Алег

29 гадоў


Мяне пачалі называць «геем», «педзікам», «галубым» яшчэ да таго, як я сам зразумеў, што такое можа са мной адбыцца. Я заўсёды выглядаў па-юнацку — ні валасінкі на твары, вочы — здаровыя, валасы віліся. Мяне вельмі часта прымалі за дзяўчыну. Мне было вельмі крыўдна. Я лічыў гэта абразай. Гэта не адчувалася як штосьці дрэннае, хутчэй як «не маё», маўляў, «што вы мяне абражаеце, калі я не такі». У тым узросце пра сэксуальнасць я ўвогуле не задумваўся.

Адзін з першых штуршкоў я адчуў пасля прачытання «Тома Соера»: я зразумеў, што мне хочацца паразмаўляць з кімсьці пра мужчыну і мужчыну. Я ідэнтыфікаваў сябе з Томам Соерам, уяўляў, што мой сябра — Гекльберы Фін. Мне было, безумоўна, няёмка, і я не мог ні з кім паразмаўляць пра гэта.

Аднойчы, калі я вучыўся ў школе, сяброўка прынесла пачытаць мне часопіс [Forum Lambda — Рэд.]. Калі я прыйшоў дадому, ува мне ўсё перавярнулася, унутры штосьці ёкнула. Я вельмі добра памятаю тыя эмоцыі і пачуцці, калі прачытаў частку артыкулаў і сабе самому ўслых сказаў: «Я — гей». Гэта было страшна. Я спалохаўся гэтых словаў.

Сказаць каму-небудзь пра гэта наўрад ці было магчыма. Мне вельмі хацелася падзяліцца, але я баяўся. Мне было сорамна. Цяпер не нараджаюцца словы, чаму мне было сорамна. Я доўгі час спрабаваў пра гэта не думаць. Пасля пачаў разбірацца ў сабе — хто я такі, чаму мяне так кранае мужчынская прыгажосць, мужчынская сэксуальнасць.

Так пачаўся новы віток майго жыцця. Я адкрыў новую старонку, новы вектар, новую частку сябе. Я зайшоў на сайт гэтага часопіса і пабачыў, колькі ўсяго адбываецца ў Беларусі. Для мяне гэта было пацверджаннем, што я не адзін: ёсць людзі, якія ходзяць са мной па адных вуліцах, дзесьці побач, але зусім не бачныя. Яны не паказваюць сябе, можа быць, яны хаваюцца, можа быць, ёсць якія кватэры… Я ізноў адчуў страх. Закрыў старонку і некалькі дзён туды не заходзіў.

Першы раз я сустрэўся з хлопцам, калі адказаў на абвестку ў інтэрнэце. У нас завязалася перапіска, я прапанаваў сустрэцца. І вось ён стаяў насупраць мяне — жывы чалавек. Мы гулялі, размаўлялі. Вось тады я, канечне, адчуў палёгку, бязмежную свабоду.

Апагеем усяго гэтага, кульмінацыяй стала каханне. Я адчуў мільярды матылькоў у жываце, я спазнаў шчасце кахаць і быць каханым. Мне хацелася пра гэта крычаць. Канечне, дома бачылі, пыталіся, чаго я такі вясёлы, куды ўсё хаджу, вяртаюся такі радасны. І аднойчы, калі мы сядзелі на кухні і бабуля піла каву, яна спытала: «Куды ты збіраешся?» Я сказаў: «На свіданку». Ну, і пачалася размова. Я сказаў: «Бабуля, я так кахаю, я такі шчаслівы». Яна спытала: «Гэта хлопец?» Я сказаў: «Так». Яна сказала: «Я так і знала». І ўздыхнула. Вельмі цяжка і вельмі глыбока. Мама гэта пачула і заплакала. Я злавіў сябе на думцы, што мімаволі зрабіў камін-аўт.

Жыць, безумоўна, стала прасцей. У мяне на адну таямніцу стала менш. Галоўнае — прызнацца сабе самому. Я сказаў гэта сабе, мне зрабілася лёгка. Для мяне вельмі істотная ўнутраная свабода, і я толькі пачынаю вучыцца быць свабодным унутры — паводзіць сябе як хачу і казаць што хачу. Часам, праўда, гэта небяспечна. Узяцца за ручку і прайсціся па горадзе — гэта проста небяспечна для здароўя. Хапала выпадкаў, калі на вуліцы мяне спынялі проста за тое, што я іду.

Раней я вельмі страката апранаўся, пашляком быў страшным — у мяне былі чырвоныя вельветавыя нагавіцы, жоўтая майка «вырві вока», зімой ці ўвосень я нават футра белае насіў. У мяне сяброўка вельмі любіла леапардавы колер. Я браў у яе майку леапарда, штаны леапарда, усё леапардавае. Насіў чырвоныя панчохі. Гэта не быў для мяне элемент жаночай вопраткі, проста мне было так зручна. Стракаты колер ствараў для мяне вельмі пазітыўны настрой. Гэта давала ўпэўненасць у сабе, я думаў, што калі ўжо дачэпяцца, то хай чапляюцца па максімуме.

Для мяне вельмі істотна пачувацца свабодна ва ўсім — як у вопратцы, так і целам-душой. Камін-аўт — гэта адзін са складнікаў майго камфорту. Апрані мяне цяпер у спартовы касцюм — я буду хадзіць нармальна ў спартовым касцюме. Я ад гэтага не памру. Тое ж самае і з камін-аўтам. Калі б я быў закрытым — хадзіў бы сабе ў спартовым касцюме. Хадзіў бы так, жыў бы, а пасля б мяне пахавалі ў спартовым касцюме.

Мая камора, мая шафа ўвесь час была напаўадчыненая. Магніцік дзвярны кепска працаваў, яна ўсё больш адчынялася, ну а хтосьці праходзіў, яму перашкаджала, прычыняў дзверы, але яны зноў адчыняліся. Я сядзеў у гэтай шафе, не вельмі моцна трымаў дзверы, але і не надта іх штурхаў. Мне было там утульна — сярод нафталіну, футраў і пары-тройкі маіх сяброў — дзве-тры молькі было. І я ў гэтым сваім белым футры сяджу, на высокіх абцасах. Спачатку мне было зручна, але потым стала мала месца. Адзін раз вылез, панюхаў свабоды, другі раз вылез, панюхаў свабоды. Потым адчыніў дзверы і пайшоў.

Калі ты робіш камін-аўт, то паказваеш свайму атачэнню, што ты ёсць часткай іх жыцця — часткай горада, часткай краіны. Ты — частка ўсяго жыцця, асабліва тых людзей, якія з табой знаёмыя. Ты прыгожы, класны чалавек. У фільме «Клубная манія» галоўны персанаж казаў: «Калі ў цябе ёсць горб, кінь на яго пару блёстак і ідзі танчыць». Я запомніў гэта надоўга. Па-мойму, вельмі класны дэвіз. Дазволь сваёй прыгажосці, сваёй натуральнасці, сваёй прыроднасці існаваць, а не трымай у сабе.



2014