А.

26 гадоў


Дзве супрацоўніцы цягам месяца прызналіся, што закаханыя ў мяне, і гэта быў проста шок. Я да іх ставіўся проста як да супрацоўніц — дзесьці мог ручку падаць, дзесьці ўсміхнуцца, дзесьці пажартаваць. Для мяне гэта не было фліртам, не было ніякай сэксуальнай падаплёкі. А дзяўчаты насамрэч закахаліся, і я ім шчыра адказаў, што, маўляў, выбачайце, калі ласка, але я гуляю за іншую каманду. Нічога не можа быць. З адной мы цяпер добрыя сябры, а другая са мной нават не размаўляла некалькі месяцаў, бо для яе гэта быў шок.

З дзяўчатамі ёсць такая штука: калі кажаш ім, што ты гей, яны адразу перастаюць цябе ўспрымаць як сэксуальны аб’ект. Мы можам проста размаўляць, і я не буду мець на ўвазе, што ў нас калісьці нешта будзе — ці адносіны, ці сэкс, ці яшчэ нешта… Але паміж намі ёсць такі флірт, гульня такая… Маленечкая, якая можа ўсплываць раз на пяць сустрэч, але ёсць чырвоная нітачка. Яна трымае пэўную… як бурбалкі ў шампанскім. А калі ты кажаш «Я гей», гэтая гульня знікае. Яны ў той жа момант пазбаўляюць цябе сэксуальнасці, могуць нават перанесці ў ранг сваёй сяброўкі. Ёсць пэўныя стэрэатыпы. Калі ты гей, то з табой трэба размаўляць пра касметыку, пра баа, не ведаю, абцасы… Можна абмяркоўваць сваіх мужыкоў. Не хачу я абмяркоўваць тваіх мужыкоў! У мяне былі тэмы, на якія мне было цікава размаўляць, і давай нашыя адносіны застануцца ў гэтым фармаце. Бо я, канечне, магу быць геем, але мой гендар застаецца такім жа, як і быў.

З хлопцамі… Быў адзін знакавы ў маім жыцці. Мне было недзе 17-18, ён быў маім найлепшым сябрам на той момант. Я, напэўна, 90% свайго часу бавіў з ім. Мы насамрэч былі вельмі блізкімі сябрамі. Так здарылася, што аднойчы, на дні народзінаў агульнага сябра, мы пазнаёміліся з дзяўчынай. Была вялікая тусоўка, вялікі дом, нейкія шашлыкі хтосьці гатаваў. Кампанія разбілася на некалькі суполак, і мы так дрэйфавалі з адной у адну… Пад канец вечара дзяўчына паклала вока на мяне і на яго, на абодвух, так. І мы засталіся каля вогнішча ўтрох. Пачаўся дождж, усе пайшлі ў дом, а мы пра штосьці размаўлялі. Была такая дзіўная рамантыка паміж намі, нейкая хімія працавала. Нараніцу мы вырашылі, што мы сустракаемся, утраіх. Гэта была дзіўная гісторыя. Я быў закаханы ў гісторыю і ў хлопца. Мы разам хадзілі ў кіно, трымаліся за ручкі, праводзілі дзяўчыну дадому, яна цалавала спачатку аднаго хлопца ў вусны, другога, потым хлопцы цалавалі адзін аднаго і разыходзіліся ў розныя бакі. Разам глядзелі «Летуценнікаў» Берталучы, якія трошкі нагадвалі тое, што было між намі, пілі віно, яна пазнаёміла нас са сваёй маці. Ну, гэта была зусім дзіўная гісторыя. Яна цягнулася ўсяго 5 дзён. Але рамантыкі там было шмат. Трошкі эротыкі — але не сэксу — і шмат рамантыкі. На пяты дзень гісторыя скончылася. Высветлілася, што ў дзяўчыны гэтай ёсць яшчэ хлопец апроч нас дваіх. Паставілі ўльтыматум — ці мы, ці ён. Яна абрала яго.

Я разумеў, што пачуцці ў мяне захаваліся да хлопца. Я потым яму расказаў, што я гей. Ён адрэагаваў быццам добра, сказаў, што ўсё ok, але мы рабіліся ўсё больш чужымі адзін аднаму, потым разбегліся ў розныя бакі, і гэтая гісторыя цалкам скончылася. Гісторыя летуценнікаў.

Для мяне самая галоўная складанасць — мае сваякі. На працы я мог бы спакойна адкрыцца, гэта мяне зусім не бянтэжыць. Але я думаю, што, калі адкрыюся на працы, даведаюцца сваякі. Мы з маці жывем у розных гарадах, размаўляем толькі па тэлефоне, бачымся раз на некалькі месяцаў. Цяпер у мяне проста няма неабходнасці перад ёй раскрывацца. Але я хачу дзяцей. Я ведаю, што не ў гэтай краіне, але ў мяне будуць дзеці. І вось тады я хачу, каб мая маці стала часткай гэтага жыцця, часткай маёй сям’і. Тады будзе сэнс ёй усё гэта расказаць. А цяпер няма ні сэнсу, ні нагоды.

Я вельмі люблю нашую краіну, і мне тут насамрэч вельмі клёва. Але ёсць тое, што я не змагу тут рэалізаваць. Ні я, ні хто іншы не зможа змяніць аб’ектыўныя рэчы. Можа быць, праз 5 гадоў у нас будзе прынятае антыдыскрымінацыйнае заканадаўства. Можа быць, пачнуцца нейкія дэмакратычныя працэсы. Але грамадству патрэбны нашмат большы час, каб прыняць… Мяне — ладна, я пражыў усё сваё жыццё з непрыняццем, з крытыкай. Але я не хачу, каб гэта ўсё бачылі мае дзеці, каб у іх тыкалі пальцам і казалі: а ў яго/у яе бацькі геі. І абражалі. Таму толькі праз гэта… Калі я зразумею, што ўсё — хачу сям’ю і дзяцей, мне давядзецца з’ехаць адсюль і рэалізоўваць гэта ў краіне, дзе мае дзеці будуць пачувацца бяспечна. Дзе я змагу нармальна працягваць сваё жыццё.



2014