжо думала адшыць…»

Цяпер у мяне такая сітуацыя, што ўвогуле нікому нічога не трэба расказваць. Усе ўжо самі ведаюць. Я проста не афішую, але і не хаваю.

А камін-аўт — гэта такое афіцыйнае нешта. Калі ты выходзіш… Ну, вось як я гэта сабе ўяўляю: стаіш ты на белым фоне... Адзін. На цябе глядзяць камеры. І ты кажаш: «Так, разумееце, такія справы…» Такі маналог аднаго актора. Як у тэатры. З мамай так і было.

Я спецыяльна прыехаў да яе. Я ўжо вучыўся ў Піцеры, прыехаў у Мінск. Гэта была асноўная мэта. І я яе не папярэджваў, проста прыйшоў і сказаў: «Мама, я хачу з табой пагаварыць». Мы пайшлі прагуляцца, і я сказаў, што не хачу ніколі жаніцца і ў мяне ніколі не будзе [дзяўчыны — Рэд.], а будзе вось [хлопец — Рэд.]. І яна адразу спытала: гэта Коля? Я кажу: так, гэта ён.

Яна засмуцілася, канечне, сказала, што марыла пра дачку... Кажа: «Вось я хацела і вось — атрымала». Што я быццам бы цяпер не зусім мужчына ў яе разуменні. Я думаю, яна сябе трохі вінаваціць — ну, ведаеш, што недастаткова надавала ўвагі мужчынскаму выхаванню.

Расказаць ёй было вельмі важна. Адна справа, калі ты адзін і ў цябе нейкія выпадковыя сувязі, кароткія раманы — навошта ёй расказваць, калі няма вось гэтага чалавека. А калі ён ёсць (тады мы ўжо год як сустракаліся), разумееш, што гэта чалавек, які займае важнае месца ў тваім жыцці, які ўжо не можа быць такім вось невядомым фактарам. Ну і… у любым разе, «всё тайное становится явным». Лепей ужо няхай ад мяне даведаецца.

Камін-аўт — гэта, па сутнасці, перажытак мінулага, калі традыцыі былі настолькі моцнымі, што паведамленне пра гэта рабілася падзеяй. А цяпер гэта нельга назваць падзеяй, гэта натуральны працэс. Тут уплываюць, канечне, сацыяльныя сеткі таксама. У мяне ў сябрах ёсць нават некалькі маіх выкладчыкаў, а ў маім «Кантакце» стаіць статус. Пытанняў не паўставала ні разу. Хаця, канечне, афішаваць таксама не прынята. Такія двайныя стандарты — усе разумеюць, але…



2014